Старыя сцены і новыя людзі

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Душэўныя жыхары Якімавай Слабады стварылі музей і вучацца танцам
У новым праекце “Праз гасцінец” карэспандэнт “К” будзе вывучаць дзейнасць устаноў культуры розных населеных пунктаў разам з мясцовымі яе прадстаўнікамі. Адпаведна, паралельна з поглядам звонку, мы атрымаем магчымасць зірнуць на гэтую сферу і знутры. У вёсцы Якімава Слабада Светлагорскага раёна такім чалавекам аказаўся мастак і скульптар па дрэве Сяргей КАВАЛЬ.

/i/content/pi/cult/661/14652/17.jpgДом культуры на любы густ

Каля будынка, у якім размешчаны пошта, Дом культуры і бібліятэка, візіцёраў вёскі адразу сустракаюць дзве работы гэтага майстра прымітывізму і наіўнага мастацтва, выкананыя з дрэва: фрагмент млына з гняздом бусла і яшчэ нейкі “верабей”. На эмацыйных людзей такое нечаканае з’яўленне дзіўных птушак павінна зрабіць уражанне. Я таксама прасякнуўся ўбачаным і без прамаруджвання прыступіў да выканання сваіх прамых абавязкаў, пачаўшы з СДК і пазнаёміўшыся з яго дырэктарам Таццянай Вараб’ёвай.

Сцены Дома культуры абвешаны шматлікімі граматамі і дыпломамі, якімі ў розныя гады ўстанова, яе аб’яднанні і іх удзельнікі былі адзначаны за перамогі і прызавыя месцы ў конкурсах і фестывалях. На амаль тысячу жыхароў Якімавай Слабады (карэнных і тых, хто набыў тут дамы) даводзіцца з дзясятак фарміраванняў гэтай установы, якія функцыянуюць на бясплатнай аснове. Прычым наведваюць іх і ўраджэнцы бліжэйшых аграгарадка “Хутар” і вёскі Баравікі, і нават прапісаныя ў Светлагорску. Самыя “выставачныя” з аб’яднанняў — вядомыя ў раёне, вобласці і за іх межамі — аматарскае “Крынiчанька” і народны фальклорны ансамбль “Сузор’е”. Першае займаецца зборам мясцовага фальклору — яго рэпертуар складаюць казкі, прыказкi, прымаўкi, байкі, абрады. Другі папулярызуе адпаведную песню і тыя ж традыцыйныя абрады. Абодва калектывы шчыльна ўзаемадзейнічаюць
пры правядзенні розных мерапрыемстваў, рыхтуючы для іх сумесныя праграмы. Дзецям жа і падлеткам рэалізаваць іх здольнасці СДК прапануе, напрыклад, у гуртках тэатральным і вакальным “До-мі-солька”. Тым, хто ўлюбёны ў дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тут таксама заўсёды рады.

А вось дыскатэкі ў СДК замянілі танцавальна-забаўляльнымі вечарамі. Наколькі я зразумеў, прынцыповае адрозненне апошніх ад першых заключаецца ў тым, што на іх навучаюць танцам, а ў праграме знаходзіцца месца і для караоке.

— А “паскакаць” пад што ёсць? — спытаў я Таццяну Аляксандраўну.

— Апаратуру трэба было б лепшую. І яшчэ дому культуры неабходныя прынтар і ноўтбук. Пакуль жа абыходзімся сваімі.

Зарабляе “на пражытак” СДК тымі самымі дэнс-вечарамі, уласнымі выязнымі канцэртамі, правядзеннем выступаў заезджых артыстаў, майстар-класамі па лоза- і бісерапляценні, дэкупажы. Прадукцыю ўмельцаў ДПМ можна набыць у Светлагорскім доме рамёстваў, на выставах-продажах у бліжэйшых гарадах. Абзавёўся СДК і спонсарамі з ліку мясцовых прыватнікаў — што ў наш час, ды яшчэ і ў выпадку сельскіх устаноў культуры, выглядае як сенсацыя.

Каментарый Сяргея Каваля:

— Я часта бываю ў Доме культуры і бачу, што жыццё ў ім кіпіць: як ні завітаеш у яго або нават міма пройдзеш, заўсёды там спяваюць нешта, дзеткі мітусяцца. Дапамагаю, натуральна, калі папросяць нешта намаляваць, выразаць. Сам выклікаюся са сваімі ініцыятывамі.

Сёння шмат кажуць аб беларускасці — дык вось у ДК не проста кажуць, а робяць справу. Узяць тыя ж абрады, якія і дазваляюць ідэнтыфікаваць асобна ўзятую нацыю сярод іншых. На мой погляд, супрацоўніцтва “Крынiчанькi” і “Сузор’я” ў гэтым сэнсе ўяўляе з сябе ідэальны прыклад адзінага цэлага — пошуку, аднаўлення і захавання народных традыцый.

/i/content/pi/cult/661/14652/18.jpgУ чаканні лепшых часоў

Сваім вонкавым выглядам бібліятэка стварае ўражанне вельмі нават спрыяльнае. Па-першае, яна вялікая. Па-другое, у ёй чыста, у меру строга, грунтоўна: не скажаш, што кніжніцы ў гэтым снежні споўніцца шэсцьдзясят — як, дарэчы, і СДК. Тут усё па-дзелавому. І менавіта ад справаў — ад яе асноўнай дзейнасці — я адарваў сваімі размовамі бібліятэкара Святлану Обух. А таксама і ад афармлення будучай выставы тутэйшага мастака Вадзіма Крука, якая пройдзе ва ўстанове. (Багатая, як апынулася, Якімава Слабада на таленты ў выяўленчым мастацтве!) Праўда, “асноўная дзейнасць”, мабыць, сама зрабіла сабе перапынак: за ўвесь час нашай гутаркі наведала бібліятэку толькі трэцякласніца Марыя Гайдук, якая, дазволіўшы сябе сфатаграфаваць, пазней чамусьці катэгарычна забараніла публікаваць здымак у газеце.

— Да вечара людзі падыдуць, — супакоіла мяне Святлана Обух. — У гэтую пару года штодзень у сярэднім у нас чалавек дзесяць бывае. Нярэдка і так здараецца: ідзе чалавек на пошту — з ёй мы суседнічаем амаль дзверы ў дзверы — а потым зазірае сюды. А асноўны прыток (дзіцячы) — улетку, на вакацыях.

Запісана ў бібліятэцы больш за трыста карыстальнікаў. Святлана Васільеўна, якая працуе на сваёй пасадзе два гады, сцвярджае, што адтоку яна не назірае. Усё неяк роўненька: перастаў хадзіць адзін — яго змяняе хто-небудзь з навасёлаў. У прамежку паміж школьнымі вакацыямі большая частка наведвальнікаў — гэта людзі ўзросту сярэдняга і пенсійнага.

За навінкамі спадарыня Обух ездзіць раз-два на месяц у Светлагорск — у аддзел камплектавання. (Аднойчы яна прывезла з два дзясяткі кніг!) У чытацкіх “топах” — творы пра каханне, дэтэктывы. Беларускія аўтары папулярныя на ўзроўні школьнай праграмы, а “для душы” іх рэдка пытаюць. Хаця звінаваціць бібліятэкарку ў пасіўнасці тут наўрад ці выпадае: спецыялізаваныя стэнды ў чытальнай зале прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, Году навукі, а таксама і 90-годдзю з дня нараджэння Алеся Адамовіча.

/i/content/pi/cult/661/14652/19.jpgМясцовыя жыхары рэгулярна папаўняюць музей даўніны “Слабадскi падворак” — у ім прадстаўлены і артэфакты векавой даўнасці. Куратарам яго, між іншым, з’яўляецца Сяргей Каваль. Таксама пры бібліятэцы дзейнічае дзіцячы клуб “Вясёлка”, які арганізуе ўнутры і па-за роднымі сценамі конкурсы, гульнявыя праграмы, акцыі рознай накіраванасці.

Прызнаўшыся, што яна ўсё яшчэ працягвае асвойвацца на гэтай працы, Святлана Васільеўна прыняла да ведама маю прапанову па ажыўленні дзейнасці бібліятэкі і прыцягненні ў яе новых чытачоў. Тое, што ляжыць на паверхні — правядзенне тэматычных мерапрыемстваў, звязаных з круглымі датамі ў беларускім літаратурным сегменце (СДК жа не адмовіць ва ўдзеле ў іх уласных артыстаў?).

— Дарэчы, у Якімавай Слабадзе ёсць галоўны папулярызатар бібліятэкі, — паведаміла Святлана Обух. — Гэта Валянціна Міхайлаўна Зубко. Яна, напэўна, усе нашы кнігі перачытала, усю сваю сям’ю сюды прывяла.

Аб працоўных планах бібліятэкар спачатку казаць адмаўлялася (маўляў, прыкмета дрэнная), але потым здалася: гэта стварэнне дзіцячага кутка, дзе дзеткі маглі б у нефармальнай абстаноўцы, седзячы на падлозе на падушках, аддацца чытанню або, дапусцім, заняцца вышыўкай; роспіс адной са сцен яркімі малюнкамі.

— А сцены бібліятэкі рамонту патрабуюць? — запытаў я.

— Патрабуюць замены вокны, я дзве рамы сама звонку пафарбавала, — адказала суразмоўца. — Пытанне пра рамонт уздымалася, ды пакуль на яго няма грошай.

Каментарый Сяргея Каваля:

— Бібліятэкару Святлане Обух складаней. Яна хоць і мацуецца па сваёй маладосці, але гэта ж відавочна, што людзі сталі менш чытаць. Асабліва засмучае, што не карыстаюцца належным попытам кнігі на беларускай мове. Здавалася б, вёска і ёсць той яе запаветны, першародны куток, аднак...

Пэўныя тэндэнцыі, на жаль, заканамерныя. Нават у вёсцы ўсе падлеткі абзавяліся гаджатамі, ад якіх іх не адарваць. А ў дарослых — свае клопаты: як бы грошай зарабіць. Душа баліць, вядома. Але абыякавымі я нашых людзей не назаву: не забываюць яны пра наш музей. Значыць, лепшыя часы абавязкова наступяць, і для беларускай мовы таксама.

Я па сваёй натуры аптыміст, на свет гляджу, хутчэй, праз ружовыя акуляры. Памятаеце дзівакоў у Шукшына? Кажуць, я з такіх. Радуе тое, што наша вёска — не памірае. Адпаведна, у ёй ёсць для каго працаваць установам культуры!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"