Рэаліі сучаснасці

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

13 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшла VІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці”.

На пачатку мерапрыемства быў зачытаны прывітальны адрас ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара, які пажадаў усім удзельнікам канферэнцыі плёну ў іхняй працы, а таксама адзначыў важнасць форума для вырашэння актуальных праблем сферы культуры краіны. Прывітальны адрас быў зачытаны начальнікам аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры краіны Аленай Гуляевай.

Як адзначыў прарэктар па навуковай рабоце БДУКіМ Віктар Языковіч, Юрый Паўлавіч Бондар яшчэ падчас працы на пасадзе рэктара ўніверсітэта курыраваў шматлікія пытанні, звязаныя з правядзеннем навуковага форуму, таму сённяшняе мерапрыемства праходзіць на высокім арганізацыйным узроўні.

Генеральная тэма канферэнцыі была акрэслена досыць шырока: “Разнастайнасць формаў культурнага самавыяўлення: вопыт фарміравання спрыяльнага асяроддзя для аховы і заахвочвання”. Таму спектр закранутых на форуме пытанняў быў важкі і разнастайны. Гэта развіццё культурных паслуг у клубных установах Беларусі, і арганізацыя бібліятэчнага асяроддзя для асоб пажылога ўзросту, і актуальныя тэндэнцыі арганізацыі гарадскіх святаў ды многае іншае. Акрамя таго, у дакладах распавядалася пра традыцыйныя і інавацыйныя падыходы ў культурна-адукацыйнай прасторы, а таксама звярталася ўвага на народныя традыцыі ў інтэрактыўных практыках сучасных арганізацый культуры і ў культурнай дзейнасці насельніцтва.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"