Скандал на пустым месцы?

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

На фінішную прамую выходзіць гісторыя з фільмам Аляксея Учыцеля “Матыльда” — з наступнага тыдня распачынаецца яго шырокі пракат. У Беларусі не было яўных праціўнікаў карціны, і ўсё ж яе копію накіравалі на экспертызу, каб афіцыйна пацвердзіць: у “Матыльдзе” няма сцэн парнаграфіі і момантаў, якія маглі б абразіць пачуцці вернікаў. Нашае Міністэрства культуры дазволіла стужцы з’явіцца ў пракаце. Аднак не ўсе суайчыннікі змогуць патрапіць на прагляд: у Магілёве па неагучаных прычынах праект народнага артыста Расіі дазволяць запусціць толькі ў адным кінатэатры.

/i/content/pi/cult/661/14646/11.jpgБольш за 300 чалавек здымачнай групы два гады патрацілі на тое, каб зняць касцюміраваную драму. “Маляўнічае гістарычнае палатно, дзе кожнай дэталі — ад касцюма да інтэр’ера — надзялялася вялікая ўвага”, — ахарактарызаваў атрыманы вынік падчас прэс-канферэнцыі прадзюсар карціны Аляксей Разанцаў.

Цяпер яго каманда сканцэнтравана на тым, каб падрыхтаваць і ў тэрмін даставіць мноства копій у кінатэатры сваёй велізарнай краіны, перадаць іх у кінасеткі краін-партнёраў, бо з 26 кастрычніка гледачы павінны мець магчымасць спрычыніцца да “Матыльды”. За 8 дзён да афіцыйнага старту ў Мінску зладзілі папярэдні паказ, каб прадстаўнікі масмедыя, людзі мастацтва і адказныя асобы на ўласныя вочы ўпэўніліся: карціна Аляксея Учыцеля — прыгожая казка (з рэальнымі каранямі) пра каханне на фоне гістарычных фактаў.

Па словах спадара Разанцава, за дваццаць гадоў яго працы ў якасці дыстрыб’ютара такая дзіўная сітуацыя вакол карціны падчас яе вытворчасці ўзнікла ўпершыню. Мяркую, заявы з правакацыйным адценнем можна было б назваць казуснымі, каб здымачнай камандзе не давялося амаль восем месяцаў апраўдвацца перад асобамі, якія нават не бачылі фільм. Ёй давялося перажыць больш за дзясятак праверак ад розных інстанцый. На гэты конт на прэзентацыі фільма ў кінатэатры “Масква” выказаўся выканаўца ролі імператара Аляксандра ІІІ, народны артыст Расіі Сяргей Гармаш: “Усе, хто сёння браў у мяне інтэрв’ю, задавалі адно і тое ж пытанне. Паверце, ніякай скандальнай задачы не было і няма! Шуміха ўзнятая абсалютна на пустым месцы! Такія моманты нас засмучаюць, бо перашкаджаюць і працы, і пракату карціны”.

/i/content/pi/cult/661/14646/12.jpgПасля прагляду я выходзіла з залы ў збянтэжанасці, не разумеючы, з чаго ўзняўся ўвесь сыр-бор: гледачам прадставілі даволі роўную, без псіхалагічных занурэнняў карціну ў багатай “абгортцы”, сабранай з шыкоўных касцюмаў і пазнавальных палацавых інтэр’ераў Пецярбурга і яго прыгарадаў. Сярод мноства зорак расійскага кінематографа, большасць з якіх, насамрэч, гралі даволі невялікія ролі, вылучаўся хіба толькі немец Ларс Айдынгер, што стварыў вобраз цэсарэвіча Мікалая. Нямецкі акцёр паказаў на экране не самадзержца Мікалая ІІ, а чуллівага, дабрадушнага, часам па-дзіцячы эмацыйнага Нікі — яшчэ не пасталелага юнака, якому пакуль складана разабрацца ў сваіх пачуццях, выбраць паміж захапленнем і царскім абавязкам. Яго Нікі пасля смерці бацькі — імператара Аляксандра ІІІ — гаворыць з экрана: “Я яшчэ не гатовы стаць імператарам”. І, ведаючы далейшы ход гісторыі, ты раптам адчуваеш ўсю глыбіню трагедыі гэтага чалавека, які хутка не толькі не зможа ўтрымаць у руках неахопную разнамасную дзяржаву, але і не ў сілах будзе ўратаваць ад знішчэння сябе, жонку, чатырох дачок і сына.

Аляксей Учыцель не прыхоўвае непрыемныя факты з біяграфіі будучага цара. Прынамсі, уражліва распавядае пра жудасную трагедыю Хадынкі, прычынай якой мімаволі стаў менавіта сам наваспечаны імператар. І ўсё ж той, якога за Саветамі называлі не інакш, як Мікалаем Крывавым, паўстае ў новай карціне перш-наперш чалавекам з жывымі пачуццямі. Нельга тут не адзначыць высакакласна зроблены дубляж: акцёру Ларсу Айдынгеру свой голас падараваў Максім Матвееў, экранная Матыльда Кшэсінская польскай артысткі Міхаліны Альшанскай загаварыла інтанацыямі Таісіі Вілкавай. Як распавёў пра нюансы работы здымачнай групы прадзюсар: “Ларс і Міхаліна тэксты сваіх роляў вывучылі па-руску, таму нам не спатрэбілася праводзіць дадатковы ліпсінг ці ўкладку, каб не было недарэчнасцяў накшталт разамкнутых вуснаў падчас фразавай паўзы”. Па яго адчуванні, галасы расійскіх выканаўцаў дадалі глыбіні гістарычным персанажам і дапамаглі лепш раскрыць характар апошніх. Дарэчы, у хуткім часе праверыць гэтае выказванне на слушнасць змогуць і тэлегледачы: адзін з галоўных федэральных каналаў краіны-суседкі абяцае паказаць чатырохсерыйную тэлеверсію карціны.

Пайшлі ў народ словы рэжысёра Кірыла Сярэбрэннікава, што тэатр у сучаснай Расіі становіцца небяспечным мастацтвам. Па меркаванні спадара Разанцава, пасля сітуацыі з “Матыльдай” трэба задумацца і кінатворцам: “Часам адбываецца падмена паняццяў свабоды мастака і рэакцыі на гэта супольнасці. Па-мойму, стан мастацтва ў кожны канкрэтны момант вызначае, ці годныя людзі сёння гэтага мастацтва. Калі ўзнікаюць такія дыскусіі, верагодна, у нашым грамадстве нешта не так”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"