Замест кропкі — клічнік з пытальнікам

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Асэнсаванне пяцігадовай журналісцкай аўтавандроўкі
Гэты матэрыял можна было і не пісаць. Але пасля сказа заўжды ставіцца кропка. І калі такіх сказаў за няпоўных пяць гадоў нарадзілася на добрую кніжку, а фотаздымкаў — на ладны альбом, дык прамаўчаць не выпадае. Маю на ўвазе наш з Канстанцінам Антановічам праект журналісцкага аўтатуру, які мы распачалі летам 2013-га, а канчаткова рэалізавалі ў гэтым нумары “К”. Так што мой артыкул — замест кропкі. Дарэчы, (вось якая гульня слоў) можна ставіць і клічнік, і пытальнік адначасова.

Праект прыдумаў колішні галоўны рэдактар “К” Сяргей Трафілаў. За рулём быў Канстанцін Антановіч. За гады ваяжаў, якія займалі два-тры дні (а гэта — 4-5 публікацый) ён паспеў памяняць адзін легкавік на другі. Па якіх толькі гушчарах мы не дабіраліся да мэты. А яна была адзінай: напісаць не пра тое, што нам паказваюць, а пра тое, што мы ўбачым самі. І скласці рэальны партрэт культуры Беларусі. Думаю, задуманае атрымалася. Але пра гэта — крыху ніжэй. Дадам толькі, што пісалі і фатаграфавалі мы з Косцем разам (хто — больш, хто — менш), а ганарары дзялілі напалам.

Першая публікацыя па выніках нашага аўтатуру з’явілася 15 чэрвеня 2013 года. Маршрут выбіраўся ці не стыхійна. Тады мы наведалі ўстановы культуры Міншчыны, Брэстчыны і Гродзеншчыны. Такія аб’ёмы працы сталі завядзёнкай. Вынікі паездкі ўразілі. Мы на ўласныя вочы пабачылі наступствы аптымізацыі: “пенсіянерскія” вёскі і кінутыя сельскія клубікі. За адным з такіх, у Петрашэвічах на Дзяржыншчыне, пабачылі зараснікі бэзу. Спыніліся. Я, агаломшаны настальгіяй, распавёў маладому Косцю, як я прыкладна за такім жа клубікам і прыкладна ў такім бэзе цалаваўся пасля танцаў з дзяўчатамі. Уважліва выслухаўшчы, спадар Антановіч зазначыў: “У тэксты трэба абавязкова ўключаць лірычныя адступленні!” Так яно потым і было.

У Вішняўцы на Стаўбцоўшчыне пабачылі неахайны фасад СДК: у шчыліну праз усю сцяну ці не руку можна было прасунуць. У тэатральным гуртку сцэнічныя касцюмы прамакалі падчас дажджу. Хто б нам з начальства гэта паказаў тады? А мы шчыра думалі, што культура прысталічнай Міншчыны — узорная. Калі пісаў гэты тэкст, звязаўся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аленай Сотнік. СДК адносна аператыўна адрамантаваны (і фасад, і ўнутранка) за раённы кошт і гаспадарчым спосабам.

За дні першай жа камандзіроўкі пераканаліся, што і з дысцыплінай у сельскіх установах культуры не ўсё як мае быць. Пэўныя з іх у рабочы час былі зачыненыя без дай прычыны. І такая сітуацыя доўжылася гады два. На розных узроўнях нас шмат крытыкавалі за асвятленне гэтага “дробязнага” нюансу. Мы ўпарта пісалі пра “сіндром зачыненых дзвярэй”. І ў тым, што неаргументаваныя паперкі-тлумачальныя на ўваходзе ў зачыненыя клубы ды бібліятэкі амаль зніклі, мы бачым і маленькую долю сваёй заслугі.

Нас баяліся і чакалі, а калісьці нават хацелі ў адным з раёнаў здаць у пастарунак за нашу беларускую мову і выказвалі падзяку за прынцыповасць. І ўвогуле скаргаў было шмат. Але ніводная не мела аргументацыі. З гэтай нагоды вось пра якую тэндэнцыю хочацца сказаць. Пэўныя начальнікі аддзелаў засталіся незадаволенымі тым, што мы загадзя не паведамілі аб прыездзе. Мы стараліся даводзіць: там, дзе ў культурнай гаспадарцы — ажур, дык і баяцца няма чаго. Выснова адзіная: не ва ўсіх установах культуры той самы ажур. Да слова, мне і сёння перадалі скаргу на тое, што вось, маўляў, ездзяць, вось, маўляў, абы пра што пішуць. Толькі адно скажу пасля такога. Які сярод насельніцтва аўтарытэт у работніка культуры, калі яго ўстанова ў рабочы час беспрычынна зачынена, які аўтарытэт у начальніка аддзела, калі ён патурае парушальнікам дысцыпліны? Аніякага! Мы шмат разоў бачылі, як вяскоўцы, памацаўшы замок на дзвярах клуба ці бібліятэкі, услых выказвалі сваю “любоў” да мясцовых работнікаў культуры. А такія “спецыялісты” дыскрэдытуюць тых, хто сапраўды аддае любімай справе ўсё свае здароўе. Балазе, такіх яшчэ хапае. Свой аўтарытэт мы зарабляем сваімі справамі.

Дык што мы шукалі і што знайшлі? У першую чаргу, цікавілі брэндавыя мерапрыемствы і крэатыўныя праекты. Знайшлі. Лідзіруе, на мой погляд, Гродзеншчына. У кожнай вобласці большая палова раёнаў мае ў сферы культуры штосьці сваё, непаўторнае. Але другая палова, даруйце, — шэрая і малавыразная. Інакш кажучы, надакучыла слухаць: “У нас усё як і ва ўсіх”. Так што агульны партрэт беларускай культуры — неадназначны. У чым прычыны шэрасці? У кадравай палітыцы. Маладых ды з вышэйшай адукацыяй прывабіць жыллём не атрымліваецца па прычыне яго поўнай адсутнасці. Бадай не прыгадаю раёна, дзе гэтае пытанне вырашалася б станоўча (яшчэ адна адмоўная тэндэнцыя). Больш сталыя кадры якасна вучыць не выпадае, бо, каб да Мінска дабрацца, няма грошай, а раённыя ды абласныя курсы — не надта практыкаарыентаваныя. Вось і тлумачэнне таго, што творчых праектаў мала, а веданне фандрайзінгу і тэхналогіі атрымання грантаў застаецца прывілегіяй абраных. Шкада. Няма матывацыі працаваць крэатыўна.

Мы думалі, панацэяй ад усіх бед стануць аграгарадкі. Не сталі. На ўласныя вочы бачылі, што пэўныя аграгарадоцкія сельскагаспадарчыя арганізацыі альбо абвешчаны банкрутамі, альбо да гэтага набліжаюцца. Пастаянна пісалі з такой нагоды, што жывёлагадоўля і хлебаробства — гэта вельмі важна, але і культурны складнік рэгіянальнага развіцця павінен прысутнічаць абавязкова. Нельга спачатку накарміць народ, а потым узяцца за яго “акультурванне”. Усе гэтыя працэсы — паралельныя ды ўзаемазвязаныя. І калі адзін з іх адстае, другі прыходзіць у заняпад. Гэта аксіёма. Хто яе не разумее — прайграе. Не згубіць бы беларускую вёску ўвогуле.

У дачыненні да аптымізацыі зазначу толькі адно. Мы аб’ездзілі Беларусь уздоўж і ўпоперак і пастаянна бачылі на сельскіх дарогах клапатлівую аўтакраму, а вось, каб абганялі яе бібліобус ці аўтаклуб, заўважалі надзвычай рэдка. Лічу гэты факт недаравальным. Як і тое, што аўтаклуб прастойвае зімой, бо няма грошай, каб набыць зімовую гуму на колы. Але пастаянна чулі: скасаванне клуба ці бібліятэкі прыцягнула актыўнае выкарыстанне мабільных устаноў культуры. Словы са справай не надта супадаюць. Але ж ад гэтага таксама залежыць аўтарытэт работніка культуры. Няма аўтарытэта — няма і прэстыжу прафесіі. Так, састарэлі камп’ютары і аўтамабілі, так, у клубных работнікаў мала ноўтбукаў. Але хтосьці шукае і знаходзіць спонсараў, мае шчыльны кантакт з раённымі ўладамі і выпраўляе сітуацыю. А хтосьці ціха чакае пенсіі і баіцца ўсяго новага як агню. Кадры, кадры, кадры…

Пра факт існавання “гібрыдных” аддзелаў (з ідэалагічнай надбудовай) казаць не буду. Пра іх грувасткасць вельмі дакладна распавёў у папярэднім нумары “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Каткавец. Цалкам з ім пагаджаюся.

Мы доўжылі б “аўтамабільны” праект і надалей, каб не вось якая акалічнасць, што асабіста мяне радуе. За апошнія гады пераважная большасць начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі падчас нашага з Канстанцінам Антановічам прыезду самі выходзілі на гаворку аб праблемах, самі прапаноўвалі наведаць не толькі мадэльныя ўстановы, але і тыя клубы з бібліятэкамі, якія па тых ці іншых прычынах адстаюць ад іншых. Менавіта такі падыход да справы прынята называць канструктыўным у стасунках кіраўніка з журналістам. Хоць гэта і стала прычынай скасавання праекта, мне такая сітуацыя вельмі імпануе.

Новы праект бачыцца такім. Восем гадоў таму рэдакцыя выдала кнігу “Найноўшая спадчына Новай Зямлі” з творчым партрэтам культуры кожнага нашага раёна. Думаецца, варта вярнуцца да такой формы. Але гэтым разам партрэт будзе не рэпартажны, а аналітычны. Касцяк артыкула складуць раздзелы, прысвечаныя эканоміцы раённай культуры, праектнай дзейнасці, праблемам і шляхам іх вырашэння. І абавязкова будзе прысутнічаць частка, у якой гаворка пойдзе пра канкрэтнага чалавека культуры, які заслужыў увагу сваёй карпатлівай працай. Да слова, мяне ўжо запрасілі адправіцца ў такую камандзіроўку у Зэльву і Краснаполле. Хто, спадарове, наступны?

/i/content/pi/cult/660/14631/pages 10-11 copy.jpg

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"