Крочаць нашы па Еўропе…

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы!” зноў выйшла за межы нашай краіны.

У яе рамках літаральна сёння, 7 чэрвеня, завяршаюцца пяцідзённыя гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Фінляндыі, арганізаваныя па запрашэнні Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Фінляндыі Уладзіміра Дражына і пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны.
Не так даўно, напрыканцы 2006 года, на Купалаўскай сцэне з’явіўся спектакль “Вольга” па п’есе сучаснага фінскага аўтара Лауры Руахонен. Але гэтым разам у Хельсінкі паедзе не ён, а пластычны спектакль “С.В.” паводле “Вішнёвага саду” Антона Чэхава ў пастаноўцы Паўла Адамчыкава і “Вечар” Аляксея Дударава ў рэжысуры Валерыя Раеўскага. Між іншым, арганізатары гастролей лічаць, што пераклад спектакля ў фінскай сталіцы можа і не спатрэбіцца, бо там, згодна са статыстычнымі данымі, жыве каля 40 тысяч рускамоўных людзей, сярод якіх, натуральна, нямала і беларусаў.
А яшчэ сумесныя канцэрты беларускіх спевакоў з расійскімі і ўкраінскімі музыкантамі пройдуць неўзабаве ў Маскве і Кіеве. У верасні запланаваны гала-канцэрты на Цвярской плошчы расійскай сталіцы і ў кіеўскай канцэртнай зале “Украіна”. Тое, што падобныя культурныя акцыі за межамі Беларусі надзвычай запатрабаваны, засведчылі нядаўнія выступленні беларускіх артыстаў у Санкт-Пецярбургу і Рызе. Дзякуючы ім айчынныя зоркі набываюць прыхільнікаў за межамі радзімы і — атрымліваюць выгодныя запрашэнні да ўдзелу ў прэстыжных міжнародных імпрэзах.