Пастаноўка — пытанне

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

У Беларусі праходзіць конкурс ідэй для стварэння спектакляў. Бюджэт — не больш за 20 тысяч рублёў. Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада.

Удзельнічаць могуць прафесійныя тэатральныя рэжысёры, студэнты па спецыяльнасцях “Рэжысура тэатра (драматычны тэатр)”, “Народная творчасць (тэатральная)”, іншыя творчыя, педагагічныя работнікі, работнікі культуры з вопытам пастаноўкі спектакляў. Ідэі прымаюцца як ад беларусаў, так і замежнікаў, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне. Ёсць узроставае абмежаванне — да 45 гадоў. Адзін канкурсант можа прадставіць дзве рэжысёрскія эксплікацыі.

Для ўдзелу трэба прадставіць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь заяўку, п’есу і тэкст з апісаннем ідэі спектакля, які прапануецца паставіць, а таксама з аналізам драматургічнага твора (ці іншай літаратурнай першакрыніцы), характарыстыкамі персанажаў, вызначэннем стылю і жанру пастаноўкі, асаблівасцямі акцёрскага выканання, распрацоўкай рашэння спектакля ў часе і прасторы.

Сума, патрэбная на стварэнне пастаноўкі, не павінна перавышаць 20 тысяч беларускіх рублёў (з улікам кошту матэрыялаў, выплаты ганарараў рэжысёру, пастановачнай групе, артыстычнаму персаналу, іншых расходаў).

Сцэнічнымі пляцоўкамі для правядзення конкурсу стануць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Максіма Горкага, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр-студыя кінаакцёра, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Арганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў і вышэйпералічаныя тэатральна-відовішчныя арганізацыі.