Шаўковы шлях між Сінявокай і Паднябеснай

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Гэтую карціну Уладзіміра Тоўсціка, а таксама дзясяткі іншых твораў айчынных аўтараў розных пакаленняў неўзабаве можна будзе ўбачыць у Пекіне. 24 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая адкрыюцца адразу дзве беларускія выставы — “Шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” і скульптуры Сяргея і Канстанціна Селіханавых.

/i/content/pi/cult/661/14636/1.jpg

Мантаж выставы ў Пекіне. / Фота Георгія БАРКОЎСКАГА

У Мінску яшчэ раніца, а ў Пекіне ўжо вечарэе. Звязаўшыся з гендырэктарам Нацыянальнага мастацкага Уладзімірам Пракапцовым, даведваемся, што прайшоў гэты дзень плённа. Мантаж маштабнага выставачнага праекта ідзе поўным ходам, і ўжо нават на падрыхтоўчай стадыі айчынныя музейшчыкі адзначаюць вялікую цікавасць кітайскіх калег не толькі да саміх палотнаў, але і да таго, што на іх выяўлена. Беларускай прыроды, культуры, гісторыі. Адлегласць паміж Мінскам і Пекінам — амаль 10 тысяч кіламетраў! Гэта не перашкода, а дадатковы стымул узаемнай цікавасці.

Маштабная прэзентацыя беларускага мастацтва ў Кітаі прымеркаваная да 25-годдзя з дня ўсталявання дыпламатычных адносінаў паміж нашымі дзяржавамі і адбываецца ў рамках канцэпцыі “Адзін пояс — адзін шлях”, аб’яўленай Кітайскай народнай рэспублікай у якасці дактрыны міжнароднага супрацоўніцтва. Зразумела ж, адным з прыярытэтных яе аспектаў з’яўляецца культурны.

Па словах Уладзіміра Пракапцова, падрыхтоўка маштабнага выставачнага праекта цягнулася амаль год. У выніку, з усіх шэдэўраў Нацыянальнага мастацкага музея для ўдзелу ў аднайменнай выставе былі адабраныя 57 твораў жывапісу.

Выстава будзе размяшчацца ў трох залах і складацца з трох частак: твораў рускага мастацтва канца XIX — пачатку XX стагоддзя, беларускага мастацтва таго ж перыяду і беларускага мастацтва канца XX — пачатку XXI стагоддзя. Па словах куратаркі выставы, загадчыцы Аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Кацярыны Ізафатавай, галоўны жанр, які будзе прадстаўлены ў залах пекінскага музея — пейзаж.

— Ён добра зразумелы і найбольш запатрабаваны ў кітайскага гледача, — тлумачыць яна. — Ды і яго папулярнасці сярод нашых аўтараў, напэўна, спрыяе само хараство беларускай прыроды. У другой палове XX стагоддзя гэты жанр раскрываецца ў розных іпастасях: ад эпічнага, манументальнага, да камернага і нават інтымнага гучання. Мы вырашылі паказаць беларускую мастацкую школу пачынаючы з XIX стагоддзя — са знакамітага майстра нацюрморта Івана Хруцкага, з пейзажыстаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Станіслава Жукоўскага. Гэта падборка павінна выявіць асаблівасці і тэндэнцыі нацыянальнага прафесійнага мастацтва — і, у прыватнасці, яго повязь з традыцыямі мастацтва народнага. Канешне, даводзілася выбіраць працы і па памерах, і па “здароўі”, але найперш мы кіраваліся жаданнем паказаць яскравасць і знакавасць нашага жывапісу і прадставіць творы, найбольш характэрныя для сваіх аўтараў, здатныя адлюстраваць іх стыль і манеру.

/i/content/pi/cult/661/14636/2.jpgУ выніку ў залах музея ў Пекіне будуць выстаўлены такія розныя аўтары, як Міхаіл Савіцкі і Гаўрыла Вашчанка, Май Данцыг і Аляксандр Кішчанка, Уладзімір Стэльмашонак і Віктар Грамыка… Да мэтраў далучаны і сучасныя мастакі: Васіль Касцючэнка, Валерый Шкаруба, Святлана Каткова… У дадатак, кітайскага гледача чакае знаёмства з творамі такіх рускіх класікаў, як Рэпін, Левітан, Шышкін, Крамской.

Выстава Сяргея Селіханава і Канстанціна Селіханава ўключае 115 твораў скульптуры і 16 твораў жывапісу і графікі са збораў як Нацыянальнага мастацкага, так і іншых музеяў краіны, а таксама з калекцыі сям’і мастакоў.

Аднымі экспазіцыямі ўсё не абмяжоўваецца: да выставы “Шэдэўры 

Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” арганізатары падрыхтавалі альбом на беларускай, англійскай і кітайскай мовах, а таксама гід для наведвальнікаў. Карыстаючыся спецыяльнай праграмай у смартфоне, яны змогуць атрымаць кароткую інфармацыю амаль пра кожны з прадстаўленых твораў. Апроч гэтага, у Пекіне пройдуць лекцыі. Уладзімір Пракапцоў распавядзе пр

а гісторыю і фарміраванне фондаў нашага Мастацкага музея, а Кацярына Ізафатава засяродзіцца на яго калекцыях класічнага жывапісу.

Выстава Селіханавых закрыецца ўжо хутка — 29 кастрычніка, затое “Шэдэўры…” будуць чакаць наведвальнікаў ажно да 12 снежня.

Уладзімір Тоўсцік. "У старым горадзе".