“Сумую па паху лазы”

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Тэма ўзаемадзеяння кіраўніцтва раёна і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі — бясконцая ды надзвычай паказальная. Асабліва калі ўзаемадзеянне гэтае — узаемакарыснае, заснаванае на двухбаковым паразуменні. “К” пісала неяк, што менавіта ў такім шчыльным творчым саюзе дзейнічаюць работнікі культуры Глыбоччыны. Старшыня мясцовага райвыканкама Алег Морхат — аўтар многіх культурных пазабюджэтных праектаў, скіраваных на стварэнне станоўчага іміджу раённага цэнтра. Спачатку ўзніклі рэкламныя банеры ля горада, якія распавядалі пра тутэйшыя брэнды: “Вішнёвы фэст”, згушчонку, унікальныя абрады. Праект аказаўся доўгатэрміновым.

/i/content/pi/cult/662/14672/125.jpgВыконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Мацюшонак паведамляе, што наступны праект, ініцыяваны кіраўніком раёна, называўся “Святыні Глыбоччыны”. Улетку ён быў рэалізаваны. Пры падтрымцы прадпрыемстваў і арганізацый на агароджы гарадскога стадыёна ўзніклі плакаты з фотавыявамі мясцовых храмаў. Работнікі культуры курыравалі мастацкі бок праекта. І гэта яшчэ не ўсё. Бібліятэкі выпусцілі сувенірныя наборы паштовак, якія дублявалі змест фотабанераў. На пазабюджэтнай аснове былі зроблены і ўказальнікі вуліц райцэнтра, асобныя — з гадзіннікамі. А падчас апошняга “Вішнёвага фэсту” галоўную плошчу Глыбокага ўпрыгожыла дэкаратыўна-манументальная кампазіцыя: каваная ратонда “Дружба народаў”. І зноў бюджэтныя грошы не спатрэбіліся.

Тэму рэкламы доўжыць Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў “Любна”, якая піярыць свае дасягненні ў сацыяльных сетках. Апошні відэаролік дэманструе майстар-клас па лозапляценні. Цікавае відовішча! І не менш цікавы каментарый адной з карыстальніц Сеціва: “Сумую па паху лазы!” Відаць, рэпліка належыць колішняй работніцы прадпрыемства. Рамеснікі — людзі адметныя, са сваім поглядам на жыццё і прафесію. Згадваю расповед пра аднаго ганчара, пачуты ад сяброўкі-журналісткі. Ён, аддаўшы мастацтву глінамеса ці не ўсё жыццё, казаў: “Так даўно працую з глінай, што, падаецца, я сам з яе зроблены!”

Па гэтай логіцы спрэс з нот і акордаў зроблены выхаванцы Бабруйскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя Яўгена Цікоцкага. Настаўнік установы па класе фартэпіяна Ларыса Міхлюк паведамляе: “Арганізаваў школу кампазітар Яўген Цікоцкі, які апынуўся ў Бабруйску пасля Грамадзянскай вайны. За 90 гадоў існавання школу скончылі больш за шэсць тысяч вучняў, сярод якіх Уладзімір Алоўнікаў, Леў Гарэлік, Сямён Асновіч, Якаў Раскін, Ядвіга Грыгаровіч, Лідзія Сухаварава… Выхавана плеяда лаўрэатаў самых розных конкурсаў. Перш за ўсё гэта нашы стыпендыяты, узнагароджаныя спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: Уладзімір Храмцоў і Ганна Кудрына (балалайка), Марыя Троць (фартэпіяна), Сяргей Гузееў і Марына Фядосенка (акардэон), Ілья Кокін (домра). Сёння ў школе — 924 навучэнцы, 111 настаўнікаў, большая палова з іх — колішнія нашы выпускнікі. Бабруйск сёлета — культурная сталіца Беларусі. І ў гэтым ёсць заслуга дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя Яўгена Цікоцкага”.

/i/content/pi/cult/662/14672/126.jpg

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці распавядае пра дасягненні Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — народны аркестр рускіх народных інструментаў — нядаўна годна выступіў на XXVI Міжнародным конкурсе Citta di Lanciano ў Італіі. У конкурсе бралі ўдзел прадстаўнікі 15 краін свету. Між тым, наш аркестр быў ушанаваны званнем лаўрэата І ступені і ўзнагароджаны прызам міжнароднага конкурсу. Лаўрэатам І ступені стаў і ансамбль народных інструментаў “Крынічка”, які складаецца з салістаў вышэйназванага аркестра. З сольнымі праграмамі выступілі навучэнцы класа выкладчыка Алы Догілевай — Віялета Жагждрынь і Яўген Вадзейка. Яны сталі лаўрэатамі ІІ ступені. Спецыяльным прызам конкурсу за ўклад у конкурсна-фестывальны рух адзначаны мастацкі кіраўнік ансамбля і аркестра Алена Сечка.

Ала Агаркава піша пра клуб здароўя і культуры “Маэстра” Дома культуры ветэранаў горада Мінска. Тут ладзяцца цікавыя сустрэчы, выезды на прыроду, культпаходы ў тэатры і на выставы. Гэта — традыцыя. Але кожны год кіраўнік “Маэстра” Галіна Махаева здзіўляе і незвычайнымі праектамі. Сёлета такім стала сумесная з адміністрацыяй ДК акцыя-канцэрт “Тыя, хто перамаглі час”. У цэнтры ўвагі былі 19 працуючых чалавек узростам ад 85 да 100 гадоў. У пошуках дапамаглі цэнтры сацыяльнай абароны. Па выніках анкетавання аказалася, што здароўе і ўнутраную гармонію захавалі збольшага ваенныя, спартсмены, навукоўцы і прадстаўнікі мастацтваў, урачы, настаўнікі, пажарнікі… Падчас канцэрта героі акцыі прысутнічалі на сцэне, глядзелі відэафільм пра сябе, зняты напярэдадні. А потым былі канцэрт і сардэчныя віншаванні.

Дом культуры аграгарадка Копці, што на Віцебшчыне, адзначыў сваё 40-годдзе. Пра гэта паведаміла Алена Алімава. Цяпер установай кіруе Наталля Сакалова. У самых розных гуртках яна займалася тут з шасці гадоў. А ў нашы дні ўзначальвае вакальны калектыў, фатаграфуе, малюе, калі трэба — шые сцэнічныя касцюмы. Зрэшты, такая шырокая спецыялізацыя для сельскіх работнікаў культуры — не рэдкасць.

У Любчы Навагрудскага раёна прайшло свята “Любчанскі шпацыр Радзівілаў”. Прысутнічалі на ім не толькі мясцовыя жыхары, але і госці са сталіцы. Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская піша: “Усё пачалося з экскурсіі па Любчанскім замку. Як вядома, з чатырох баявых вежаў ацалелі толькі дзве. Іх аднаўленне пачалося ў 2003 годзе… На беразе Нёмана адбылася тэатралізаваная гістарычная дзея. Выступілі самадзейныя артысты Любчанскага гарпасялковага дома культуры. А народны ваенна-гістарычны клуб “Мэта” арганізаваў сярэднявечныя гульні і стральбу з лука”.

У Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы адбыўся абласны адборачны этап XV Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі” ў намінацыях “Скрыпка” і “Віяланчэль”. Па словах Таццяны Печкур, заключны этап конкурсу запланаваны на 4 — 8 снежня ў Гомелі. Ад Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў туды паедуць Марыя Чэрская (настаўнік Таццяна Чэрская) і Арсэн Худзінян (настаўнік Ірына Асмольская).

Алена Басікірская паведамляе, што ў сталічнай публічнай бібліятэцы № 4 імя Мікалая Гогаля выступіла бард Ганна Чумакова. Яна — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, а яшчэ — рамеснік, займаецца дэкорам, афармляе інтэр’еры. Так што субяседнік яна — больш чым цікавы. Прынамсі, чытачы былі задаволены.

Праект Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі называецца “Жывая класіка”. Яго рэалізацыя прымеркавана да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ Тамара Круталевіч (яна ж і аўтар згаданага праекта) распавядае толькі пра адзін складнік доўгатэрміновай акцыі: паколькі паэты-песняры захапляліся гульнёй у шахматы, у раённым цэнтры рамёстваў прайшла літаратурна-творчая вечарына “Шахматныя фантазіі”.

Як паведамляе наш пастаянны аўтар, старшыня арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч, да 6 лістапада ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры працягваецца выстава “Героі выходзяць з ценю”, прысвечаная памяці Тадэвуша Рэйтана, Самуэля Корсака і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага — трох паслоў з беларускіх земляў ВКЛ на Варшаўскі сойм 1773 года. Іх мужны пратэст супраць першага падзелу Рэчы Паспалітай назаўсёды ўвайшоў у сусветную гісторыю, натхніўшы мастака Алеся Родзіна на стварэнне серыі графічных работ, якія можна ўбачыць у музеі.

У Дзятлаве прайшоў “Зецельскі (так калісьці называлася мястэчка — Я.Р.) фэст”. Ягоная асноўная мэта — пераўтварыць сямейны адпачынак у свята. Аўтар допісу Настасся Голуб пераканана, што так усё і атрымалася. Кожная вёска прэзентавала свой брэнд. Ім сталі блінцы, мёд, гарбузы, яблыкі, лён, кукуруза… Але галоўнай падзеяй акцыі быў квэст “Скарбы Радзівілаў”. Падчас яе ахвотныя ў чарговы раз дакрануліся да гістарычнай спадчыны роднага краю. Не абышлося і без наварыстай юшкі, конкурсных ды танцавальных праграм.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"