Мастацтва думкі ў дыялогу

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Да юбілею народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева выйшла чарговая кніга, прысвечаная майстру. Не чакаючы ўрачыстай прэзентацыі, пагартаем шыкоўнае выданне “Дыялогі, або Валянцін Елізар’еў: “Балет — мастацтва думкі”. Роздумы пра творчасць харэографа”.

/i/content/pi/cult/661/14649/opt.jpgДоктар мастацтвазнаўства, прафесар Юлія Чурко працавала над кнігай больш за тры гады. У канчатковы варыянт, падрыхтаваны выдаўцом Алегам Лукашэвічам, увайшло далёка не ўсё. Зніклі найперш успаміны Юліі Міхайлаўны пра ўласнае жыццё ў балеце — а яна, між іншым, у маладосці была прымай нашай трупы. “За кадрам” застаўся сціслы гістарычны блок, прысвечаны развіццю сусветнага харэаграфічнага мастацтва. Можа, усё гэта і сапраўды было залішнім, не мела непасрэднага дачынення да юбіляра, але, затое, стварала сапраўдную поліфанічнасць, працягвала зададзеную аўтарам нелінейнасць разгорту. А галоўнае — дапамагала ўсвядоміць “ролю асобы ў гісторыі” і яшчэ глыбей упісаць творчыя здабыткі Елізар’ева ў беларускую і еўрапейскую культуру.

Аднак і ў цяперашнім варыянце прыцягваюць увагу не толькі цудоўныя фотаздымкі (амаль дваццаці аўтараў і з асабістага архіва Елізар’ева), мастацкае афармленне (Аляксандр Аляксееў, Алег Лукашэвіч) і добрая паліграфія, але і знойдзеная форма пабудовы зместу. Значнасць апошняй узрастае, калі ўлічваць ранейшыя публікацыі, у тым ліку манаграфіі, прысвечаныя майстру і ягоным стварэнням. Сярод іх — альбом “Валянцін Елізар’еў” Таццяны Мушынскай, выдадзены ў 1997-м і перавыдадзены (вядома, з дапаўненнямі) у 2003-м, дакументальная кніга Ірыны Мільто “Валянцін Елізар’еў — мастак і чалавек” (2012), заснаваная на яе шматлікіх размовах з майстрам, праведзеных за больш як 35 гадоў працы на Беларускім радыё і ў друку.

Чурко знайшла свой падыход. З уласцівай ёй крэатыўнасцю і “лёгкім пяром” яна сумясціла глыбокую мастацтвазнаўчую аналітыку з жывой размовай. Прычым не толькі ўласна з Елізар’евым, але і з яго шматлікімі паплечнікамі. З артыстамі Віктарам Саркісьянам, Аляксандрам Мартынавым, Сяргеем Пясцехіным, Уладзімірам Івановым, Таццянай Шэметавец, Ігарам Артамонавым. Са знакамітым тэатральным крытыкам, прафесарам Таццянай Арловай. З мастаком (ужо нябожчыкам) Яўгенам Лысікам. Нават з самой сабой — як рэцэнзія ў выглядзе нафантазіраванай дыскусіі двух гледачоў. І паўсюль тыя размовы, змешчаныя не асобна, а паміж аналітычнымі артыкуламі і ўнутры іх, дадзены не ў форме звыклых пытанняў-адказаў, а на роўных, як дыялогі! Невыпадкова менавіта гэтае слова стала “кодавым” у назве кнігі — і як жанр, і як візуальна-харэаграфічны вобраз. У выніку, партрэт галоўнага героя стварае не толькі ён сам, але і яго атачэнне. І кніга атрымліваецца не адно пра Елізар’ева, а пра ўсю яго эпоху. Дый пры разглядзе асобных балетаў увага акцэнтуецца не столькі на відавочныя пластычныя знаходкі, колькі на тое, як па-свойму інтэрпрэтавалі іх розныя выканаўцы. І як змяняліся пры гэтым і створаныя імі вобразы, і сам сэнс балетаў.

Выключэнне складае раздзел, прысвечаны спектаклю “Страсці”. Ён напісаны ў іншай аўтарскай манеры, бо належыць Святлане Уланоўскай. На жаль, яе імя згубілася ў спешцы (усім зразумела жаданне хутчэй данесці кнігу да чытачоў). У іншых фрагментах сустракаюцца паўторы, не звязаныя з лейтматыўнасцю. Размова з Елізар’евым пра “Вясну свяшчэнную” больш лагічна глядзелася б пасля адпаведнага нарыса, а не пазней, следам за “Рамэа і Джульетай”.

Але не будзем шукаць лыжку дзёгцю. Няма сумневу, што выхад кнігі — сапраўдная падзея. І разам з тым — усяго толькі кропля ў елізар’еўскім моры ідэй. Што ж, калі балет і сапраўды “мастацтва думкі”, дык давайце асэнсоўваць наша харэаграфічнае мастацтва далей! У той жа Юліі Чурко, наколькі я ведаю, ёсць новыя планы і жаданне іх здзейсніць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"