Пасведчанне трэба мець абавязкова

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

5 чэрвеня ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адбылася нарада, прысвечаная абмеркаванню новага Палажэння аб гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якое ўступіла ў дзеянне з 1 чэрвеня. У нарадзе прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, супрацоўнікі Міністэрства, дырэктары сталічнай і абласных філармоній, намеснікі начальнікаў абласных упраўленняў культуры, якія курыруюць гэтае пытанне.

Палажэнне ўтрымлівае шэраг новых аспектаў. Яно прадугледжвае больш высокі ўзровень рэгулявання, бо зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дабавіліся новыя суб’екты гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Ды ўсё ж галоўныя новаўвядзенні, якія могуць, мяркуючы ўжо нават па нарадзе, выклікаць найбольш пытанняў, сфармуляваны ў пункце 6. Асобнае пасведчанне патрабуецца для правядзення кожнага культурна-відовішчнага мерапрыемства. Абавязковым з’яўляецца і атрыманне пасведчання тымі дыскатэкамі, рэстаранамі, кавярнямі, барамі, калі там выступаюць артысты ці творчыя калектывы і гэта ўключана ў кошт паслуг. Калі выступаюць запрошаныя артысты, дык пасведчанне патрабуецца на кожнае такое мерапрыемства, калі ж яны залічаны ў штат установы, пасведчанне выдаецца на месяц.
Новае Палажэнне з’яўляецца лагічным працягам такіх нарматыўных актаў, як законы “Аб масавых мерыпрыемствах”, “Аб рэкламе”, “Аб дзяржаўнай пошліне”. Ужо са студзеня бягучага года за выдачу пасведчанняў на гастрольна-канцэртную дзейнасць спаганяецца не плата, а дзяржпошліна. Але многім супрацоўнікам канцэртных арганізацый і ўпраўленняў культуры цяжка адразу адкінуць былыя стэрэатыпы, звыклыя за доўгі час. Таму мэтай нарады было больш дэталёва растлумачыць сутнасць Палажэння, звярнуць увагу на новыя ў ім аспекты, даць адказы на пытанні, якія цікавяць суб’ектаў гастрольна-канцэртнай дзейнасці. 

Надзея БУНЦЭВІЧ

Каментарый спецыялістаў да Палажэння аб гастрольна-канцэртнай дзейнасці
на тэрыторыі
Рэспублікі Беларусь чытайце ў наступным нумары “К”.