Асэнсаванасць руху

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Да юбілею беларускага балетмайстра, народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія краіны падрыхтавала прэм’еру хранікальна-дакументальнага фільма Алега Лукашэвіча “Валянцін Елізар’еў. Балет — мастацтва думкі”.

Аўтарскі кінапраект пакажуць на “Беларусь 1” уначы 29 кастрычніка. А 30 кастрычніка, у дзень народзінаў слыннага харэографа, дакументальная стужка з’явіцца ў вечаровым эфіры тэлеканала “Беларусь 3”. Галоўны герой карціны змог пабачыць вынік працы здымачнай каманды на папярэднім прэс-паказе.

На прэс-канферэнцыі, што адбылася пасля заканчэння прагляду, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар зазначыў: “Валянцін Мікалаевіч — наш гонар, аблічча беларускага балета. Ён — таленавіты чалавек з інавацыйнымі ідэямі, са сваім унікальным стылем. Гэта старонка, напісаная залатымі літарамі ў гісторыі прафесіянальнага мастацтва нашай краіны”. Юрый Паўлавіч падкрэсліў важкасць агучаных у фільме ацэнак дасягненняў у мастацтве нашага суайчынніка ад людзей з сусветнымі імёнамі ў сучасным балеце.

Сярод апавядальнікаў глядач убачыць народнага артыста СССР Юрыя Грыгаровіча, народнага артыста Расіі Мікалая Цыскарыдзэ, народную артыстку Грузіі Ніну Ананіашвілі, мастацкага кіраўніка балетнай трупы Нацыянальнай оперы “Эстонія” Томаса Эдура. Многія з іх звярталі ўвагу на прагу харэографа сысці ад агульных форм руху, асэнсаванасць кожнага жэсту рукі ці ўзмаху нагі ў балетных партытурах Елізар’ева — якасці, якой не стае многім сучасным пастаноўшчыкам.

Алег Лукашэвіч разам з другім рэжысёрам Аляксандрам Аляксеевым выкарысталі шмат рэтразапісаў балетаў Елізар'ева, рэпетыцый з удзелам свайго галоўнага героя. З гэтай нагоды юбіляр узгадаў: “Калісьці, калі я пачынаў, мне вельмі пашчасціла сустрэць чалавека на тэлебачанні, які і стварыў летапіс беларускага балета — Віктара Шавялевіча. Дзякуючы гэтаму чалавеку ўдалося захаваць дзесяцігоддзі развіцця айчыннага харэаграфічнага мастацтва”.

У канчатковы мантаж трапілі і зусім свежыя кадры, знятыя ўсяго пару тыдняў таму ў нашым Вялікім тэатры: як вядома, Валянцін Елізар’еў цяпер аднаўляе “Спартак”, які пакажуць 31 кастрычніка. Па словах балетмайстра, трупа прыняла яго вельмі сардэчна і працуе з вялікім захапленнем: “Тыя нямногія рэпетыцыі, якія мне дадзены для абнаўлення гэтага спектакля, праходзяць вельмі прадуктыўна”. Прыгадаем, што калісьці мінская рэдакцыя вядомага балета Арама Хачатурана так прыйшлася даспадобы балетнай грамадзе, што спадар Елізар’еў ставіў яго яшчэ на чатырох сусветных сцэнах. Балетмайстар упэўнены: найбольш каштоўны той спектакль, які ствараецца на беларускай зямлі, а не толькі прывозіцца сюды з-за мяжы. Як сказаў маэстра журналістам, “дзе ёсць творчыя лідары, там ёсць мастацтва”.

Народны артыст СССР таксама распавёў пра гасцей, якія 2 лістапада будуць выступаць на галоўнай балетнай сцэне Беларусі на яго юбілеі. У Мінск прыедуць у тым ліку салісты “Кіеў мадэрн-балет”, Марыінскага і Міхайлаўскага тэатраў Санкт-Пецярбурга, Вялікага тэатра Расіі, Нацыянальнага тэатра Чэхіі, танцоўшчыкі з Кітая — лаўрэаты міжнародных конкурсаў, навучэнцы Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі, пецярбургскай Акадэміі рускага балета імя Агрыпіны Ваганавай. Разам з Валянцінам Мікалаевічам у святочным вечары прымуць удзел не толькі калегі, але і яго вучні, чые імёны ўжо добра вядомыя ў свеце, у прыватнасці, мастацкі кіраўнік тэатра “Кіеў мадэрн-балет” Раду Паклітару і салістка пецярбургскага тэатра балета Барыса Эйфмана Любоў Андрэева.

Прыхільнікі таленту народнага артыста СССР спадзяюцца, што супрацоўніцтва тэатра і Валянціна Елізар’ева працягнецца і пасля заканчэння юбілейных мерапрыемстваў. Як падкрэсліў Юрый Бондар, “не шмат сёння мы ведаем людзей з сусветным імем, з такім аўтарытэтам, як у Валянціна Мікалаевіча, каб легкадумна адносіцца да яго творчасці, яго магчымасцяў, яго ўнікальнага стылю. У нас вельмі вялікія перспектывы супрацоўніцтва”.

Пакуль у афішы Вялікага тэатра на гэты сезон назва “Спартак” фігуруе толькі 31 кастрычніка і 18 мая. Па словах міністра культуры, такая сітуацыя склалася хутчэй за ўсё з прычыны арганізацыйных асаблівасцяў планавання дзейнасці тэатраў. Юрый Паўлавіч паведаміў: “Міністэрства культуры ўключылася на пэўным этапе ў працэс падрыхтоўкі юбілейных мерапрыемстваў — і адбыліся некаторыя змены ў графіку работы тэатра, але ў цэлым я лічу, што будзе вельмі карысным працягнуць паказ “Спартака”, тым больш, што ён карыстаецца надзвычайным інтарэсам у публікі. Валянцін Мікалаевіч, дарэчы, вельмі слушна сказаў у фільме, што гледача не падманеш: ён галасуе рублём. Купляючы білет, адгукаецца на той твор, што ідзе на сцэне”. Па звестках міністра культуры, усе білеты на адноўленую пастаноўку “Спартака” прададзеныя.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"