Ад “кардоннай дурылкі” да Дызайну з вялікай літары

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Сёлета спаўняецца 30 гадоў Беларускаму саюзу дызайнераў. Пра ролю, якую адыгрывае гэтае прафесійнае аб’яднанне ў краіне, пра значэнне дызайну ў нашым жыцці і прафесійную адказнасць дызайнера мы гаворым з патрыярхам гэтай сферы, адным са старэйшых педагогаў ў галіне дызайнерскай адукацыі Алегам ЧАРНЫШОВЫМ. І будзем радыя, калі яго думкі выклічуць у калег жаданне дыскутаваць.

/i/content/pi/cult/660/14626/pages 6.jpg

— У часы, калі вы пачыналі свой прафесійны шлях, дызайн у БССР яшчэ толькі зараджаўся. Як вы патрапілі ў гэтую плынь?

— Я скончыў аддзяленне інтэр’ера і абсталявання Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці “Мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”. Але лёс склаўся так, што працаваць мне давялося трохі на іншай ніве. Па размеркаванні трапіў у лабараторыю тэхнічнай эстэтыкі Канструктарскага бюро дакладнага электроннага машынабудавання. У якасці вядучага мастака-канструктара ўдзельнічаў не толькі ў праектаванні інтэр’ераў і экстэр’ераў або дэкаратыўных пано, але таксама і элементаў прамысловай графікі, разнастайнага тэхналагічнага абсталявання для электроннай прамысловасці і нават тавараў шырокага ўжытку.

— Адпаведна, вы заспелі той легендарна-рамантычны перыяд дызайну.

— Летуценны аптымізм і рамантызм бытаваў тады ў асяроддзі саміх дызайнераў, але, на жаль, не ва ўсім грамадстве. Мы мелі надзеі на рэалізацыю свайго творчага патэнцыялу ў жыцці. Гэты рамантызм стаў маральным апірышчам для герояў-дызайнераў Інстытута тэхнічнай эстэтыкі і іншых устаноў, якія з энтузіязмам уступілі ў бой з руцінай коснай рэчаіснасці — як у сферы дзяржаўнага кіравання, так і ў тэхналогіі прамысловай вытворчасці. І яны крок за крокам адваявалі сваё месца пад сонцам — павольна, але няўхільна, не колькасцю, а прафесійнай якасцю, перемагаючы ўсе цяжкасці і не зважаючы на паступовую страту сваіх рамантычных ілюзій. Гэтыя творчыя баталіі абяцалі больш значныя перамогі, але былі перапыненыя ў 1990-х гадах.

— У 1960-я гады ў СССР была створана дзяржаўная сістэма дызайну, цэнтрам якой стаў Усесаюзны навукова-даследчы інстытут тэхнічнай эстэтыкі. Што для Вас эпоха УНДІТЭ?

— Гэта закладка падмурку айчыннага дызайну. Але ў пачатку 1990-х з благаславення чыноўнікаў таго часу інстытут захапілі дробныя крамнікі. Можа, і ў гэтым прычына таго, што цяпер прамысловасць выпускае тавары не для прылаўка (там пануе імпарт), а на склад?

— Аднак эпоху УНДІТЭ часта называюць эпохай “папяровага дызайну”.

— Прабачце, але гэта не болей, чым тэрміналагічная хімера! Гэта тое ж самае, што назваць нотны запіс музычнага твора папяровай музыкай. Звычайна пад “папяровым дызайнам” маюць на ўвазе працу ў стол, але паглядзіце — так працавалі многія наватары: Леанарда да Вінчы, Лабачэўскі, Цыялкоўскі, Леанідаў — людзі, значна апярэдзіўшыя ўласную эпоху.

— Вы пачыналі як практык. А калі ў вас з’явілася памкненне шукаць канцэптуальныя падмуркі дызайну?

— Здаецца, яно ў мяне было заўсёды! Навукова-даследчую дзейнасць я распачаў яшчэ ў далёкім 1968 годзе. Скончыў завочную аспірантуру пры Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Канцэпцыя ўзаемадзеяння і метадычныя праблемы дызайну”. Атрымаў вучонае званне дацэнта. Быў загадчыкам кафедры дызайну, членам экспертнага савета па кандыдацкіх дысертацыях у галіне мастацтва ВАК РБ, а таксама экспертам Вярхоўнага суда РБ па аўтарскіх правах у сферы дызайну.

— Што вы лічыце найбольшым дасягненнем у сваёй дзейнасці?

— Распрацаваную мною філасофскую канцэпцыю ўзаемадзеяння і пабудаваную на гэтай навуковай аснове тэарэтычную мадэль дызайн-дзейнасці і дызайн-адукацыі, а таксама сістэму прафілюючых дысцыплін: “Тэорыя і метадалогія дызайн-дзейнасці”, “Фармальная кампазіцыя”, “Вучэбны малюнак”.

— Спрэчкі пра тое, ці з’яўляюцца аб’екты дызайну творамі мастацтва, вядуцца ўжо не адзін год. А якое ваша меркаванне на гэты конт?

— Калі трактаваць азначэнні паняццяў “мастацтва” і “дызайн” строга ў навуковым кантэксце, то дызайн (як і архітэктура) належыць да сферы матэрыяльна-мастацкай культуры, а не мастацтва. Тут мне могуць запярэчыць: як жа так, калі дызайнер уключае ў свой прафесійны арсенал тыя ж формаўтваральныя фактары ды працуе з вобразамі нароўні з мастаком? Аднак гэты складнік выконвае ў дызайне прынцыпова іншую ролю, чым у мастацтве. Па азначэнні Канта, эстэтычны аспект — гэта суджэнне суб’ектыўнага густу. І ў дызайне ён заўсёды носіць кантэкстуальны, дастаткова адносны і ўмоўны характар — у адрозненне ад мастацтва. Дарэчы, гэта пераканаўча даказаў на канкрэтных прыкладах яшчэ Сакрат!

Бо што такое дызайн — прынамсі, у маім разуменні? Гэта сінтэз прынцыпаў навуковай, тэхнічнай і мастацкай творчасці, прычым канкрэтная мера іх суадносін залежыць ад мэтаў і асаблівасцяў той канкрэтнай праблемы, якую ў дадзены момант вырашае дызайнер. А ён у поўнай меры залежыць у сваіх праектных рашэннях толькі ад узроўню прафесіяналізму праектнай культуры. Гэтыя якасці дызайнер павінен пастаянна ўдасканальваць, спасцігаючы і выкарыстоўваючы ўсе патэнцыяльныя формаўтвараючыя магчымасці сучаснай тэхнікі і тэхналогіі.

— У савецкі час былі спробы ствараць “сучасны” дызайн на састарэлым абсталяванні, выкарыстоўваючы састарэлыя тэхналогіі. Заходняя ж практыка аддае пяршынства дызайну, пад які распрацоўваецца ўнікальнае абсталяванне і сучасныя тэхналогіі…

— Параўноўваць поспехі савецкіх мастакоў-канструктараў і заходніх дызайнераў нельга, бо яны працавалі ў розных сацыяльных умовах і мелі перад сабой розныя мэты. Дык пра якую тады можна казаць канкурэнцыю? На Захадзе усё — і інжынерна-тэхнічныя ідэі, і найноўшыя прамысловыя тэхналогіі — нацэлена на атрыманне прыбытку любымі сродкамі. А што ў выніку? Культ спажывецкіх інтарэсаў, падзенне духоўнай культуры насельніцтва і прамыслова-фінансавыя крызісы. Тым не менш, камерцыйны дызайн, на мой погляд, па сваёй сутнасці і паводле ўзроўню прафесіяналізму стаіць бліжэй да Дызайну з вялікай літары, чым наша мастацкае канструяванне як мадэрнізаванае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

— У БССР налічвалася ўсяго каля 300 дызайнераў, а цяпер ВНУ Рэспублікі Беларусь выпускаюць столькі дызайнераў кожны год. Чым вызначаецца прэстыж прафесіі?

— Сёння назіраецца ажыятажны попыт не на дызайн, а толькі на сам тэрмін, які ў руках бойкага рэкламнага бізнесу пераўтварыўся ў “кардонную дурылку”. Яе лепяць да любога тавару, штучна ўзбуджаючы хапальны інстынкт спажыўцоў усяго моднага. Але, што асабліва сумна, сам дызайн як прафесія таксама пераўтвораны ў ходкі тавар (у поўным асартыменце яго 16-ці кірункаў па дзяржаўным адукацыйным стандарце). Пры гэтым катастрафічна зніжаецца якасць “таварнай прадукцыі” ва ўмовах рознага кшталту
адукацыйных устаноў, якія распладзіліся без меры і атрымліваюць ад спекулятыўнага бізнесу надзвычайныя прыбыткі. Было б памылкова лічыць гэты ў дрэнным сэнсе слова тэатр за ўздым прэстыжу сапраўднага Дызайну.

— Ці патрэбная дзяржаўная сістэма дызайну ва ўмовах рынкавай эканомікі?

— Паколькі існуе дзяржаўная і прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці, непазбежна будзе існаваць не толькі іх шчыльнае ўзаемадзеянне, але і жорсткая канкурэнтная барацьба. Калі дзяржава не жадае прайграць у ёй, яна павінна ствараць уласную культурную і таварную палітыку. Дызайну ў ёй мусіць адводзіцца значная роля, паколькі канкурэнцыя тавараў — гэта канкурэнцыя культур. Невыпадкова прыватны бізнес (асабліва заходні) з такім энтузіязмам, пераборлівасцю і фінансавай шчодрасцю скупляе па ўсім свеце лепшых спецыялістаў-дызайнераў.

— Якія, на ваш погляд, адметныя прыкметы беларускага дызайну?

— Асноўная з іх — арыентацыя школы на апераджальнае навучанне дызайнераў на падставе праблемна-метадалагічнага і сістэмна-дзейснага падыходу. Але гэта ў мінулым. Сёння ж беларускі дызайн, аказаўшыся пакінутым на волю лёсу, стаў выжываць “партызанскімі” метадамі і сродкамі. Іншымі словамі, змагацца малымі, разрозненымі групамі ці ў адзіночку. Беларускі саюз дызайнераў, сабраўшы пад свае сцягі вялікую колькасць творчых асоб у выглядзе разнамаснага “народнага апалчэння патрыётаў дызайну”, зрэдку праводзіць тактычныя і баявыя вучэнні і манёўры: камерныя выставы, грамадскія акцыі і святочныя мерапрыемствы. Але, на жаль, “рэгулярнай арміі”, здольнай стаць згуртаванай і дзеяздольнай сілай у барацьбе за сцвярджэнне сваіх прафесійных ідэалаў, у нас пакуль не з’явілася.

— Якую ж тады ролю павінен адыгрываць сёння Беларускі саюз дызайнераў?

— Строга, паслядоўна, настойліва і ў поўным аб’ёме рэалізоўваць на практыцы свае статутныя мэты, правы і абавязкі.

— Што б вы параілі маладым дызайнерам? Якія могуць быць шляхі ўдасканалення прафесійнага майстэрства?

— Калі малады і добра падрыхтаваны дызайнер сапраўды імкнецца стаць класным спецыялістам у сваёй справе, то спраектаваць і спрагназаваць шляхі, метады і сродкі ўдасканалення прафесійнага майстэрства павінен здолець ён сам — як і кожная творчая асоба.

Якаў ЛЕНСУ,
Анатоль ЦЕХАНОВІЧ,
члены Беларускага саюза дызайнераў