Масток паміж мёртвымі і жывымі

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Восеньскія вечары наконадні Дзядоў — лепшы час падумаць пра повязь жывых ды прашчураў. Тым больш, беларусы маюць для гэтага асаблівую нагоду. Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў нашым краі стала апагеем Вялікага тэрору, сумны 80-гадовы юбілей пачатку якога выпадае сёлета.

/i/content/pi/cult/662/14661/4-11_opt.jpeg

Тэма не новая — апошнюю чвэрць стагоддзя пра рэпрэсіі гавораць пастаянна і шмат. Але ўзнікае пытанне: ці паглыбілася разуменне з’явы з боку грамадскасці? Падазраю, што не: многія па-ранейшаму ўспрымаюць тыя падзеі ў манахромнай гаме, хаця насамрэч яны маюць безліч адценняў.

Ці былі ўсе расстраляныя ў тую ноч апанентамі сталінскага рэжыму, як чамусьці лічаць некаторыя публіцысты? Ды наўрад ці. Вось, напрыклад, мой стрыечны дзядуля — Мікалай Дзеніскевіч. 20 чэрвеня 1937 года ён быў абраны другім сакратаром ЦК Кампартыі БССР, 10 ліпеня ўведзены ў склад “асобай тройкі”, а ўжо 26 ліпеня варанок прыехаў па яго. І гэта тыповы сюжэт для тых папраўдзе страшных часін.

Без сумневу, іх дэталёвае асэнсаванне — гэта вельмі важная задача для гісторыкаў, псіхолагаў, іншых гуманітарыяў. А таксама і для людзей творчых: драматургаў, мастакоў, куратараў выстаў. І таму шчыра здзіўляе такая нізкая іх актыўнасць — зусім не адпаведная ані значнасці тэмы, ані грамадскай да яе ўвазе. Тая ж выстава ў Музеі Купалы стала бадай адзінай у сваім родзе — сабраўшы амаль рэкордную колькасць водгукаў у СМІ.

Спектакляў нешта не прыгадваецца наогул. Хаця, здавалася б, перыпетыі біяграфій Анатоля Вольнага ці Алеся Дудара ўжо самі па сабе выглядаюць на сінопсіс драматургічнага твора. Нават фантазія тут не надта патрэбная!

Здавалася б, у нашым да пярэстасці плюралістычным соцыуме няма розных поглядаў на такую з’яву, як Вялікі тэрор. Дзякаваць Богу, усе ацэньваюць яе прыблізна аднолькава. Сведчанне таму — хаця б усенародны збор сродкаў на будаўніцтва мемарыяла ў Курапатах. І няма сумневу, што аўдыторыя гатовая да размовы на такую складаную і даволі траўматычную тэму.

Вядома, я зусім не настойваю на тым, што творчае асэнсаванне рэпрэсій павінна быць пастаўлена на паток. Гэта спародзіць такую недарэчную ў дадзеным выпадку з’яву, як кан’юнктура, а прафанацыя немінуча выклікае адтаргненне з боку ўдумлівай публікі. Як падаецца, тут найбольш дарэчы нават не эпічны, а менавіта асабісты падыход, і ён цалкам магчымы. Рэпрэсіі ў той ці іншай меры закранулі бадай кожную сям’ю, і сем’і творцаў зусім не выключэнне.

Вывучэнне і асэнсаванне набыткаў “расстраляных паэтаў” — справа вельмі важная. Але не менш важная і папулярызацыя іх творчасці. Гэтаму сёння могуць паслужыць не толькі перавыданні (а іх бракуе: прыкладам, апошняя кніга Юркі Лявоннага выйшла ажно ў 1960 годзе!), але таксама і розныя нестандартныя ініцыятывы, разлічаныя не толькі на вузкае кола бібліяфілаў. Вельмі ўдалым падаецца музычны праект прадзюсара Сяргея Будкіна, удзел у якім узялі папулярныя сярод маладзёжнай аўдыторыі выканаўцы самых розных стыляў. Кожны з іх стварыў песню на верш (або нават урывак прозы) рэпрэсаванага ў 1930-я літаратара. І такім чынам быў створаны масток не толькі паміж паўзабытымі творамі і маладзёжнай аўдыторыяй, але і паміж творцамі розных пакаленняў.

Урэшце, менавіта ментальнаму аднаўленню повязі пакаленняў (а зусім не росту адрэналіну), напэўна, і павінна спрыяць раскрыццё ў мастацтве тэмы рэпрэсій.