Два фрагменты, адзін паўтор

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Часам наракаюць на нашу газету за няспешнасць звароту да той ці іншай тэатральнай прэм’еры. Маўляў, выйшаў спектакль, хочацца свае ўражанні суаднесці з меркаваннем крытыка, а рэцэнзія на друкаваных старонках з’яўляецца толькі праз месяц. Заўвага слушная, аднак не заўжды тая павольнасць залежыць ад доўгага выспявання думкі. Часам літчасткі тэатраў умудраюцца арганізаваць мерапрыемствы для прэсы так, што, самі таго не плануючы, адсоўваюць верагоднасць з’яўлення крытычнага матэрыялу на невядомы перыяд.

/i/content/pi/cult/661/14644/4-3_opt.jpegЗапытайце акцёраў, пры якім раскладзе ім цяжэй за ўсё працаваць на сцэне. Большасць адназначна выкажацца: пры пустой глядзельнай зале. Прасцей раскрыцца ў ролі, калі адчуваеш, як на кожную наступную рэпліку глядач адгукаецца смехам ці заміраннем у чаканні развіцця падзей. Ведаючы гэты эфект, тэатры імкнуцца на генеральны прагон альбо здачу пастаноўкі заклікаць гледачоў. Часта залу напаўняюць усе датычныя да падрыхтоўкі спектакля, сябры і калегі, якім не знайшлося б месца на прэм’еры: усе білеты на яе, вядома, прададзены. Туды ж клічуць і прэсу, каб да прэм’еры ў медыйнай прасторы з’явілася інфармацыя пра падзею, а сам прагляд могуць назваць модным словам “прэс-паказ”.

Аднак высвятляецца, што гэтае вызначэнне тэатры і крытыкі ўспрымаюць па-рознаму.Сталічны Маладзёжны тэатр не так даўно запрасіў “прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, тэатральных крытыкаў, дзеячаў тэатральнага мастацтва на прадпрэм’ерны прэс-паказ спектакля “Урок кахання. Гісторыя Касцюшкі”. У гэтым паведамленні на афіцыйным сайце тэатра зазначалася, што будзе яшчэ прэс-канферэнцыя. Вось толькі паважаныя арганізатары забыліся папярэдзіць, што запрошанай грамадзе малады польскі рэжысёр Адам Вайтышка прапануе толькі… два фрагменты з будучай прэм’еры! Дарэчы, першы ўрывак нам паказалі двойчы, чым выклікалі недаўменне не толькі ў тых, хто сядзеў у зале, але, відавочна, і ў саміх артыстаў. Той выпадак, калі ў паветры вельмі ўяўна вісела пытанне: “Навошта?”

Магчыма, праблема ў тым, што некаторым творчым людзям цяжка раздзяліць прафесію і жыццё, з-за чаго яны не паспяваюць
выйсці з ролі. Яны імкнуцца зрэжысіраваць чужую працу, не ўнікаючы ў яе спецыфіку. З-за гэтага могуць дазволіць сабе павучаць прафесійных фатографаў, якім чынам трэба здымаць, прымушаць усіх чакаць якога-небудзь вельмі “патрэбнага” прадстаўніка масмедыя і нават загадаць распачаць фрагмент спектакля нанова, бо той самы “патрэбны” не паспеў падрыхтавацца…

Не было б гэтай калонкі, калі такі дзіўны выпадак быў бы адзінкавым. Ужо не смешна, калі калегі распавядаюць, як ім на падобным мерапрыемстве паказалі толькі палову спектакля: маўляў, захаваем інтрыгу да прэм’еры. Здаецца, адказным за сувязь з мас-медыя не заўсёды зразумела, што прадстаўнікі СМІ могуць мець розныя прафесійныя мэты. Адным дастатковая інфанагода для паведамлення, таму ім патрэбна толькі прэс-канферэнцыя, а фотаздымак спектакля можна замовіць непасрэдна тэатру. Другія просяць разгорнутае інтэрв’ю, таму чакаюць эксклюзіўнай размовы. Крытыку ж неабходны спектакль цалкам (можна і без брыфінгу “да” ці “пасля”), каб прааналізаваць цэласнае палатно, а не здагадвацца па фрагменце, як можа рэжысёр разгарнуць далей дзейства.

Нават не хочацца гаварыць пра тэхнічныя моманты, калі ў журналіста ці крытыка складзены планы на тыдзень-два, фестывальная “карта” можа быць распісана і на месяцы наперад. І спланаваўшы выправу ў тэатр на прэс-паказ, ён пасунуў іншыя сустрэчы на іншы час, таму прыйсці яшчэ раз за тым жа самым адразу не атрымаецца. І вельмі шкада, бо той жа згаданы мной спектакль “Урок кахання. Гісторыя Касцюшкі” — падзея ўнікальная. Як мінімум, узнятая ім тэма заслугоўвае ўвагі. А тое, што дадзеная п’еса Ганны Баярскай некалі ставілася Анджэем Вайдам, надае прэм’еры дадатковую прывабнасць.

Напрыканцы дазвольце выказаць магчымы варыянт пераадольвання праблемы. Прадстаўнікі літаратурных частак тэатраў многімі ўспрымаюцца, як людзі загадкавыя, бо не ўсім зразумела, чым канкрэтна яны займаюцца і якімі навыкамі павінны валодаць. Іх не рыхтуе ніводны ўніверсітэт, у патрэбную тэатрам прафесію прыходзяць людзі з дыпломамі розных ВНУ, часцей — Інстытута журналістыкі БДУ і Акадэміі мастацтваў. Дык, можа, на базе адной з іх зладзіць інтэнсіў, у ходзе якога зацікаўленыя работнікі тэатраў набылі б дадатковы досвед па PR-тэхналогіях, стасунках са СМІ, пэўныя журналісцкія навыкі, каб лепш разумець тых, з кім ім даводзіцца па службовых абавязках супрацоўнічаць?

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"