Свята адкрывалася ўрачыстым парадам удзельнікаў. З прывітальнай прамовай да іх звярнуўся міністр культуры Уладзімір Матвейчук. Ён падзякаваў кіраўнікам арганізацый і ўстаноў культуры за выдатную падрыхтоўку да спартакіяды, падкрэсліў, што мерапрыемства праводзіцца менавіта ў Год здароўя, кааб паказаць, што ў беларускай нацыі пануе здаровы дух, нашы культура і спорт здаўна сябруюць і супрацоўнічаюць. Міністр адзначыў, што ў гэтых спаборніцтвах не будзе прайграўшых, — усе атрымаюць зарад бадзёрасці і добрага настрою, пажадаў прысутным здароўя і дабрабыту.
“Спартсменаў ад культуры” віталі таксама першы намеснік міністра спорту і турызму РБ Уладзімір Аляшкевіч, ветэран спорту Эдуард Багдановіч, галоўны суддзя міжнароднай катэгорыі, алімпійскі арбітр Эрнест Яроменка і іншыя.
А пасля закіпелі спартыўныя жарсці.
Работнікам культуры прапанавалася паспрабаваць свае магчымасці ў лёгкаатлетычнай эстафеце, настольным тэнісе, дартсе, гіравым спорце (у асабістым заліку), у валейболе і міні-футболе.
Тым часам студэнты кафедры абрадаў і святаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў разгарнулі вялікую спартыўна-забаўляльную праграму, не адставалі ад іх і студэнты кафедры педагогікі і сацыякультурнай дзейнасці са сваёй гульнёвай праграмай. Усіх ахвотных запрашалі паўдзельнічаць у “Вясёлым водным валейболе”, “Лыжнай гонцы”, “Водным атракцыёне”. На поўным сур’ёзе працаваў сектар кідання валёнкаў на трапнасць і ў даўжыню. Асабліва шырокім попытам карыстаўся тэст “Моц калоды”: ажно скончыўся запас цвікоў для забівання і давялося спешна з’ездзіць за папаўненнем.
А хіба можа ў культуры адбыцца свята без музыкі, без спеваў? На эстраднай пляцоўцы выступалі канцэртны аркестр “Няміга” ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама,
фальклорны ансамбль “Купалінка” пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі РБ Алены Цяльковай, калектывы і выканаўцы Універсітэта культуры і мастацтваў — лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў: вакальна-харэаграфічны ансамбль “Валачобнікі”, фальклорны ансамбль “Грамніцы”, ансамбль салістаў-вакалістаў “Беларуская песня”, капэла беларускіх народных духавых інструментаў “Гуды”, аркестр духавых і ўдарных інструментаў “Светач”, салісты-вакалісты кафедраў мастацтва эстрады і харавога і вакальнага мастацтва. Вяла ўсю праграму спартакіяды студэнтка ІІ курса Вольга Касцюкевіч.
На схіле дня на ўрачыстым пастраенні былі агучаны вынікі спартакіяды.
Першае агульнакаманднае месца заняла каманда Гомельскай вобласці, другое — Нацыянальнай бібліятэкі, трэцяе — каманда Мінскай вобласці. Лепшай у мініфутболе стала каманда ўпраўлення культуры Брэсцкай вобласці, у валейболе — каманда ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама. Абсалютныя пераможцы ў дартсе — Эдуард Герасімёнак, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і Таццяна Водчыц, супрацоўніца Літаратурнага музея імя Петруся Броўкі. У настольным тэнісе чэмпіёнамі сталі Яўген Арлоў, прадстаўнік Віцебскай вобласці, і Кацярына Садко з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Самым дужым гіравіком вызначыўся Сяргей Лапароў, супрацоўнік музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
А ў камандным заліку па лёгкаатлетычнай эстафеце ніхто не змог апярэдзіць каманду Гомельскай вобласці.
Пераможцам спартакіяды — слава і прызы. А ўсім удзельнікам свята — прыемныя ўспаміны пра свята спорту і культуры.
Святлана ІШЧАНКА
На здымках: (уверсе, злева направа)
старшыня Цэнтральнага камітэта
Беларускага прафсаюза работнікаў
культуры Мікалай Шаўцоў, міністр
культуры Рэспублікі Беларусь
Уладзімір Матвейчук, намеснік
міністра культуры Уладзімір
Грыдзюшка, першы намеснік
міністра спорту і турызму РБ
Уладзімір Аляшкевіч; пад час
правядзення спартакіяды.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА