У пошуку ідэй

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

1 снежня завершыцца прыём заявак на конкурс Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на лепшую песню для цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, што адбудуцца ў нашай краіне ў 2019 годзе. Да 15 лістапада Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь чакае прапановы з ідэямі, як будзе выглядаць і называцца талісман спаборніцтваў.

Права правядзення II летніх Еўрапейскіх гульняў Беларусь атрымала падчас 45-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, што адбылася ў Мінску ў кастрычніку 2016 года. У чэрвені 2019 года ў беларускай сталіцы пройдуць спаборніцтвы ў 15 відах спорту.

Гульні-2019 рыхтуюцца пад слоганам Bright Year, Bright You, які адаптавалі па-беларуску як “Час яскравых перамог”. Лагатыпам Еўрагульняў абрана папараць-кветка. Што пачуюць беларусы і замежныя госці падчас урачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця на стадыёне “Дынама” і якім будзе талісман спаборніцтваў, аргкамітэт вырашыць пасля азнаямлення з конкурснымі заяўкамі.

Таксама ідзе набор валанцёраў для дапамогі амаль пяці тысячам замежных гасцей. Асноўныя патрабаванні — валоданне замежнымі мовамі і разуменне спецыфікі розных відаў спорту. Падрабязнасці і адрасы, куды можна дасылаць заяўкі па вышэйзгаданых пазіцыях, можна знайсці на сайце www.kultura.by.