Дзень, як тыдзень, тыдзень, як год… культуры

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Я толькі што з адпачынку. Хоць і вырас ля лесу, але столькі грыбоў як сёлета, ніколі не збіраў. Так што задавальненню няма мяжы! Люблю восень за выразнасць фарбаў, шчодрасць садоў і гародаў. А тут як раз Аліна Санюк з Ашмянаў паведаміла пра традыцыйныя кастрычніцкія кірмашы. Нават цэны распісала. Кіло бульбы, да прыкладу, 30 капеек каштуе, а яблыкаў — рубель. Так захацелася гэтымі днямі ў Ашмянах пажыць! А яшчэ хрызантэмы прадаюцца. І акампанемент гандлю — незвычайны: канцэртныя нумары народнага ансамбля цыганскай песні раённага цэнтра культуры “Джана Рома”. Уяўляеце, якія каляровыя ў Ашмянах кірмашы? Марыля Радовіч пазайздросціць! А яшчэ восень — бясконцая крыніца натхнення, якое яна нязменна дорыць творчым асобам. Невыпадкова Дзень работнікаў культуры адзначаецца ў кастрычніку, і святу дадаюць урачыстасці барва клёнаў ды золата бяроз.

/i/content/pi/cult/660/14632/pages 12.jpgМенавіта пра ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў культуры паведамляюць з аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. “К” паведамляла ўжо, што на Гродзеншчыне традыцыйна ладзяцца тыдні культуры, так што ёй у вобласці прысвечаны цэлы год. Вельмі ўдалы маркетынгавы ход, які спрыяе павышэнню аўтарытэта клубнікаў, бібліятэкараў, музейшчыкаў… Дык вось, калектыў Гальшанскай школы мастацтваў на чале з Наталляй Трот узнагароджаны ганаровай граматай абласнога савета дэпутатаў, ганаровую грамату Беларускага саюза прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму атрымала старшыня прафсаюзнай арганізацыі, намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Вольга Тарашкевіч. Навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Ірына Бусловіч і загадчык Гальшанскай сельскай бібліятэкі Алена Юневіч ушанаваны ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Граматай райвыканкама адзначаны народны ансамбль народнай песні “Жытніца” з аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка. Ёсць і міжнародная ўзнагарода — дыплом народнаму ансамблю песні і танцса “Крыніцы” за ўдзел у праграме “Месяц беларускай культуры ў Мінск-Мазавецкім”.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага ЦБС Бабруйска Ірына Кондзік піша пра чарговую акцыю культурнай сталіцы Беларусі: “Праект называецца “Кніга — акно ў свет і падмурак культуры”. Супрацоўнікі гарадскіх бібліятэк ушанавалі 42 навучэнцаў, якія цягам лета актыўна ўдзельнічалі ў кніжных мерапрыемствах. Адбылася і сустрэча чытачоў з дачкой Алеся Адамовіча, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка.У ЦГБ імя Максіма Горкага прайшла прэм’ера аматарскага фільма “Прыязджайце ў Бабруйск”. Стужка створана сябрамі літаратурнай гасцёўні “Бабруйскі почырк”. І гэта — далёка не ўсё. 50-годдзі з дня адкрыцця адзначылі дзіцячыя бібліятэкі № 5 і № 6 імя Мікалая Астроўскага. Да 105-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка ў Бабруйскім мастацкім музеі адкрылася выстава “Максім Танк. Гартаючы жыцця свайго старонкі”. Дапамогу ў яе стварэнні аказаў сын паэта — Максім Скурко.

Прыйшоў чарговы ліст ад нашай пастаяннай аўтаркі Любові Нікіцінай з гарпасёлка Падсвілле Глыбоцкага раёна. Гэтым разам тэма яе ліста не вельмі прыемная. У № 37 “К”, дзе змешчаны агляд пісьмаў “Каляровыя ноткі фестывальных дзівосаў” кіраўніком гарпасялковага дома культуры ў Падсвіллі па віне рэдакцыі памылкова названа Вераніка Герасімовіч. Просім прабачэння ў чытачоў, аўтара і ў Тамары Спяцанавай, якая насамрэч з’яўляецца дырэктарам згаданага ДК. А не менш актыўная ў творчасці Вераніка Герасімовіч працуе ва ўстанове мастацкім кіраўніком. Даруйце!

7 кастрычніка ў Скідзелі (Гродзенскі раён) прайшоў фестываль “Кнігаград”, прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пра гэта напісала галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык. Арганізатары, сцвярджае яна, пастараліся дагадзіць самым высокім патрабаванням кнігалюбаў. “Кнігаград” меў пяць кварталаў. У Юбілейным ушаноўваліся не толькі пісьменнікі, але і кнігі, якія адзначалі дні нараджэнняў. Дзіцячы квартал прапаноўваў лялечны спектакль, Творчы — самыя розныя майстар-класы. А былі яшчэ Скарынаўскі квартал з лекавымі травамі (Скарына, як вядома займаўся і батанікай) ды Кніжны, дзе працавала выстава самаробных выданняў.

Мастоўская раённая бібліятэка наладзіла Тыдзень знакамітых землякоў. Адна з сустрэч была прысвечана самабытнаму паэту Мікалаю Іваноўскаму, брату вядомага беларускага мастака Дзмітрыя Іваноўскага. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун распавядае пра тое, што паэт прэзентаваў новую кнігу “Пяром душа вадзіла”. Працавала выстава “Мастоўшчына літаратурная”.

Яшчэ тры інфармацыі з Ашмянаў. Адна — ад Аліны Санюк. У гэтым раённым цэнтры адбыўся канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”. Праграма была пабудавана на музычным фальклоры беларускага Палесся. Выканалі артысты і песню, што напісаў мясцовы кампазітар Мікалай Розенберг. Дзве навіны даслала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская. Яна распавядае, што ў чытальнай зале ўстановы ўшанавалі людзей сталага ўзросту. Вечар-віншаванне называўся “Зорны россып восені жыцця”. За колькі дзён да мерапрыемства бібліятэкары прапанавалі чытачам напісаць свае пажаданні ветэранам. Яны былі агучаны пад час вечара… Паведамляе Святлана Галінская і пра тыдзень “Гонар нашай зямлі” Адно з мерапрыемстваў — літаратурна-інфармацыйная гадзіна “Знакавыя постаці Ашмяншчыны”. Згаданы былі імёны Францішка Багушэвіча, Язэпа Германовіча, Антонія Адынца, Крыштафа Монвіда Дарагастайскага і іншых слынных сыноў ашмянскай зямлі. Чытачы пазнаёміліся з іх жыццём і дзейнасцю.

Марына Сямашка з Оршы піша, што ўнікальнае прысвячэнне гораду напісалі ўдзельнікі рэспубліканскага пленэру “Сівая легенда”. Гэта Мікалай Апіёк, Мікалай Таранда, Пётр Назаранка, Анатоль Бяляўскі, Мікалай Мішчанка, Яўген Ціханаў, Вячаслаў Шамшур і Міхась Цыбульскі. Дзевяць падораных Оршы карцін можна ўбачыць 1 лістапада ў Музеі Уладзіміра Караткевіча.

Вясёлае гарбузовае свята ўзрадавала не толькі жыхароў Казлоўшчыны, што на Дзятлаўшчыне. Такі кірмаш зладзілі ў чарадзе мерапрыемстваў раённага праекта “Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім”. Гарбуз — багаты на вітаміны і лечыць процьму хвароб, а гарбузовыя семкі — лепшыя за таблеткі. Карацей, на кірмашы не было дзе таму гарбузу ўпасці. Лепшым аказаўся плод-мацак старшыні Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзіма Бяляткі. Мясцовыя работнікі культуры ў той дзень таксама стараліся нагадваць гарбузы. Пры гэтым яшчэ і пелі ды таньчылі… Першае свята згаданага праекта стартавала на Дзятлаўшчыне летась. Сёлета гарбузовую тэму пачалі выкарыстоўваць у іншых раёнах Гродзеншчыны. Але першынство — за Дзятлаўшчынай.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"