Абліччы страчаныя і вернутыя

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Жыццёвая драма гэтых творцаў у тым, што яны сэрцам і розумам прынялі ідэі рэвалюцыі і пабудовы новага, справядлівага грамадства, дзе па вызначэнні немагчымыя гвалт і эксплуатацыя, а потым сталі ахвярамі рэжыму, усталяванага ў выніку той рэвалюцыі. Асэнсаваць лёсы рэпрэсіраваных беларускіх літаратараў дапамагае выстава-мемарыял “Страчаныя абліччы”, што праходзіць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/662/14659/_MG_1770.jpg

/i/content/pi/cult/662/14659/_MG_1774.jpgІ гэта драма не толькі асабістая: у лёсах творцаў адбілася гістарычная трагедыя беларускай нацыі. Нездарма праект-мемарыял прыпадае на 80-годдзе піку сталінскіх рэпрэсій і канкрэтна — страшнай ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў сутарэннях турмы НКУС былі расстраляныя больш як 130 прадстаўнікоў нашай нацыянальнай эліты. Потым іх імёны на доўгі час былі выкрасленыя з гісторыі.

Вярнуць тыя постаці з забыцця — такую мэту паставілі сабе арганізатары выставы. Супрацоўнік музея Павел Каралёў, які мае непасрэднае дачыненне да гэтага праекта, распавёў карэспандэнту “К”, што, па ягоных назіраннях, школьнікі ведаюць толькі тых паэтаў і пісьменнікаў даваеннай пары, якім пашчасціла выжыць у віры рэпрэсій і патрапіць у падручнікі. Між тым, сярод загінулых былі асобы, якімі мусіць ганарыцца нацыя.

Аб маштабе рэпрэсій гаворыць хаця б той факт, што толькі ў суполку “Маладняк” на яе ўзлёце ўваходзіла каля 500 чальцоў — і гэта было не адзінае творчае аб’яднанне. А пасля крывавых ідэалагічных чыстак на ўсю Беларусь засталося менш за 50 літаратараў. На думку спадара Паўла, каб не тыя рэпрэсіі, наша краіна сёння ва ўсіх адносінах была бы больш паспяховай і сацыяльна, і культурна, і эканамічна.

У экспазіцыі прадстаўлены артэфакты, якія маюць дачыненне да жыцця і творчасці рэпрэсаваных творцаў: Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Адама Бабарэкі, Тодара Кляшторнага, Платона Галавача ды многіх іншых. Гэта найперш фотаздымкі. Аматарскія, на якіх літаратары ў асяродку сяброў і аднадумцаў, а таксама афіцыйныя — з асабістых дакументаў і пасведчанняў. На іх мы бачым людзей высокага для свайго часу сацыяльнага статусу і — як, прынамсі, падаецца — задаволеных жыццём. Выразна кантрастуюць з імі фотавыявы, зробленыя ў зняволенні, якімі ілюстраваліся судовыя справы. Па ім відаць, што пакуты не ўпрыгожваюць чалавека, але мацуюць характар.

Як ўжо адзначалася, выкрасленую з грамадскага жыцця асобу паводле завядзёнкі тае пары выкрэслівалі і з гісторыі. Глядач убачыць арыгіналы групавых фотаздымкаў с выявамі дзеячоў беларускай культуры і тыя ж здымкі пасля рэтушы. Ёсць тут і лісты з няволі. Яны праходзілі цэнзуру, таму галоўнае ў іх не навідавоку, а паміж радкоў. Зрэшты, “падрадкоўе” ў думках, словах і ўчынках было па тым часе чыннікам ладу жыцця не толькі для “ворагаў народу”, але і па другі бок турэмных муроў і лагернага дроту.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі 1920-х гадоў даюць уяўленне пра спынены тэрорам кароткачасовы росквіт нацыянальнай культуры. Шэраг экспанатаў выставы шырокая публіка мае магчымасць убачыць упершыню. У прыватнасці, дакументы з асабістага архіва Алеся Дудара.

На выставе дзве інсталяцыі, якія ўзнаўляюць эмацыйную атмасферу тэрору. “Вобыск” — рабочы стол і кніжная шафа пасля начнога візіту адмыслоўцаў з ГПУ/НКУС. Сярод раскіданых на падлозе папер — вершы, змест якіх мог стаць падставай для арышту. Другая інсталяцыя прысвечана Курапатам. Тут партрэты ахвяр, а таксама асабістыя рэчы і кулі, знойдзеныя ў часе раскопак.

Экспазіцыя нагадвае, што рэпрэсіі не абышлі бокам нават тых класікаў, якія, здавалася б, мелі ўсенароднае ўшанаванне. Вось, да прыкладу, на вітрыне стэнда ордэн Леніна, якім быў узнагароджаны Янка Купала, пасведчанне дэпутата Вярхоўнага Савета — знакі таго, што паэт нібыта прылашчаны ўладай. А побач — ягоныя кнігі, якія яшчэ на мяжы 1920 — 1930-х гадоў былі недаступныя чытачам, бо лічыліся ідэалагічна шкоднымі.

Партнёры Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў гэтым праекце — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Звычайна выставы ў Купалаўскім музеі доўжацца месяц. Але, беручы да ўвагі сацыяльна-культурную значнасць гэтага праекта і відавочную цікавасць грамады, выстава “Страчаныя абліччы” будзе працаваць да 7 снежня.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"