Песні — у сне, а фільмы — ніколі

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

І зноў у “К” прэм’ера! Мы пачынаем публікаваць серыю інтэрв’ю з нашымі суайчыннікамі — людзьмі творчымі, якія пераехалі на ПМЖ за мяжу, альбо часова там пражываюць, альбо пастаянна знаходзяцца ў дарозе паміж радзімай і краямі іншымі. Сустракайце першага героя. Нягледзячы на тое, што ім сыграна ў кіно больш за дваццаць роляў, для мільёнаў гледачоў ён застаецца менавіта Дзяніскам Караблёвым — хвацкім хлопцам з тэлефільма “Па сакрэце ўсяму свету”, які сучасныя дзеці глядзяць з такім самым задавальненнем, што і іх бацькі. Уладзімір СТАНКЕВІЧ, які сыграў Дзяніса, даўно жыве ў Маскве, у яго там свой бізнес, звязаны з музыкай: рэалізаваў сябе Уладзімір не толькі ў кіно, але і ў песеннай творчасці.

/i/content/pi/cult/660/14633/pages 12-13.jpg

Сышоў на дальняй станцыі

— Такім чынам, больш за сорак гадоў таму ты з бацькамі ў хваляванні абмер ля тэлевізара...

— Наогул не памятаю таго моманту. Усё прайшло спакойна і будзённа. Гэта ж быў, напэўна, шосты-сёмы фільм у маёй кінабіяграфіі. Дарэчы, праз некалькі дзён пасля першай дэманстрацыі па ТБ “Па сакрэце...” адбылася яшчэ і прэм’ера “Лёсу бубнача”, — там я сыграў Слаўку.

— Журналісты ў цябе выведалі ўсе падрабязнасці здымак “Па сакрэце ўсяму свету”?

— Магу адкрыць яшчэ цэлых тры... сакрэты! Па-першае, любімым месцам на здымках для мяне з’яўлялася сталоўка. Па-другое, працэнтаў семдзесят выплаканых мною слёз былі з гліцэрыну, які шчыкаў вочы. І вось тады слёзы ліліся сапраўдныя! Па-трэцяе, я жудасна зайздросціў свайму герою: у яго і адзенне было лепей, чым у мяне некіношнага, і ровар.

— Ці падтрымліваеш стасункі з кім-небудзь з партнёраў па здымках?

— Стэлефаноўваўся і неяк бачыўся з Аляксандрам Ляньковым (ён граў майго тату), некалькі разоў перасякаўся з Барысам Гiцiным (у фільме — сябар таты). На жаль, іх абодвух ужо няма ў жывых. А спецыяльна нікога не шукаю: калі што, жыццё звядзе.

— У карціне ёсць выдатная песня з такімі словамі: “На дальней станции сойду — трава по пояс. Зайду в траву, как в море босиком, и без меня обратный скорый-скорый поезд растает где-то в шуме городском”.

 — Прыкладна за год да смерці аўтара тэкста Міхаіла Таніча я быў у яго ў гасцях. І чамусьці зайшла размова пра песню — Міхаіл Ісаевіч прапанаваў мне яе пераспяваць. Ён быў упэўнены, што я спяю па-асабліваму. Не рызыкнуў, пра што цяпер шкадую. Гэта наогул мая любімая песня.

— З кіно ты паступова сышоў у музыку. Але спачатку быў тэатр сатыры і гумару “Хрыстафор”. Чым запомнілася праца ў тым калектыве?

— “Хрыстафор”... Добры быў тэатр. Яму б у той час спонсараў і годных заробкаў — можа, у нас з ім усё склалася б і па-іншаму. Вельмі падабалася працаваць з Уладзімірам Пярцовым. Ды і Яўгена Крыжаноўскага я з дзяцінства люблю: можна сказаць, вырас на спектаклях з яго ўдзелам у Купалаўскім.

— Чуў, напэўна, што Яўген Анатольевіч з “Хрыстафора” сышоў, потым у яго з былымі калегамі “заруба” нейкая была...

— У творчасці такое сустракаецца на кожным кроку, калі, здавалася б, сутаварышы раптам пачынаюць нешта паміж сабой дзяліць, мерацца талентамі, ці што.

— Валодзя, чаму ты ўсё ж такі не абраў шлях кінаартыста?

— Ты ж памятаеш, што ў канцы 1980-х добрае кіно ў СССР паволі загіналася, а здымацца ва ўсякім глупстве не хацелася. Апошнім маім фільмам стаў канадска-ўкраінскі “Кіслародны голад” у 1991-м годзе — вельмі моцная стужка, “жарсткач” на вайсковую тэму. Паглядзі, калі не бачыў.

“Пацыент” жывы

— З “Хрыстафора” ты перабраўся ў “Сябры”, робячы ў праграмах ансамбля канферанс. А калі на песню пацягнула, памятаеш?

— З дзяцінства! Мабыць, гены. У майго таты, як я пазней даведаўся, дзеці ад першага шлюбу шчыльна звязаны з музыкай. Вольга Дадзіёмава — вядомы ў Беларусі музыказнаўца; Ігар — джазавы гітарыст. Пачынаў я з пераймальніцтва, натуральна, “касіў” пад усіх запар, а ў сярэдзіне 1980-х, трохі асвоіўшы гітару, узяўся прыдумляць песні.

— Мабыць, у Беларусі ты быў першапраходцам у галіне тэхна-дэнс-музыкі. Гурт Elegant Company літаральна за год стаў вельмі папулярным у слухача. Ці не паспяшаўся ты яго перафармаваць ў праект “Анжелика”, пашыты па вобразе і падабенстве мінскага дуэта “Ди-Бронкс & Натали”?

— Павесяліліся мы ў тыя гады шыкоўна! Адзін канцэрт з сястрой Майкла Джэксана Ла Тойей у Славуцічы ў 1995-м чаго варты! Але ў кожнага з удзельнікаў Elegant Company, натуральна, былі асабістыя амбіцыі, якія аднойчы і разгуляліся. Як у Джымі Нэльсана, дапусцім. Памятаеш гэтага чарнаскурага хлопца? Трансфармацыя аднаго праекта ў іншы і адбылася ў сувязі са зменай салістаў ды музычных арыенціраў таксама. Але я б не стаў параўноўваць “Анжелику” з “Ди-Бронксом”. Усё ж такі ў нас больш было дэнс-сцёбу, а стылістычна мы нагадвалі нямецкую каманду Masterboy. Ні я, ні ідэолаг “Ди-Бронкс & Натали” Дзяніс Шпітальнікаў не вакалісты. А рэчытатыў — гэта тое, за што можа схавацца артыст, які дрэнна спявае.

— Гісторыя з пераездам “Анжелики” ў Маскву ў пачатку 2000-х для мяне і па гэты дзень выглядае заблытанай. Першай у расійскую сталіцу з’ехала вакалістка праекта, уладальніца фенаменальнага голасу і твая жонка Анжаліка Ют?

— Першым у Маскву паехаў я, вёў перамовы з людзьмі з тамтэйшага музычнага бізнесу, заключаў кантракты. Па неспрактыкаванасці ледзь не... праспаў праект, падпісаўшы дамову на альбом з кампаніяй NOX Music, якая павяла сябе з намі не надта прыгожа. Але права на яго ў апошні момант я ўсё-такі выдрапаў.

— Цяпер праект існуе?

— Тое, што пра яго не піша беларуская прэса (калі гэта так), не кажа пра тое, што ён памёр! Праект працуе і нават вельмі шчыльна. Выходзілі і выходзяць альбомы, сінглы — па ўсёй планеце. Напрыклад, Mystery of Time — у Аўстрыі, “Бывай” і “Над аблокамі” перавыдадзеныя ў Амерыцы, многія новыя трэкі ў стылях “транс” і “чылаўт” перыядычна з’яўляюцца ў заходніх чартах і нярэдка займаюць у іх высокія пазіцыі. Праўда, у далёкім замежжы праект вядомы як Angelika Yutt. І вядомы, дарэчы, не ў апошнюю чаргу дзякуючы маім крэатыўным, а часам і зусім вар’яцкім (як бачыш, я чалавек сціплы) ідэям. Ніхто ў свеце, акрамя Анжалікі, не выконвае вакальна (!) саракавую сімфонію Моцарта і “Танец маленькіх лебедзяў” Чайкоўскага — да таго ж, каларатурным сапрана і ў “трансе”. А гімн Расіі ў “соўл”? Знаёмыя музыканты, даведаўшыся пра мае планы, круцілі пальцам ля скроні. Але Анжаліка праспявала яго так, што яе версія нечакана для нас прагрымела на ўвесь свет і яшчэ зусім нядаўна знаходзілася на першым месцы Top 100 iTunes Blues Chart Russia.

Ніякага кіно!

— Сёння ты — вядучы канцэртаў, шоумэн... Усяго дасягнуў, да чаго імкнуўся?

— Вядзенне розных мерапрыемстваў — толькі адзін з відаў маёй дзейнасці. Мне ён цікавы з пункту гледжання імправізацыі. Ні ў кіно, ні ў тэатры, ні на канцэртах няма такой свабоды дзеяння для акцёра! У свой час я не стаў служыць у тэатры менавіта з-за немагчымасці імправізаваць: ёсць сцэнарый, і ні кроку налева-направа ад яго. А часам карпаратыў круцейшы за канцэрт будзе! Ды і весці такія падзеі, як, напрыклад, адкрыццё якога-небудзь гіпермаркета або юбілейны вечар кагосьці з членаў расійскага ўраду, не толькі ганарова, але і цікава.

У мяне свая мантажная студыя, якая дазваляе працаваць над кліпамі і рознымі відэа малых формаў. Я рэжысёр шоу-праграм, кіраўнік музычных кампаній, уласнага прадзюсарскага цэнтра. Як бачыш, сяго-таго дасягнуў.

— Ці часта бываеш у Мiнску?

— Па неабходнасці — раз-два ў год.

— За сучаснай беларускай музыкай сочыш?

— Па вялікім рахунку — не. З таго, што раптам пачуў, убачыў, пакуль нічога не ўразіла. “Забівае” падобнасць радыёстанцый і незразумелы іх фармат — суцэльная фонавая музыка. У Расіі, дарэчы, таксама з новымі ідэямі не густа. І Маскве, перш за ўсё, патрэбныя грошы. Ёсць яны ў артыста-пачаткоўца — будзе да яго цікавасць, не — да пабачэння.

— Планы на напісанне песень і іх выкананне ёсць? І ўсё ж, можа, на кіно?

— Песні толькі... сняцца! Але раніцай ужо не ўсё магу ўспомніць. Кіно? Ты што, з ім даўно скончана!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"