Што такое “атмасферны” музей?

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Майстар-класы клубнага прафесіяналізму
Брэстчына: выязное пасяджэнне рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці У гэтую паездку я выпраўляўся як вясковец-хутаранін на кірмаш: з неўтаймоўным жаданнем прывезці “поўны воз” ідэй ды ўражанняў, каб на доўгую зіму хапіла для разваг, супастаўленняў і аналізу сітуацыі, якая склалася на сёння ў клубнай рабоце. Сябры савета, што, як вядома, дзейнічае пры Міністэрстве культуры, працавалі гэтым разам на Брэстчыне. На прыкладзе чатырох раёнаў вобласці даследавалі дзейнасць клубнікаў, каб падрыхтаваць рэкамендацыі па ўдасканаленні справы ў самых розных яе кірунках.

/i/content/pi/cult/662/14671/122.jpgМэты нашы, па-сутнасці, супадалі, і паездка ў выніку аказалася надзвычай плённай. Дзякуй намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргею Панасюку, які быў і застаецца добрым сябрам нашай рэдакцыі. Тым больш, што разам з дырэктарамі абласных метадычных цэнтраў па ініцыятыве кіраўніка савета Алега Хмялькова, вядомага аматара назапашвання замежнага досведу, на Брэстчыну выехалі дырэктар Навукова-метадычнага цэнтра па культуразнаўстве Міністэрства культуры Азербайджанскай Рэспублікі Асіф Усубаліеў і намеснік дырэктара Дзяржаўнага расійскага дома народнай творчасці Людміла Дукачова. Іх каментарыі ўбачанага падаліся цікавымі ды слушнымі. Да таго ж, у рабоце савета бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Васіль Чэрнік і кансультант упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Іван Галабурда.

А цяпер давайце паразважаем вось пра што. У нас на сёння няма рэспубліканскага метадычнага цэнтра. Мяркую, ягоную ролю выконвае савет па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці. Як зазначыў Асіф Усубаліеў, такому інструментарыю любое міністэрства культуры можа толькі пазайздросціць. Да прыкладу, у Азербайджане падобнага савета няма. А ў Беларусі ён каардынуе дзейнасць сеткі клубных устаноў, узбройвае іх методыкай, абагульняе досвед, выпрацоўвае аптымальныя рашэнні і прасоўвае новыя ідэі ў жыццё. Пры слабой заканадаўчай базе такі падыход да справы падаецца своечасовым. А вось наколькі ён эфектыўны, пакажа час.

І ўвогуле, па меркаванні Асіфа Усубаліева, праблемныя пытанні рэгіянальнай культуры Беларусі і Азербайджана — амаль аднолькавыя. Вось яны, асноўныя пункты сутыкнення інтарэсаў: кадры, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, рэбрэндынг, турыстычны вектар развіцця, імідж краіны, прэстыж прафесіі… І ў якасці рэзюмэ: нацыянальная культура са сферы абслугоўвання павінна выйсці на стратэгічны ўзровень галіны, якая фарміруе нацыянальную ідэалогію (не блытаць з нагляднай агітацыяй і татальнай барацьбой з “заганамі”) і наўпрост уплывае на эканамічнае мацаванне краіны. Але на сёння мы толькі падступаемся да “нулявога цыклу” будаўніцтва. Пра гэта  і гаворка.

Ці проста брэнд прыдумаць?

Няхай гэты раздзельчык стане своеасаблівым эпіграфам да ўсяго артыкула… У журналісцкай дарозе не бывае другарадных сітуацый. З кожнай нават выпадковай сустрэчы штосьці калісьці абавязкова ды прарасце. Вось і ў гэтай паездцы, падчас кулуарных і незапланаваных сустрэч, давялося пазнаёміцца з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама Аксанай Шчэрба. Раней мы стасункаваліся толькі па тэлефоне. І вочнае знаёмства падалося вельмі карысным. І не толькі таму, што Аксана Аляксандраўна запрасіла мяне адну з чарговых камандзіровак прысвяціць менавіта культуры Баранавіцкага раёна. Натуральна, пагадзіўся, бо, як падаецца, Аксана Шчэрба — з ліку тых, хто хварэе за справу. Апошнім часам мясцовай культуры на такіх кіраўнікоў, па маім меркаванні, не надта шанцавала. А цяпер на Баранавіччыне шмат робіцца па нармалізацыі становішча. Да прыкладу, у ранг брэнду ўзводзіцца кавальства, якім калісьці славілася вёска Крошын. Улетку тут ужо прайшло адпаведнае раённае свята. Паеду абавязкова. Цікава даведацца і як удасканаліў працу раённы цэнтр рамёстваў у вёсцы, ды ўрэшце высветліць канчаткова, чаму клубная ўстанова ў Моўчадзі падчас маіх колішніх двух візітаў заставалася зачыненай у рабочы час.

Што ні кажы, а такому буйному раёну, як Баранавіцкі, даўно варта стаць неаспрэчным заканадаўцам “культурнай” моды, як гэта зрабілі ў свой час тыя рэгіёны вобласці, куды і скіраваліся па досвед сябры савета.

/i/content/pi/cult/662/14671/123.jpgА хлопчыку пашанцавала!

Год таму давялося пабываць у Іванаўскім раёне. Шчыра кажучы, думаў, што чарговы візіт будзе не надта цікавым. Я памыліўся, і памылка гэта — з ліку шчаслівых.

Па-першае, памяняўся дырэктар раённага музейнага комплексу Напалеона Орды ў Варацэвічах. Цяпер ім кіруе Вольга Краўчук. З папярэднім дырэктарам мы проста завязлі ў дыскусіі пра тое, што варта было б будаваць музей у раённым цэнтры, а не “на выселках”. Я застаюся прыхільнікам апошняй пазіцыі: установа ўзнікла там, дзе і павінна была ўзнікнуць, непадалёк ад родавага гнязда Орды ў Чырвоным Двары (дарэчы, і тут, хоць і доўга, але ж вядзецца рэканструкцыя маёнтка).

Па-другое, навуковы супрацоўнік музея Ларыса Дрычыц пераканала прысутных, што ўсё будзе зроблена для таго, каб у выставачных залах з’явіліся арыгінальныя малюнкі Напалеона Орды. Вось Музей гісторыі Магілёва здолеў згуртаваць грамадства і спонсараў на набыццё зусім не танных экспанатаў. Чым горшае Іванава? Проста на ўсё патрэбны час.

Па-трэцяе, у карціннай галерэі комплексу з’явіўся пакой, прысвечаны Савецкаму Саюзу з помнікам Леніну, піянерскім горнам і іншай адпаведнай атрыбутыкай. Мне ён не падаўся настальгічным. Менавіта савецкасць замінала нам у свой час дакладна ведаць, хто такія Радзівілы, Касцюшка, Кіт… А музейны комплекс у Варацэвічах змагаецца (іншага слова і не падбярэш) за тое, каб у нашым Мінску вуліцу Орды не блыталі з вуліцай Арды.

Асіф Усубаліеў з гонарам зазначыў, што ў яго краіне такія мемарыяльныя ўстановы ёсць амаль у кожным сяле, але яны не такія маштабныя і ўтрымліваюцца збольшага за грошы спонсараў. А Людміла Дукачова згадала пра вялікую асветніцкую і выхаваўчую ролю комплексу і назвала Музей Орды “атмасферным”.

Мы потым з загадчыкам кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці Універсітэта культуры і мастацтваў Аленай Макаравай доўга разважалі пра тое, што такое патрыятызм. Вось жыве, да прыкладу, ля музея ў Варацэвічах маленькі хлопчык, пастаянна бачыць, як заязджаюць сюды шматлюдныя экскурсіі, і пачынае разумець, хто такі Орда, для чаго ён жыў і працаваў. І наступныя ягоныя думкі — прадказальныя: “А чым я горшы?” Напэўна, так становяцца беларусамі. І, відаць, пра гэта думаў колішні начальнік мясцовага аддзела
культуры Уладзімір Шэляговіч, калі адстойваў і распачынаў музейнае будаўніцтва менавіта ў Варацэвічах. Да слова, той “гадзіннік культуры”, які адладзіў і запусціў Шэляговіч, не менш дбайна даглядае сённяшні кіраўнік аддзела Валянціна Барадзінчык.

Я вельмі хачу верыць, што з Варацэвічаў неўзабаве перастане з’язджаць моладзь, а побач з музейнымі будынкамі з’явіцца дзіцячая школа мастацтваў.

/i/content/pi/cult/662/14671/124.jpgАд зёлак да дзяжы

Не буду шмат распавядаць пра Дом траўніка (філіял Мотальскага музея народнай творчасці) у вёсцы Стрэльна. Зазначу толькі, што тамтэйшая галоўная “знахарка” Галіна Вайцяшук па-ранейшаму бадзёрая і сваімі духмянымі зёлкамі ратуе наведвальнікаў ад самых розных хвароб. А вось пра тое, што ў раёне дзейнічае сем (!) музейных устаноў (у дадатак да пералічаных вышэй — Музей археалогіі ў Моталі, галерэя мастака Аляксея Кузьміча ў Махро, Музей роду Дастаеўскіх у Дастоева) ды ўзводзіцца родавы маёнтак Орды ў Чырвоным Двары, трэба нагадаць яшчэ раз. У нас і да сёння ёсць раёны без музеяў. А ў Іванаўскім — сямі мала! І я не пра паказуху цяпер гаворку вяду, а пра годны паказ таго, што здабыта за кошт такіх душэўных высілкаў і фізічных намаганняў, праз якія непрафесіяналу праца на культурнай дзялянцы невыноснай катаргай падасца.

У Мотальскім музеі народнай творчасці нам прадэманстравалі абрад “Вясельны каравай”. (Потым, на пасяджэнні савета дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дземянчук узніме праблему актуалізацыі аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, і “К” змесціць гэтую прамову ў наступных нумарах.) Дык вось, я сумняваўся некалі, ці варта пераўтвараць такія сакральныя рэчы ў відовішча, але цяпер з упэўненасцю кажу: “Варта!” “Мадэратарам” дзеі была Эльміра Каткавец. Скажу шчыра: глядзеў, слухаў, суперажываў і раз-пораз лавіў сябе на тым, што цяжка трымаць свой рот закрытым. Гэта трэба паказваць усім, каб ведалі, ганарыліся ды іншым пераказвалі.

Зараз — пра школу бондарства ў Іванаве. Яна ўзнікла 17 гадоў таму. Цяжка падлічыць, колькі чыноўніцкіх парогаў давялося паабіваць Уладзіміру Шэляговічу, каб рэалізаваць мару. Гэта, падаецца, была першая на Беларусі спроба даць маладзёнам не абы-які кавалак хлеба. Прынамсі, на нашай зямлі прафесія бондара ў лік экзатычных ужо не патрапіць… Па словах дырэктара школы Наталлі Гацэвіч, сёння тут навучаецца 97 дзяцей, з іх — 10 дзяўчат. Многія — з так званых праблемных сем’яў. Яны ўжо ведаюць, чым адрозніваецца, скажам, кухля ад дзяжы. Алег Вакульчык з Мікітам Даўбнюком пад наглядам настаўніка Яўгена Аргера зрабілі на нашых вачах кадку з сасновых клёпак. Да слова, каштуе такая недзе ад 50 умоўных адзінак. Вось і лічыце…

Мы сустрэліся з Уладзімірам Шэляговічам, літаральна кажучы, прымусілі яго выступіць. Гэта быў майстар-клас любові да прафесіі, людзей, радзімы. Дзе не штуршком трэба, а дотыкам. І не столькі рухам рук, колькі паяднаннем душ. А я згадаў, што з дзясятак гадоў таму Уладзімір Васільевіч патэлефанаваў нам у “Культуру” з прэтэнзіяй: “Мала пішаце пра раён!” Мы адразу зрабілі ў Іванаве пасяджэнне выязной рэдакцыі. З таго часу лічу Шэляговіча сваім сябрам.

І вельмі трывожным сіндромам падаецца тое, што такіх тэлефанаванняў-запрашэнняў паступае цяпер на адрас рэдакцыі вельмі мала. Губляем прафесіяналаў?

Патрэбна яшчэ і карова!

Чарговае пасяджэнне нашай выязной рэдакцыі зладзілі на Брэстчыну гадоў пяць таму. Пасля таго, як узялі інтэрв’ю ў губернатара вобласці, наведалі і вёску Бездзеж, што ў Драгічынскім раёне. Тут таксама існуе своеасаблівы музейны комплекс: уласна экспазіцыя, дзе захоўваюцца “фірмовыя” фартушкі, этнаграфічны падворак “Каля плэса” (у назве — даніна непаўторнай мясцовай гаворцы), гасцінічныя пакоі. З тае пары засталіся незабыўныя ўражанні не толькі ад яркіх фарбаў мясцовых фартушкоў, але і ад смаку печанай бульбы з макухай. У фае музея — вялікі фотаздымак, на якім агульны партрэт задаволеных “культураўцаў”. Вялікі дзякуй за такую пашану начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама Леаніду Куроўскаму!

Шмат што ў Бездзежы змянілася да лепшага. Хоць і няпростае фінансавае становішча ў краіне, аднак праз дарогу ад музейнага комплексу з’явілася маленькая гасцініца. Кажуць, вельмі запатрабаваная. А побач з хаткай на этнападворку ўзнікла вялікая паветка-альтанка. І ў “свойскім” статку прыбаўленне: са старажыламі (канём ды казой) пасябравалі кацяня ды сабака. Хутка да жывёльнай “грамады” далучыцца і карова. Для кагосьці такое папаўненне было б клопатным, а гаспадыні “Бездзежскага фартушка” Марыі Астаповіч — толькі ў радасць. Сябрам савета — таксама.

Замест заканчэння

Вельмі сумняваюся, што пра музейныя комплексы на Іванаўшчыне і Драгічыншчыне ведаюць літаральна ва ўсіх раёнах рэспублікі, што Уладзімір Шэляговіч пастаянна дзеліцца сваім каштоўным досведам на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры. А шкада. Але для таго і існуе газета “Культура”, каб хоць нейкім чынам кампенсаваць гэтыя пралікі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"