(Не)за­ўваж­ныя фа­ва­ры­ты

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Аглядальнік “К” абраў па тры фільмы з чатырох праграм, якія нельга прапусціць на “Лістападзе”
Ажно 13 карцін Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” з’яўляюцца намінантамі на прэмію “Оскар”. Пры такім раскладзе вылучаць найбольш цікавыя стужкі форуму — справа няўдзячная. Таму адзначым у асноўным, дакументальным і нацыянальным, а гэтаксама ў конкурсе для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” па тры фільмы, вартыя ўвагі.

/i/content/pi/cult/662/14670/10.jpg“Лістападзік”: для дзяцей і дарослых

Тое, што фестываль у гэтай праграме імкнецца прадстаўляць не проста забаўляльныя гісторыі, падкрэсліваецца камандай “Лістапада” ўжо не першы год. Не стане выключэннем і цяперашні конкурс. Па словах праграмнага дырэктара кінафестывалю Ігара Сукманава, і сёлета фільмы секцыі “прапануюць сур’ёзную размову з маладымі людзьмі, пазбаўляючы іх “ружовых акуляраў” на шляху ў дарослае жыццё. Аднак робіцца гэта рэжысёрамі стужак далікатна, беражліва, і, разам з тым, праўдзіва”.

У праграме фігуруе стужка іранскай рэжысёркі Наркес Абіяр “Дыханне жыцця”, вылучаная ад краіны на “Оскар”. Бакалаўр у вобласці персідскай літаратуры, Наркес вядомая і як аўтарка дзясятка літаратурных твораў. Аднак рэпутацыю таленавітага кінематаграфіста ёй зрабіла карціна “Траншэя 143”, якая распавядае пра ірана-іракскую вайну. “Дыханне жыцця” на Талінскім міжнародным кінафестывалі “Цёмныя ночы” атрымала прыз за рэжысуру з фармулёўкай: “За глыбокае занурванне ў цудоўны свет дзяцінства і нявіннасці”.

Ганарыцца каманда “Лістапада” і трапляннем у праграму дзіцячага кіно кітайскай стужкі “Канец лета” Цюаня Чжоў. Яе сусветная прэм’ера адбылася на міжнародным кінафестывалі азіяцкага рэгіёна ў Пусане. Размова ў фільме Чжоў ідзе пра Кітай 1998 года, дзе на фоне тагачаных захапленняў грамадства разгортваецца гісторыя прыгодаў і станаўлення пяцікласніка Сяояна, які прагне гуляць у футбол насуперак волі свайго бацькі. Адзначаюць асаблівую манеру аўтара, якая вылучае карціну з шэрагу работ калег.

І трэцім фаварытам у гэтай секцыі назавем “Маленькую гавань” славачкі Іветы Грахавай. Прыз “Крыштальны мядзведзь” за лепшы фільм для юнацтва на Берлінскім кінафестывалі, прыз за выкананне лепшай дзіцячай ролі на кінафоруме для дзяцей і юнацтва ў Зліне, злучэнне жанраў, гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях — усё гэта прыцягвае ўвагу да твора маладой аўтаркі, якая ўжо паспела зрабіць гучны старт у кіно.

Дадатковы бонус конкурсу — два дэбюты: “Ава” нямецкай рэжысёркі Сабіны Норат і “Крокі героя” Энры Рынкана.

Асноўны конкурс ігравога кіно

“Мы імкнуліся ў гэтай праграме спалучыць, здавалася б, неспалучальнае: аўтарскія, сур’ёзныя глыбокія інтэнцыі і кіно, разлічанае на шырокую публіку. Глядач будзе і ўсміхацца, і выціраць слёзы”, — так ахарактарызаваў галоўны конкурс фестывалю Ігар Сукманаў.

У гэтай секцыі ёсць і актуальная “Арытмія” Барыса Хлебнікава, і нашумелая “Кроткая” Сяргея Лазніцы, і апошняя стужка літоўскага “касмапаліта” Шарунаса Бартаса “Шэрань” з удзелам Ванэсы Парадзі і прагучаўшы фільм Юсупа Разыкава “Турэцкае сядло”. Аднак калі трошкі адысці ад гучных прэм’ер у нашай прасторы, то прыцягваюць увагу не менш цікавыя “Лістапад” эстонца Райнера Сайнета, “Кандэларыя” калумбійца Джоні Хендрыкса Інестроса і “Вестэрн” немкі Валескі Грызебах. У першым выпадку гаворка ідзе пра эстэцкую “чорную” фолькавую казку. У другім — пра аўтара, які трошкі раней удзельнічаў у конкурсе “Маладосць на маршы” — і вось, калі ласка, яго новая праца атрымлівае Гран-пры конкурсу “Венецыянскія дні” на вядомым фестывалі. Што тычыцца трэцяй, стужку пратэжыравала сама Марэн Адэ — нямецкая сцэнарыстка, рэжысёрка і прадзюсарка, прызнаная і актуальная аўтарка сучаснага кіно, якая ў мінулым годзе забрала ўсе еўрапейскія ўзнагароды сваёй работай “Тоні Эрдман”. “Вестэрн” падымае праблему інтэграцыі заходняга чалавека ва ўсходнееўрапейскі посткамуністычны асяродак. Як вам такі культурны гамбіт?

/i/content/pi/cult/662/14670/11.jpgАсноўны конкурс дакументальнага кіно

Канцэптуальная рамка сёлетняй дакументальнай праграмы ахоплівае не толькі фільмы, якія падымаюць сацыяльныя праблемы, але таксама і фільмы-даследаванні, гісторыі, прысвечаныя ўнікальным асобам, “авантурыстам ХХ стагоддзя”.

— Асабліва мне хочацца адзначыць стужку “Прынц і дыбук” Эльвіры Неверы і Петэра Расалоўскага — польскіх аўтараў, вядомых беларускай публіцы па іх стужцы “Эфект даміно”, — такі акцэнт зрабіла праграмны дырэктар дакументальнай праграмы Ірына Дзямьянава. — Іх новая карціна распавядае дзівосную гісторыю дзіўнага чалавека — Міхала Вашынскага, або Мошы Вакса — галівудскага прадзюсара, прынца і сына беднага яўрэйскага каваля. І зроблены гэты аповед надзвычай цікава і вытанчана.

Немагчыма прайсці міма фільма расійскай рэжысёркі Юліі Бабковай “Апошні вальс”: галоўны герой яе поўнаметражнай дэбютнай карціны ніхто іншы, як выбітны кампазітар і неардынарная асоба Алег Каравайчук. Стужка распавядае пра апошнія месяцы жыцця творцы. “У ёй выкарыстана добрая хроніка”, — адзначае Ірына Дзямьянава. Усё гэта падштурхоўвае да знаёмства з фільмам выпускніцы ВГИКа, які можна лічыць развітаннем з майстрам (ён пайшоў з жыцця ў чэрвені 2016 года).

Беларусь прадстаўлена ў конкурсе стужкай Вольгі Дашук “Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам”. У фокусе ўвагі аўтаркі — фігура, небезвядомая ў айчынных культурных колах. І тым больш цікава, як вядомая рэжысёрка беларускага дакументальнага кіно раскрые постаць слыннага журналіста і “жывога класіка фотаанімалістыкі”.

Бонус: стужка “Гісторыя сямейнага жыцця” выбітнай чэшскай дакументалісткі Гелены Тржэштыкавай, дзе аўтарка на працягу дзясяткаў гадоў назірала за жыццём адной сямейнай пары, выяўляючы пакручасты шлях суіснавання блізкіх людзей.

Нацыянальны конкурс: ігравое кіно

Сёлета ў гэтай секцыі спаборнічаюць 9 стужак. Выбіраць няпроста, але ёсць рэчы, якія прапусціць нельга. Па-першае, альманах дэбютных работ маладых кінематаграфістаў “Мы”, спрадзюсіраваны кінастудыяй “Беларусьфільм”. Ён злучае навелы пяці рэжысёраў: Яўгена Сяцько, Настассі Мірашнічэнка, Надзеі Абрамчук, Арсеня Ільіных і Кірыла Ярохіна. Ці перспектыўная такая форма? Як раскрываюцца аўтары ў сваіх гісторыях? Мяркую, што прагляд гэтай працы дазволіць адказаць на многія пытанні.

Па-другое, абавязкова варта звярнуць увагу на новую стужку таленавітай і смелай рэжысёркі, лаўрэаткі Міжнароднага кінафестывалю ў Котбусе, а гэтаксама “Лістапада” Улады Сяньковай — Paranoid Android. Гэтым разам аўтарка “Графа ў апельсінах” распавядзе гісторыю культурнага сутыкнення сірыйца і беларускі ў цягніку на Варшаву. “У іх так мала і так шмат агульнага, — дала яна кароткае апісанне сваёй работы, — хоць маладыя людзі належаць да аднаго пакалення”.

І яшчэ адзін must see праграмы — карціна “Заўтра” адкрыцця гэтага года (па словах каардынатара Нацыянальнага конкурсу Мікалая Лаўрэнюка) маладога культуролага Юліі Шатун. Невядомая аўтарка са сваім дэбютам патрапіла не толькі ў Нацыянальны конкурс, але і ў секцыю “Маладосць на маршы”. Ці гэтага замала, каб прыйсці ў кінатэатр і пазнаёміцца з новым феноменам?

Бонус: без перабольшання ўся дакументальная праграма. Ад унікальнага зборніка “Хто я?” арт-групы “Хранатопь” да новай працы “ігравіка” Андрэя Кудзіненкі, які выступіў у ролі дакументаліста, прадставіўшы ў конкурсе фільм “Фанат”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"