Старажытнасць як цэ­лас­ны аб’ект

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Ці на­сту­піць “стро­гі рэ­жым” для спад­чы­ны На­ваг­руд­ка?
Не так даўно Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны “Праект зон аховы некаторых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, размешчаных у цэнтральнай частцы г. Навагрудка”. Даволі грунтоўны дакумент, падрыхтаваны праектным філіялам ААТ “Белрэстаўрацыя” на замову аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама, прызначаны вытлумачыць, як месцічы старадаўняга горада павінны абыходзіцца са сваёй багатай спадчынай. Пытанне толькі ў тым, наколькі гэта ўсё ўвасобіцца ў жыццё.

/i/content/pi/cult/662/14662/03-04.jpg

Від на Замкавую гару.

Цэлае альбо часткі?

Навагрудак, пра які беларускія гісторыкі любяць казаць як пра першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, уяўляе каштоўнасць не толькі парэшткамі замка на велічнай гары. Там захаваліся і культавыя пабудовы розных канфесій, і дух беларускага гарадка пазамінулага стагоддзя, і цудоўная архітэктура міжваеннага часу, так непадобная да тагачасных пабудоў у цэнтральнай ды ўсходняй Беларусі. І ўсё гэта асабліва ўражвае акурат у сукупнасці — як адзіны культурны ландшафт.

Навагрудскія набыткі моцна пацярпелі за часамі Другой Сусветнай вайны, не менш яны зведалі бед і ў пазнейшыя часы. Менавіта таму даволі дзіўна выглядае былая Гандлёвая, а цяпер плошча Леніна з разарваным перыметрам, дзе замест колішніх местачковых кварталаў — “дзюркі”, утвораныя скразнымі магістралямі, якія напаўняюць цэнтр транзітным транспартам. Кампазіцыйнае ядро цэнтра Навагрудка было разбуранае.

Значна пагоршыў сітуацыю і генеральны план, распрацаваны ў 1972 годзе. Згодна з ім былі пабудаваны “сучасныя” камяніцы, якія цяпер не проста “гарцуюць” па-над горадам, але і падаўляюць, падмінаюць пад сябе ўсё навокал. На вялікае шчасце, на поўную рэалізацыю архітэктурных задумаў тады проста не хапіла грошай.

Так, шмат чаго страчана ўжо беззваротна. Аднак яшчэ і сёння не позна выратаваць дух старадаўняга горада. Менавіта такую мэту мела шматмесячная праца навукоўцаў, якія распрацавалі межы ахоўных тэрыторый, іх статус і, галоўнае, рэжым утрымання.

Вядома, шкада, што гэтыя параметры не былі вызначаны раней — тады стратаў было б значна менш. Адзін з аўтараў праекта зон аховы, галоўны архітэктар праекта мінскага праектнага філіяла ААТ “Белрэстаўрацыя” Андрэй Карпук тлумачыць гэта найперш недахопам спецыялістаў у галіне аховы спадчыны:

— Я толькі што вярнуўся з Санкт-Пецярбурга, дык там у інспекцыі па ахове спадчыны працуе сорак чалавек! У нас жа ў падобных інстытуцыях — лічаныя адзінкі. Скажам, у аддзеле навукова-праектных работ упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры займаюцца архітэктурай усяго два чалавекі. Таму і наш праект, падрыхтаваны яшчэ ў 2015 годзе, толькі цяпер нарэшце быў зацверджаны. Вядома, распрацоўкі такога кшталту і не мусяць хутка “праходзіць”, у іх кожная дэталь мае быць дакладна выверана, але ж… Пры такой нагрузцы міністэрства проста не ў стане весці работу аператыўна.

Як адзначае архітэктар, галоўная праблема, якая паўстала пры рабоце з навагрудскай спадчынай, тоіцца ў самім заданні на праектныя работы:

— Вы толькі паглядзіце, як яно сфармулявана: “Праект зон аховы некаторых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, размешчаных у цэнтральнай частцы
г. Навагрудка”. Некаторыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, размешчаныя ў цэнтральнай частцы горада… Не сам горад, не яго гістарычны цэнтр, а толькі нейкая ягоная частка! Тут адсутнічае цэласнасць у падыходзе, а без яе немагчымы і комплексны ахоп, і вырашэнне тых праблем ды задач, якія перад намі ставіць навагрудская спадчына. Вядома, мы спрабавалі разглядаць гістарычны цэнтр горада менавіта як цэльны гістарычны аб’ект, і наша работа ахоплівае яго амаль цалкам, але ж шмат якія кварталы, як ні круці, выпадаюць з ахоўных тэрыторый.

У лік вартых увагі аб’ектаў, на якія ахоўныя зоны пакуль не распаўсюджваюцца, патрапілі і навагрудскія могілкі — татарскія, якія можна лічыць унікальнымі, і вельмі цікавыя яўрэйскія.

— Мы прапаноўвалі ўключыць іх у праект зон аховы, але гэтая прапанова, на вялікі жаль, была адхіленая, — кажа Андрэй Карпук. — Хаця падобныя могілкі ў Беларусі можна на пальцах рукі пералічыць. У Еўропе некрапалістыка развіваецца вельмі актыўна, але ў нас такі кірунак толькі пачынае свой шлях.

Усяго ў заданні на складанне праекта было пазначана 55 збудаванняў. Аднак распрацоўшчыкі па ўласнай ініцыятыве павялічылі гэты лік да 70. Па словах Андрэя Карпука, “дадатковыя” будынкі — гэта тое слова, якое з песні не выкінеш. Яны складаюць непарыўны ансамбль з вызначанымі райвыканкамам.

— Разам гэта ўсё стварае ўнікальны ўрбаністычны помнік, і толькі такі горадабудаўнічы падыход, а не разгляд паасобкавых дамкоў, можа выявіць увесь патэнцыял Навагрудка, — перакананы архітэктар. — Да таго ж, унікальны культурны ландшафт яднае горад у адно цэлае і раскрывае яго па-новаму.

Мост да Шчытоўкі

Рыхтуючы праект, Андрэй Карпук даволі глыбока пагрузіўся не толькі ў гісторыю горада, але і ў сённяшняе яго жыццё. Прааналізаваў і цяперашні стан, і напрацоўкі нашых папярэднікаў, і генплан 1972 года. У выніку быў падрыхтаваны стратыграфічны план — аналіз развіцця тэрыторыі Навагрудка з самых ранніх часоў, заснаваны на гістарычных матэрыялах.

— Вось гэта, — архітэктар дэманструе буйнамаштабную выкапіраўку, — рэканструкцыя горада XII — XIV стагоддзяў. Тут адлюстраваны і прыродны ландшафт, усе гэтыя маляўнічыя ручаі і пагоркі, і матэрыялы, адкрытыя ў археалагічных даследаваннях. Наступны план, — разгортвае Андрэй Карпук чарговы аркуш, — адлюстроўвае далейшае развіццё Наваградка ў XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Тут па перыметры дамінуюць кляштары, бачная і сённяшняя трасіроўка вуліц, але замчышча ўжо ў заняпадзе — яно як бы “асобна” ад горада.

Стос папер на рабочым стале архітэктара ўражвае сам па сабе. Што і нядзіўна: падчас распрацоўкі зон аховы былі даследаваны ўсе перыяды жыцця горада, гісторыя не толькі яго архітэктуры, але і змяненняў у прыродным ландшафце.

— Гэта нам вельмі дапамагло пры вызначэнні дамінант, пошуку зрокавых пунктаў, — распавядае ён. — Аказваецца, элементы ландшафту і асноўныя архітэктурныя помнікі Навагрудка ўтвараюць адзіную сістэму візуальных повязяў. На вялікі жаль, некаторыя з іх цяпер разарваныя высотнымі новабудоўлямі.

Падчас археалагічных раскопак удалося выявіць парэшткі драўлянага пад’ёмнага моста, праз які быў асноўны — “парадны” — уезд у замак з боку вежы Шчытоўкі. Адтуль Замкавая гара выглядае найбольш маляўніча і велічна. У міжваенне перад Шчытоўкай польскай адміністрацыяй быў закладзены партэрны парк, арганізавана сістэма сажалак. Але да нашага часу дрэвы павырасталі...

На думку Андрэя Карпука, пры музеефікацыі Замкавай гары абавязкова трэба было б аднавіць і партэрны парк, і драўляны мост, арганізаваўшы ўваход на замчышча менавіта праз яго. Пры гэтым, зусім неабавязкова, каб той мост быў драўляным: цалкам апраўданай згодна з цяперашнімі ўяўленнямі пра рэстаўрацыю была б і гульня ў “мадэрнасць”, якая прадугледжвае сучасныя матэрыялы. Галоўнае, каб такі сцэнарый быў рэалізаваны.

— Гэта быў бы цэлы музейны атракцыён, — лічыць архітэктар. — А з моста на замчышча адкрыюцца ашаламляльныя відавыя перспектывы.

/i/content/pi/cult/662/14662/DSC_0101.jpg

На навагрудскія могілкі праект зон аховы пакуль не распаўсюджваецца.

Будынкі- “дысананты”

У рамках рэжыму ўтрымання зоны рэгулявання забудовы архітэктарамі ў праекце было вызначана некалькі рэжымаў утрымання тэрыторыі. У чым паміж імі прынцыповая розніца? І ўрэшце — навошта распрацоўшчыкам было “ўскладняць жыццё” і сабе, і мясцовай адміністрацыі, і навагрудскім жыхарам?

Андрэй Карпук тлумачыць, што прычына такога падзелу — у рознай вартасці тых тэрыторый, якія трапілі ў ахоўныя зоны. На саміх гісторыка-культурных каштоўнасцях і прылеглых да іх плошчах не дазваляецца рабіць амаль нічога, апрача работ па аднаўленні тых самых каштоўнасцяў і падтрыманні іх у належным стане. Больш вольна можна адчуваць сябе ў зоне рэгулявання забудовы, але ж і там дзейнічае даволі суровы рэжым. Дый і саміх такіх зон ажно дзве — першага і другога ўзроўню. Першы, натуральна, прадугледжвае істотныя абмежаванні ў плане новага будаўніцтва. А другі — туды ўваходзіць пераважна міжваенная забудова, — мае больш паслабленняў. Там можна будаваць не толькі хаткі, але двух- і трохпавярховыя дамы.

— У сённяшняй забудове Навагрудка суседнічаюць будынкі, якія па праве могуць лічыцца помнікамі архітэктуры і якім абавязкова трэба надаць адпаведны статус, і тыя, што разбураюць усю гарадскую прастору, — кажа Андрэй Карпук.

Распрацоўшчыкі плану зон аховы прадугледзелі рэкамендацыі па ліквідацыі ці нейтралізацыі той забудовы, якая па нейкіх прыкметах дысаніруе з гістарычным асяроддзем. Вызначаны і самі “дысананты”. І сапраўды, калі з пэўнага ракурсу паглядзець на будынак музею Адама Міцкевіча, табе можа стаць проста млосна — фонам яму служыць камяніца такога яркага колеру, што яна заглушае ўсё вакол. Варта прайсціся ўздоўж замкавых валоў, каб убачыць іншую праблему: запушчанасць і неўладкаванасць.

Рэжымы ўтрымання, зацверджаныя ў дакуменце, з аднаго боку дэтальныя — там рэгулюецца нават дапушчальная вышыня новых дамоў, матэрыялы і тэхналогіі, якія можна выкарыстоўваць пры будаўніцтве. З другога боку, застаецца даволі вялікі прастор для варыяцый і маніпуляцый — не заўсёды, магчыма, сумленных. Застаецца і галоўнае пытанне — хто будзе ажыццяўляць кантроль над захаваннем рэжымаў? Таму наўрад ці варта разлічваць, што распрацоўка праектаў зон аховы сама па сабе вырашыць усе навагрудскія праблемы.

У той самы час, архітэктар перакананы, што гэты праект і распрацаваныя даследчыкамі рэкамендацыі адкрываюць для горада вельмі добрыя перспектывы ў плане развіцця турыстычнага патэнцыялу — вядома, у тым выпадку, калі яны будуць паслядоўна і непахісна выконвацца. А гэта найперш залежыць ад пазіцыі мясцовай адміністрацыі.

Фота Алены ЖАСТКОВАЙ