Стань удзельнікам Еўрыяды!

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Паводле традыцыі, кожная буйная спартыўная імпрэза мусіць мець талісман. Звычайна гэта “нацыянальная” жывёла краіны-арганізатара спаборніцтваў. Да прыкладу, зубраня з клюшкай было талісманам Чэмпіянату свету па хакеі, што праходзіў у Мінску тры гады таму. Але часам гэту ролю выконваюць міфічныя істоты, казачныя героі ці нешта ўжо зусім экстравагантнае. Такое, чаму яшчэ нават імя не прыдумалі.

Зразумела, што такая значная падзея, як ІІ Еўрапейскія гульні, якія адбудуцца ў нашай краіне ў 2019 годзе, мусяць мець годны талісман. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны алімпійскі камітэт абвясцілі конкурс, у выніку якога такі талісман мусіць з’явіцца. Удзел можа прыняць кожны, хто арыентуецца ў тэме і мае творчыя здольнасці. Асабліва арганізатары спадзяюцца на маладых мастакоў і дызайнераў, для якіх згаданы конкурс можа дапамагчы ў рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, матэрыялізацыі крэатыўных ідэй і стаць важнай прыступкай у кар’еры. Прапановы прымаюцца да 15 лістапада.