Арабскі рытм, усходні танец

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

З 21 па 28 кастрычніка ў Беларусі прайшлі Дні культуры Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Яны былі прымеркаваны да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж нашай краінай і ААЭ.

/i/content/pi/cult/662/14657/_MG_6278.jpg

Урачыстае адкрыццё дзён культуры адбылося 23 кастрычніка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, прычым галоўнай адметнасцю мерапрыемства стаўся паказ нацыянальнага арабскага адзення. Акрамя таго, у дзень адкрыцця распачала сваю працу выстава выяўленчага мастацтва, арабскай каліграфіі і пляцоўка рамёстваў і народнай творчасці, адкрытая для кожнага ахвотнага да 26 кастрычніка.

25 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў канцэрт класічнай і народнай музыкі майстроў мастацтваў ААЭ. Як адзначыў перад пачаткам мерапрыемства міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, правядзенне абменных Дзён культуры з рознымі краінамі свету стала для нас ужо добрай традыцыяй.

— Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, дзве нашы краіны пастаянна знаходзяць новыя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — адзначыў Юрый Бондар.

Па словах міністра, асабліва плённымі гэтыя міждзяржаўныя кантакты сталі апошнім часам, у тым ліку і ў сувязі з падпісаннем у снежні 2016 года Мемарандума паміж Урадамі Беларусі і ААЭ аб супрацоўніцтве ў галіне культуры. На сёння ёсць цэлы шэраг паспяховых прыкладаў гэтага супрацоўніцтва — ад гастроляў і ўдзелу ў фестывалях нашых народных калектываў да правядзення майстар-класаў і прэзентацыі маладзёжнай культуры ў ААЭ.

— Ва ўсе часы мастацтва валодала ўнікальнай здольнасцю збліжаць людзей, прымушаць іх суперажываць адзін аднаму, адкрываць для сябе дзіўную шматколерную палітру пачуццяў, выяўленую ў слове, гуку, руху і маляўнічых палотнах, — сказаў Юрый Бондар. — Упэўнены, што беларускія гледачы па заслугах ацэняць праграму Дзён культуры Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі.

Вітаючы гасцей свята, пасол Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі Ахмад Мангуш Альтэнейджы выказаў упэўненасць, што арганізацыя падобнай падзеі сведчыць пра вялікі інтарэс дзвюх краін адна да адной, наладжанае партнёрства і шчырае сяброўства паміж нашымі народамі. А намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас адзначыў высокую ролю культурнай дыпламатыі на шляху ўмацавання міжнародных адносін і падкрэсліў неабходнасць далейшага развіцця міжкультурнага дыялогу паміж нашымі краінамі.

Далей распачаўся сам канцэрт пры ўдзеле Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, на якім замежныя артысты заварожвалі беларускіх гледачоў усходнімі рытмамі і танцамі. На наступны дзень, 26 кастрычніка, гэтыя ж артысты з Блізкага Усходу таксама выступілі на сцэне Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Дні культуры Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах запланавана правесці ўжо ў наступным годзе.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"