Свята музычнага “этнасу” ў Паставах

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Учора, 6 чэрвеня, распачаўся ХІ Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Упершыню ў Паставы прыязджаюць этнічныя музычныя калектывы з Харватыі і Венесуэлы. Бяруць удзел у фестывалі і каля 20 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы.

Цягам фестывальных дзён — а завершыцца свята народнай музыкі ў нядзелю — адбудзецца віншаванне нязменнага старшыні журы фэсту, народнага артыста Рэспублікі Беларусь Міхаіла Казінца з 70-гадовым юбілеем, пройдуць музычна-тэатралізаваная дзея “Пастаўскі баль”, выстаўка-кірмаш твораў народных майстроў Віцебшчыны, навукова-творчая лабараторыя з удзелам прафесійных і аматарскіх музыкантаў, якія выконваюць як аўтэнтычную, так і сцэнічна адаптаваную нацыянальную музыку.
Па словах начальніка аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Наталлі Булавінцавай, запамінальнай падзеяй фестывалю абяцае стаць канцэртна-тэатралізаваная праграма “Музыка старасвецкіх сядзіб Беларусі”, якая адбудзецца сёння ўвечары ля Палаца Тызенгаузаў. У канцэрце бярэ ўдзел камерны аркестр Гродзенскай капэлы. А ўся гэтая дзея прымеркавана сёлета да 275-годдзя мецэната Антонія Тызенгауза, які шмат зрабіў для культурнага развіцця Паставаў.
8 чэрвеня пройдуць тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей фестывалю ды заключны гала-канцэрт. 

Андрэй СТАРЖЫНСКІ