Алфавіт ненапісанага тэксту

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

“Восеньскі салон” у Палацы мастацтваў: што прапануюць для продажу маладыя мастакі краіны
Адзін знаёмы мастак за савецкім часам сваёй творчасцю нямала зрабіў для папулярызацыі нашай нацыянальнай гісторыі і глыбокага асэнсавання тагачаснай рэчаіснасці. Неяк пры нагодзе я ў яго запытаўся: чаму сёння, калі сітуацыя ў Беларусі нібыта спрыяе фарміраванню чыннікаў нацыянальнай тоеснасці, калі над творцам няма цэнзара, зусім няшмат знаходзіцца ахвочых асэнсоўваць нашу гісторыю — годную, велічную, драматычную, а таксама і сённяшні дзень — шматаблічны і супярэчлівы? Куды падзеўся сацыяльны змест выяўленчага мастацтва?

/i/content/pi/cult/660/14629/_MG_13911.jpg

На што той адказаў: разам з савецкай эпохай і сацыялістычным рэалізмам (які, насамрэч, з’ява куды больш складаная, чым падаецца на першы погляд) адышло — а можа, толькі пасунулася на перыферыю свядомасці — калектывісцкае мысленне, паводле якога чалавек атаясамліваў сябе з грамадою, дзяржаваю, калі хочаш — з пэўнай цывілізацыяй. Сёння чалавек у значнай ступені сам сабе гаспадар. Сёння ён больш свабодны ад грамады, але менш абаронены. А творца ўжо не “баец ідэалагічнага фронту” і патрыёт паводле вызначэння, а гэткі “вольны стралок”, прыватная асоба. Таму і псіхалогію мае адпаведную. У гэтым лёгка пераканацца, паглядзеўшы абароны дыпломаў на мастацкім факультэце нашай акадэміі і пахадзіўшы па мастацкіх выставах.

Прычым мой суразмоўца не лічыў такія змены праяваю крызісу ці заняпаду. Проста, час такі, а мастацтва — люстэрка часу. Зрэшты, як кажуць, за што змагаліся… Змагаліся напрыканцы стагоддзя за свабоду — і маем у выніку свабоднага чалавека. А тое, што сябе і свае думкі ён шануе цяпер болей за што іншае, — справа натуральная.

У сувязі з гэтаю размоваю прыгадаў сябе самога напрыканцы 1980-х, калі лічыў што сапраўдная свабода творчасці і, адпаведна, прагрэс у мастацтве будуць магчымымі толькі тады, калі замаўляць мастацтва пачне не толькі дзяржава, але і прыватныя асобы. Тады такое было не тое каб немагчымым, але малаверагодным. Сёння ж бачу гэту мрою рэалізаванай. Прынамсі, на “Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам” — выставай-продажам работ маладых мастакоў Беларусі ў мінскім Палацы мастацтва.

/i/content/pi/cult/660/14629/_MG_13471.jpg

На ёй прадстаўлена як традыцыйная трыяда жывапіс-графіка-скульптура, так і фотамастацтва, інсталяцыі, відэаарт. Непасрэдна пад выставу была радыкальна зменена экспазіцыйная прастора. З’явіліся новыя элементы абсталявання. Кампазіцыйныя акцэнты змясціліся, але не за кошт выразнасці. Ды і твораў удалося размясціць у залах значна болей, чым звычайна. І пры тым арганізатары выставы здолелі пазбегнуць візуальнай ды інфармацыйнай перанасычанасці. Гэта што датычыць структуры самой экспазіцыі.

Яе змест выразна сведчыць, што надвор’е ў нашым мастацтве ў бліжэйшы час будзе рабіць пакаленне, творча разняволенае і засяроджанае на самім сабе. Пакаленне, якому няма чаго маскіраваць прыватнае пад выглядам грамадскага, уласныя рэфлексіі — пад сацыяльныя запыты, свае густы — пад пануючыя стэрэатыпы.

“Мне вчера дали свободу, что я с ней делать буду?” — гэта фраза з “шансону” 1960-х была актуальнай для творцаў і ўвогуле грамадства канца 1980-х. Сёння ж самасцвярджаецца пакаленне, для якога творчая свабода не вынік барацьбы, не падарунак лёсу, а натуральны стан. Некаторых мастакоў прадстаўляюць на выставе мінскія галерэі, з якімі тыя супрацоўнічаюць. Значыць, сям-там творчыя асобы і бізнэс-структуры знайшлі паразуменне дзеля агульнай выгоды і грамадскай карысці. Для галерэй — рэклама, для мастакоў — магчымасць самарэалізацыі, для соцыуму — пашырэнне культурнага поля.

Першае, што кідаецца ў вочы — гэта мода называць карціны, графічныя аркушы, творы пластыкі, інсталяцыі замежнымі словамі і пісаць назвы лацінкаю. Пры тым, што ў наяўнасці родныя словы такога зместу. Некаторыя аўтары ўжо і славянскія імёны-прозвішчы перайначваюць на замежны манер. Вось і Уладзіслаў Кніга, сёлетні выпускнік кафедры тэкстылю і касцюма нашай акадэміі, падпісаўся пад сваімі работамі: “Vlad Book”. Прадставіў жа ён некалькі работ, выкананых паводле так званай “арыгінальнай тэхнікі”, і сярод іх — дыпломную. На абароне да аўтара было шмат пытанняў, бо да ткацтва, тэкстылю, увогуле да працы з тканінамі ягоны творчы опус не меў ніякага дачынення. Кніга-Book прыдумаў, як можна рабіць нейкае падабенства габеленаў з мятай і фарбаванай… паперы. Рэцэнзент на абароне пахваліў кафедру за прадастаўленне студэнту такой ступені свабоды, а самому дыпломніку выказаў нараканне за няздольнасць разумна той свабодай карыстацца.

Прыемна адзначыць, што фатаграфія — ужо не даважак да класічнай трыяды жывапіс-графіка-скульптура, а роўны яе складнікам па значнасці сегмент выставачнай прасторы. Гэта, у прыватнасці, работы Аляксандра Веледзімовіча (пастановачная кампазіцыя паводле жывапісу Казіміра Малевіча) і Веранікі Несцярук (эфектныя нацюрморты і эстэцкае экспанаванне фрагментаў жывой прыроды).

/i/content/pi/cult/660/14629/_MG_13881.jpg

Цікава назіраць матывы вясковай настальгіі ў мастакоў з выразна урбаністычнай свядомасцю. Гэта Антон Вырва і Глеб Отчык, якія з замілаваннем малююць хатніх жывёл на пашы, інтэр’еры вясковай хаты і жбаны на плоце. Але адна справа — злётаць ў вёску на выхадныя, а зусім іншая — там жыць. Адна справа — экзотыка, іншая — рэчаіснасць. Чамусьці засяроджваецца ўвага на карціне Васіля Пяшкуна “Бабуліна акно”, якую можна аднесці да жанру нацюрморта, і пейзаж Паўла Пракапцова “Восеньскі снег”. Відаць, ёсць у іх сумнае пачуццё незваротнасці дзяцінства і юнацтва, калі трава была зялёнаю, дамы драўлянымі, дрэвы высокімі, а ў рэчках можна было купацца без рызыкі схапіць якую хваробу, лавіць ў іх рыбу, ведаючы, што ёй не атруцішся.

Як кампенсацыю за страту сувязі з прыродай мы атрымалі гарадскі камфорт і гарадскую ментальнасць. Тут яны прадстаўлены начной кавярняй ў версіі Уладзіміра Царыковіча, гарадскіх агнях Ганны Канапелькі, партрэтам дзяўчыны ў акулярах-шорах, які экраніруюць яе ад рэчаіснасці, работы Таццяны Кандраценка, “белым” і “шэрым” шуме паводле Марыі Радзько, гіпертрафіраваных побытавых дробязях Аляксандра Балдакова.

Безумоўна, праявай урбанізаванай касмапалітычнай культуры трэба лічыць абстрактны жывапіс Станіслава Гурскага, блізкі да абстракцыі па форме прадметны свет Настассі Хобатавай, колеравыя асацыяцыі Аляксандры Пугачовай і манахромныя Алега Манько, свядомыя імітацыі інсіту Уладзіміра Сакалоўскага.

Досыць актыўна маладыя мастакі скарыстоўваюць лічбавы друк (графіка Юрыя Сарокіна) і іншыя сучасныя тэхналогіі, але пры гэтым прыемна адзначыць, што, як і раней, у фаворы упэўнены мазок і выразная графічная лінія. Цудоўнае ўражанне застаецца ад акварэляў Дзмітрыя Зубава, Алены Андрушчанка, Уладзіміра Шапавалава, містычных малюнкаў Паўла Іванова, алейнага пейзажнага жывапісу Міхаіла Крата, карцін, ў якіх імітуецца стылістыка рэнесансу Аляксандра Даманава, афортаў Уладзіслава Квартальнага (ілюстрацыі да авантурнага рамана).

Асобна хацелася б вылучыць з гэтага шэрагу жывапіс Алесі Скарабагатай (“Смачна есці”), Алеся Багданава (“Зубр”, “Поле”, “Чарапаха”), “Каўказскія краявіды” Галіны Конанавай. Тут вельмі гарманічна спалучаны рэчаіснасць і ўяўны свет. Звычайныя рэчы ўспрымаюцца праз кантэкст Залюстроўя.

Пластыка і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў экспазіцыі прадстаўлены сціпла ў параўнанні з жывапісам і графікай. З пабачанага можна вылучыць скульптуру “Нявеста” Вольгі Савіч, “Шлях” Аляксандра Лугіна, “Злоўлены” Арцёма Лазара і дэкаратыўную пластыку з філасофскім падтэкстам Дзмітрыя Сухініна. Адчуваецца аўтарскі стыль і памкненне сказаць сваё слова.

А сустракае і праводзіць гледачоў відэаінсталяцыя Эміля Зянько.

Зрэшты, выстава як выстава. Ёсць на чым спыніць вока. Тое, што чапляе думку, таксама ёсць. І ўсё ж агульнае ўражанне, што гэта прыгожы алфавіт для яшчэ ненабранага, а мо нават і ненапісанага тэкста. Прытым, што ў экспазіцыі прадстаўлены пераважна творы мастакоў, ў якіх усё — дасягненні, страты, адкрыцці, расчараванні — пакуль што наперадзе.

Фо­та Тац­ця­ны СВІ­РЭ­ПЫ

/i/content/pi/cult/660/14629/_MG_13961.jpg

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"