Ад усёй краіны

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

На старонках “К” падводзяць вынікі працоўнага года і віншуюць калег з Днём работнікаў культуры кіраўнікі профільных упраўленняў Брэстчыны, Віцебшчыны, Гомельшчыны, Гродзеншчыны, Магілёўшчыны і Міншчыны.

/i/content/pi/cult/659/14602/2.jpgТаццяна ГАГАКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама:

— Гэта свята яшчэ раз вяртае нас да сапраўдных каштоўнасцей прыгажосці і духоўнасці. Культура дапамагае нам усвядоміць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, выхоўвае патрыятычныя пачуцці, забяспечвае надзейную сувязь паміж пакаленнямі і народамі.

Брэстчына славіцца сваімі традыцыямі, якія з’яўляюцца яскравай візітоўкай рэгіёна. Да мэтанакіраванай працы па выяўленні, захаванні і папулярызацыі лепшых узораў традыцыйнай культуры актыўна прыцягваюцца дзеці, падлеткі і моладзь. Наглядна пераемнасць пакаленняў дэманструецца ў рамках такіх мерапрыемстваў, як абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак”, праект “Рух зямлі”. Значную ролю ў справе папулярызацыі ўнікальных культурных традыцый Палесся грае Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Мотальскія прысмакі”, які дэбютаваў і стаў пераможцам у намінацыі “Падзея года” ў Рэспубліканскім конкурсе “Пазнай Беларусь”. Знакавымі з’яўляюцца міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” і тэатральны — “Белая вежа”.

Дасягненні рэгіёна немагчымы без творчага патэнцыялу і працы фальклорных калектываў, майстроў народнай творчасці, якія захоўваюць і памнажаюць культурную і духоўную спадчыну. Цудоўнымі прыкладамі служаць традыцыі ганчарнага промыслу з аўтэнтычнымі элементамі ў вёсцы Гарадной, двухасноўнае (падвойнае) ткацтва вёскі Падбела, традыцыі “Спораўскай полькі” і тэхналогія вырабу птушкі-
абярэга ў Бярозаўскім раёне, абрад “Стрылка” ў Драгічынскім раёне, каравайная традыцыя ў вёсцы Моталь і многія іншыя. Захаванню нацыянальнай культуры садзейнічае дзейнасць бібліятэчных устаноў і музеяў вобласці, якія з’яўляюцца інфармацыйнымі, адукацыйнымі і сацыяльна-культурнымі цэнтрамі.

Сёння культработнікі Брэстчыны надаюць вялікую ўвагу павышэнню якасці паслуг, што прадастаўляюцца насельніцтву, фарміраванню дадатковых крыніц фінансавання, якія накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльнай базы і стымуляванне працы. Спадзяемся, што агульнымі высілкамі мы вырашым адказныя задачы па фарміраванні дзяржаўнай культурнай палітыкі, захаванні нацыянальных традыцый і памнажэнні культурных дасягненняў рэспублікі.

Пётр ГНУЦЕНКА, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама:

— У межах апошняга года нам удалося адрамантаваць і давесці да ладу шэраг знакавых аб’ектаў і помнікаў архітэктуры. Папрыгажэў Сафійскі сабор, абнавіўся Музей беларускага кнігадрукавання. Нельга не вылучыць і адкрыццё памятнага знака “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці” на беразе Заходняй Дзвіны, якое адбылося падчас святкавання Дня пісьменства.

Віцебскія фестывальныя “брэнды”, нягледзячы на знакавыя падзеі, гэтаксама традыцыйна не засталіся без увагі — “Браслаўскія зарніцы”, “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўна, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, ды, вядома, “Славянскі базар у Віцебску”... Свае форумы мы песцім і любім, і спрабуем уводзіць у іх новыя фарматы мерапрыемстваў. У прыватнасці, у рамках апошняга “Базару” ўпершыню зладзілі абласны турнір бытавых танцаў для ўсіх ахвотных. Удзел прынялі 72 пары, і мы спадзяемся, што налета далучацца танцоры-аматары з іншых абласцей і рэгіёнаў.

Таксама ўпершыню падчас форуму “Дняпроўскія галасы” мы зладзілі тры конкурсы: для аркестраў народных інструментаў, для аркестраў баянаў і акардэонаў ды для аркестраў баянаў і народных інструментаў. Летась нашу вобласць прызналі найлепшай у культурным напрамку, таму імкнемся падтрымаць сваё рэнамэ і ўдасканальваць працу.

У шэрагу новых ініцыятыў — акцыя “Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці”. Нашым майстрам удалося зафіксаваць такую спадчыну ў кожным раёне. Рыхтуецца да выдання адмысловы каталог-альбом, дзе будуць прадстаўлены вынікі нашых экспедыцый і даследаванняў. Гэтым праектам мы ганарымся, бо аналагаў у рэспубліцы я не ведаю.

Беларускі фальклор, традыцыйная культура, рамёствы — вось тое, што падпітвае нашу сучасную культуру, мастацтва, таму неацэннымі з’яўляюцца ўсе высілкі па захаванні і папулярызацыі нашай спадчыны. Гэты пласт неабходна за сабой весці, выяўляць яго і рэкламаваць. Бо чым мы адметныя як не гэтым? Ды ў сінтэзе сучаснага і традыцыйнага, мяркую, і нараджаецца наша будучыня.

Інга ЗАЎГАРОДНЯЯ, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама:

— Шаноўныя сябры, прыміце сардэчныя віншаванні з прафесійным святам! Гэты дзень у календары знамянальных дат з’явіўся невыпадкова. Фарміраванне паўнавартаснага грамадства, выхаванне духоўна здаровага, разумнага і мэтанакіраванага маладога пакалення немагчыма без моцнага культурнага падмурку. Нацыянальная самабытная культура — важнейшы рэсурс сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, неад’емны складнік іміджу рэспублікі ў краіне і свеце.

Гомельская зямля ўзгадавала нямала дастойных сыноў. Тут нарадзіліся літаратары Іван Мележ і Іван Шамякін, кампазітары Рыгор Пукст і Яўген Гладкоў, мастакі Георгій Ніскі і Аляксандр Ісачоў. Мы па крупінках збіраем сваю спадчыну, клапатліва захоўваем памяць пра вытокі і знаходзімся ў пастаянным развіцці, імкнучыся ісці ў нагу з часам. Жыхары нашага краю гатовыя шчыра дзяліцца сваім духоўным багаццем, якога хопіць на многія пакаленні наперад.

У рэгіёне дынамічна функцыянуе каля паўтары тысячы арганізацый культурнай галіны. Спіс традыцыйных фестываляў, плэнераў і конкурсаў няспынна папаўняецца. Нашы таленавітыя землякі не раз былі адзначаны на самых прэстыжных конкурсах. Шматлікі калектыў работнікаў культуры краю — гэта сапраўдны авангард ініцыятыў і пачынанняў у духоўнай сферы.

На тэрыторыі вобласці працуюць 18 калектываў са званнем “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, 30 творцаў уваходзяць у “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. 3 майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва атрымалі ганаровае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Спецыяльнай прэміяй Кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва ўзнагароджаны калектыў Гомельскага дзяржаўнага цырка. За апошнія паўтары гады 21 чалавек падтрыманы спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Бягучы год шчодры для нас на значныя даты і падзеі. Гомельская абласная філармонія адзначыла 50-годдзе, а мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” ў Жлобіне — 10-годдзе з дня адкрыцця. У аграгарадку Чыркавічы Светлагорскага раёна з’явіўся першы ў краіне лічбавы кінатэатр у сельскай мясцовасці з магчымасцю кінапаказу ў фармаце 3D.

Паважаныя работнікі сферы культуры, ветэраны галіны, прыміце словы шчырай падзякі за вашу самаадданую працу! Менавіта вы, як ніхто іншы, умееце захапіць і дарослых, і дзяцей светам прыгожага. Дзякуючы вашым намаганням падтрымліваюцца высакародныя традыцыі асветніцтва, захавання і памнажэння духоўнай спадчыны. Ваша цудоўная энергія, бясконцая адданасць прафесіі, любоў да людзей здольныя ствараць цуды. Дзякуй вам за адданае служэнне культуры, за ваш асаблівы дар адкрываць у чалавеку лепшыя рысы, за талент дарыць радасць судакранання з прыгожым. Жадаем вам новых творчых адкрыццяў, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, шчасця і дабрабыту!

Аляксандр ВЯРСОЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама:

— Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры мне хочацца падзякаваць ім за ахвярную працу па захаванні нашай гісторыка-культурнай спадчыны, яе нематэрыяльных элементаў і матэрыяльных аб’ектаў. На Гродзеншчыне нямала помнікаў дойлідства, вартых называцца нацыянальнымі брэндамі — палацавы комплекс у Свяцку, гродзенскі Стары замак, замкі ў Навагрудку, Гальшанах, Крэве… Частка іх у працэсе рэстаўрацыі, іншыя чакаюць сваёй чаргі. Каб я не быў упэўнены, што фінансаванне рана ці позна будзе, я бы ўвогуле не згадваў гэтыя праекты. Але людзі, упаўнаважаныя прымаць рашэнні, разумеюць, наколькі важна выдаткоўваць сродкі на такія праекты — нават пры наяўнасці ў дзяржаве эканамічных цяжкасцей. Бо ўкладанні ў культуру і аднаўленне гістарычнай памяці — гэта ўнёсак у будучыню. Так што працы шмат — прафесіяналізм, талент і творчы імпэт работнікаў культуры запатрабаваныя. Сёння і заўжды.

Напярэдадні Дня работнікаў культуры мне прыемна нагадаць, што Гродзенскі тэатр лялек уганараваны званнем Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь; што маладыя таленты Гродзеншчыны маюць падтрымку Прэзідэнцкага фонда. Я жадаю ўсім, хто задзейнічаны ў сферы культуры, не толькі захаваць напрацаваны патэнцыял, але і выйсці на новы ўзровень творчасці. І, зразумела, каб іх работа заўсёды атрымлівала годную ацэнку.

Кацярына МУЗЫЧЭНКА, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама:

— Паважаныя работнікі культуры, ветэраны галіны! Сардэчна віншую вас з прафесійным святам! Хачу выказаць вам самыя шчырыя словы падзякі за прафесіяналізм, любоў да прыгожага і імкненне прышчапіць гэтую любоў жыхарам нашай краіны!

Менавіта вы ўносіце вялікі ўклад у духоўнае развіццё грамадства і папулярызацыю культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь за мяжой. Вы працуеце тады, калі адпачываюць іншыя, шчодра аддаеце людзям багацце сваёй душы, дорыце радасць зносін з хараством. Менавіта культура і мастацтва нагадваюць людзям пра вечныя каштоўнасці, вучаць іх быць дабрэй да блізкіх.

Паважаныя калегі! Хай ніколі не скончыцца ваш шлях да прафесійнай дасканаласці, а ваша праца будзе заўсёды ўвянчаная поспехамі! Добрага вам здароўя, ажыццяўлення смелых ідэй і праектаў! Шчасця, аптымізму і дабрабыту!

Магілёўская культура сустракае сваё свята з нядрэннымі вынікамі. Так, Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прыняла рашэнне надаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Традыцыі вырабу саламяных павукоў у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці”. Са Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі заахвочаны дванаццаць чалавек і два творчыя калектывы вобласці. Шэсць праектаў магілёўскіх бібліятэк сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Многія ўстановы культуры годна прадстаўлялі і вобласць, і ў цэлым краіну на інвестыцыйных і эканамічных сусветных форумах. Як заўсёды, радавалі сваім творчым напаўненнем і якасцю традыцыйныя мерапрыемствы — візітоўкі Магілёўшчыны. Шэраг буйных падзей яшчэ чакае нас да канца года. А наш Бабруйск цалкам апраўдвае свой сёлетні статус культурнай сталіцы Беларусі.

Сяргей ЛАДЫШАЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама:

— Сфера культуры ў жыцці нашай краіны і ў жыцці любога народа — асаблівая. Адсюль мы чэрпаем сілы для духоўнага развіцця, што, у сваю чаргу, дае сур’ёзны імпульс для інтэлектуальнага і працоўнага ўдасканальвання, становіцца асновай нашых поспехаў. Таму людзі, якія працуюць у гэтай сферы, — таксама асаблівыя, яны фарміруюць духоўны фундамент нацыі. Усім працаўнікам нашай роднай галіны хацелася б пажадаць духоўнага росту, мудрасці, сіл, здароўя, цярпення і выказаць словы велізарнай удзячнасці за тую працу, што яны робяць. Лічу, менавіта дзякуючы іх унёску існуе беларуская нацыя.

Павел СКАЛАБАН, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама:

— Сёння мы па праве ўшаноўваем тых, хто сваім талентам, працавітасцю, любоўю да роднага горада прымнажае яго славу і аўтарытэт, уносіць вялікі ўклад у развіццё нашага грамадства, вядзе карпатлiвую работу па духоўна-маральным выхаванні моладзі.

Дзякуючы вашым намаганням, ведам i досведу Мінск з’яўляецца культурным цэнтрам, дзе гарманічна спалучаюцца класічныя традыцыі і плённае наватарства. У Мінску ствараюцца выдатныя фэсты і спектаклі, працуюць буйныя музеі, канцэртныя залы, бібліятэкі, праходзяць папулярныя выставы. Зычу работнікам культуры здароўя, дабрабыту, шчасця і поспехаў у нялёгкай, але такой патрэбнай працы на карысць роднага горада!