Гэта зрабілі беларусы, і хвала ім за тое

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Уявіце сабе такую сітуацыю. Вы страцілі блізкага чалавека і маеце намер ушанаваць ягоную памяць годным надмагільным помнікам. Замаўляеце яго ў спецыялізаванай майстэрні, аплочваеце работу і транспарціроўку, пры замове ўдакладняеце, што, акрамя імя і прозвішча нябожчыка і дат нараджэння і смерці, мусіць быць эпітафія, з якой зразумела, як вы сумуеце па родным чалавеку і ганарыцеся, што ён належыць да вашага роду. І вось, калі надышоў час усталёўваць помнік, высвятляецца, што шыльда з эпітафіяй на ім адсутнічае. І знялі яе з помніка па загадзе дырэктара могілак.

Вы, натуральна, звяртаецеся да яго па тлумачэнне. І чуеце ў адказ: гэта зроблена, каб не нерваваць нейкага дзядзьку, якому ваша эпітафія не падабаецца. Ваш сваяк калісьці працаваў у канторы гэтага дзядзькі, і апошні лічыць, што менавіта гэты факт мусіць быць занатаваны ў эпітафіі — а зусім не тое, што нябожчык годны прадстаўнік вашага роду. І эпітафія будзе альбо такая, як жадае ваш апанент (з якім вы нават не знаёмыя), альбо помнік будзе ўвогуле без эпітафіі. Вы абурана пытаецеся: а хто ён такі, каб лезці ў мае справы. Адказ: ён мой добры знаёмец, а цябе я бачу упершыню ў жыцці — значыць, будзе так як хоча ён!

Абсурд? Так. Але нешта падобнае адбылося на самой справе ў швейцарскім горадзе Залатурн, у якім прайшлі апошнія гады Тадэвуша Касцюшкі. 21 кастрычніка там планавалася паставіць помнік нашаму славутаму земляку. І сама ідэя ўшанаваць такім чынам памяць Касцюшкі, і яе рэалізацыя належаць беларускай дыяспары Альпійскай рэспублікі. На грошы Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі помнік зроблены, адліты і дастаўлены ў Залатурн. На ім мусіў быць надпіс на нямецкай і беларускай мовах “Тадэвуш Касцюшка 04.02.1746—15.10.1817. Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў. Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі. 2017”.

Але на стадыі завяршэння праекта ў справу ўмяшаліся прадстаўнікі іншай краіны, і пад іх націскам улады Залатурна надпіс змянілі. Цяпер у тэксце згадкі пра Беларусь няма. Мэр гарадка сказаў з гэтай нагоды, што не ягоная справа высвятляць гістарычную справядлівасць. І зразумець яго можна: тое, што для нас абсалютна зразумела і відавочна, для яго выглядае самае малое як спрэчнае. І гэта наша недапрацоўка. Трэба і далей добра рупіцца, каб ведалі ў свеце і нас як нацыю, і нашу гісторыю, і нашых герояў.

На сітуацыю аператыўна зрэагавала Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Як паведаміла БелТА, 12 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык на брыфінгу заявіў наступнае: “Что датычыць ідэі па ўстаноўцы помніка, Міністэрства замежных спраў як беларускі дзяржаўны орган, адказны за супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, гэту ініцыятыву, безумоўна, падтрымала. Упэўнены, што гэта ідэя можа і мусіць быць рэалізаваная, і без грубага ўмяшальніцтва ў дзейнасць грамадскага аб'яднання ў Швейцарыі з боку каго б там ні было”.

Ды і ў самой Польшчы ёсць людзі, якія адэкватна разумеюць сітуацыю. Паводле матэрыялаў у Сеціве, дырэктар Фонда Касцюшкі ў Кракаве Томаш Атрэмбскі выказаўся ў тым сэнсе, што, калі палякі не жадалі далучыцца да беларускай ініцыятывы, дык у беларусаў ёсць поўнае права, каб тэкст на помніку быў на беларускай мове. Касцюшка нарадзіўся ў Беларусі, і менавіта беларусы зрабілі гэты помнік. І хвала ім за тое.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"