Урокі міёрскага радзімазнаўства

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Партрэт культуры Міёрскага раёна — гэта шматколернасць фарбаў, выразных тонаў і не менш шматзначных паўтонаў. Тут няма другарадных рысак. Літаральна ўсё — і развіццё фальклору, традыцыйных рамёстваў, і сучаснае аграгарадское аблічча вёсак, і дыхтоўнае жыллё для маладых спецыялістаў, у тым ліку і ў сферы культуры, і паўсюдная камп’ютэрызацыя бібліятэк і клубаў, і цудоўны музей “Радзімазнаўства”, — усё без выключэння працуе на сённяшні сацыякультурны імідж старадаўняй Міёршчыны.

Жыць у вёсцы гараджанінам
У імправізаваным “круглым стале” па пытаннях развіцця культуры гэтага раёна Віцебшчыны прымаюць удзел старшыня Міёрскага райвыканкама Віктар ТАРАСЕВІЧ і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Марыя БАНІФАТАВА.

— З культуры пачынаецца Радзіма,— пачынае размову Віктар Іосіфавіч. — І нездарма Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла, адпаведная праграма Віцебскага аблвыканкама, дзейсная падтрымка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь скіраваны апошнім часам на тое, каб наша вёска набыла якасна новы статус і па знешнім выглядзе, і па сацыякультурным абслугоўванні насельніцтва… Я вельмі люблю сваю азёрную Міёршчыну, грыбныя і ягадныя лясы, люблю нашы песні, а больш за ўсё — людзей, якія жывуць і працуюць побач. Напэўна, у гэтым і ёсць высакародная сутнасць радзімазнаўства, без якога няма будучыні...

— Такія падыходы да развіцця раённай культасветработы сапраўды заўважныя. Да прыкладу, уразіла такое цудоўнае свята, як Фестываль народнай творчасці “Перабродская зорка”, які стаў міжнародным; ніколі не бачыла музея, падобнага на музей “Радзімазнаўства” ў Лявонпалі; мала дзе сустракала такую колькасць клубных фарміраванняў (іх больш за 170!); адметна і тое, што спецыялістаў сферы культуры ў вашых аграгарадках чакаюць прэзідэнцкія домікі — толькі працуй!Марыя Баніфатава:

— Вы правільна заўважылі, што для маладых спецыялістаў, у тым ліку і культасветработнікаў, няма праблемы атрымаць у нашым раёне добры трох-пяціпакаёвы дом. Гэта і бібліятэкары, і клубнікі… Менавіта такім чынам вырошчваем свае кадры, якія трывала замацоўваюцца на Бацькаўшчыне, цудоўна ведаюць мясцовы лад жыцця і менталітэт землякоў. А сённяшнія вяскоўцы — гэта зусім іншае пакаленне людзей. Яны жадаюць жыць у вёсцы гараджанамі. І мы імкнёмся стварыць для гэтага ўсе ўмовы — вы ў гэтым пераканаецеся ў любым аграгарадку Міёршчыны.

— Дарэчы, колькі ў раёне аграгарадкоў?Віктар Тарасевіч:

— “Цвеціна”, “Туркова”, “Мікалаева”, “Чапукі”, “Чэрасы”, ідзе рэканструкцыя ў “Язне” і “Узмёнах”… Але рэканструкцыя клубаў і бібліятэк вядзецца не толькі ў аграгарадках:працэс гэты паўсюдны, і, як правіла, робім менавіта еўрарамонт устаноў культуры. У аграгарадках вы не ўбачыце састарэлых марак камп’ютэраў. Не шкадуем фінансаў і на папаўненне бібліятэчных кніжных фондаў. Наша палітыка тут адназначная: калі ёсць новы будынак, дык чаму не павінны абнаўляцца, скажам, кніжны фонд, камп’ютэрнае абсталяванне? Дый спецыялістаў у сферы культуры імкнёмся займець дасведчаных, сучасных, маладых... У вёсцы Мікалаева прэзідэнцкі дом прыстасавалі пад інтэрнат для маладых спецыялістаў. Прынамсі, там жыве загадчыца СК Таццяна Парадня. Не выключана магчымасць, што ў хуткім часе інтэрнат ператворыцца ў жыллё для новай маладой сям’і.

— Падыход выключна творчы, з прыкідкай, так бы мовіць, на заўтрашні дзень міёрскай культуры...Марыя Баніфатава:

— Хацела б дадаць, што клапоцімся не толькі пра маладых, новых людзей вёскі, але і пра пажылых. У сістэме раённай культуры створана спецыяльная служба: Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ёсць “Дом без адзіноты” ў Дзісне, які ўзначальвае Ірына Мільяновіч. У аддаленыя вёскі накіроўваецца не толькі мастацкая самадзейнасць, але і аўтакрама. Пяць дзён на тыдзень да састарэлых спяшаецца сацыяльны работнік, каб аказаць неабходную дапамогу: пачысціць комін, адрамантаваць плот ці згатаваць абед... І гэта таксама найвышэйшая праява культуры і дабрачыннасці.

— Ведаю, што ў вас распрацавана і дзейнічае раённая праграма развіцця культуры. У ёй нават падпраграмы ёсць. Адна з іх — экалагічная. Мне давялося начаваць на ўзбярэжжы возера Абсцерна, і я была вельмі ўражана ягонай чысцінёй, белымі лебедзямі...Віктар Тарасевіч:

— Развіваем не толькі экалагічныя праекты, але і агратурызм, які цяпер надта папулярны, вывучаем і захоўваем гістарычную спадчыну, маем шмат здабыткаў у краязнаўстве і папулярызацыі традыцыйнага народнага мастацтва.

Вы, дарэчы, узгадалі Свята народнай творчасці “Перабродская зорка”. Хацеў бы на гэтым прыкладзе распавесці пра генеральныя кірункі работы сельскіх устаноў культуры. Цудоўна працуе загадчыца Перабродскага сельскага клуба Ларыса Нікіціна! Наўкола праблемы з маладымі спецыялістаміхарэографамі, а ў нас — цэлы харэаграфічны фэст. І ў маштабе невялічкай вёсачкі нашага раёна ён ператварыўся ў мерапрыемства міжнароднага значэння — сучаснае свята прыроды і маладосці ў антуражы старадаўняй гісторыі. Пасля апошняга фэсту мы нават выпусцілі лазерны дыск (ёсць у Міёрах свая студыя гуказапісу) — няхай людзям застаецца згадка пра падзею. Фестываль адбываецца там, дзе вы ўжо былі, паміж азёрамі Абсцерна і Набіста. Там ёсць рэчка без назвы і выспачка... Калісьці Кацярыне ІІ мясцовыя жыхары падказалі, як праз рэчку перабрацца. За гэта царыца дала сялянам вольную... А як велічна гучыць Перабродскі народны хор, якому ў наступным годзе споўніцца 70 гадоў! Здаецца, сама прырода дапамагае яму ўшаноўваць і таленавітасць нашых людзей, і прыгажосць міёрскіх краявідаў.

Развіваем у Пераброддзі эка- і агратурызм. Уздоўж Набісты і Абсцерны пракладзена духоўная “сцежка”, якая вядзе да старадаўняга каменя. Па легендзе, наім застаўся след Ісуса Хрыста. Святое месца! А паблізу — Воўчая гара з некранутымі векавымі курганамі— самае высокае месца ў Міёрскім раёне.

Марыя Баніфатава:

— Не ўлюбіцца ў нашу зямлю проста не магчыма!

 Шлях да Бога, да Мацярынства

Разам з начальнікам аддзела культуры Міёрскага райвыканкама Чэславам Кашкурам мы стаялі ў райцэнтры ля чырвонага касцёла.

— Пакажу вам тое, чаго няма нідзе ў свеце, — інтрыгуе мяне субяседнік. І перад маімі вачыма — сапраўды цуд: помнік Божай Маці з ненароджаным дзіцем. Ніколі такой не бачыла.

— І праваслаўныя, і каталікі нашага раёна вучацца міласэрнасці. І гэта таксама адна з праяў шматаблічнай культуры. Пра вялікае шчасце мацярынства пастаянна кажуць прыхаджанам і наш ксёндз Кшыштаф, і праваслаўны протаіерэй айцец Мікалай. Тым больш, што на гэта цяпер дзяржаўная палітыка ўшчыльную накіравана. Дзецям і маці — увага першачарговая...

Мне давялося сустрэцца з айцом Мікалаем. Ён нагадаў, што сёлета 22 чэрвеня супадае з нядзеляй, як тады, на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І нейкая нязбыўная трывога апанавала сэрца. Айцец Мікалай, адзін з самых старых святароў Беларусі, які сам пабудаваў і дом свой, і Храм Палажэння Рызы Прасвятой Божай Маці ва Улахерне,распавёў пра тое, як ён у дзяцінстве цудам застаўся жывы... Міёрскія лясы, фашысцкая блакада, усе мужчыны-партызаны на заданні, у лясным лагеры — толькі бяззбройныя жанчыны і дзеці. І раптам — фашысты, якія пачынаюць расстрэльваць людзей ва ўпор. Хлопчык дастае Біблію, і... чытае Запавет. Немцы праходзяць міма яго...

Айцец Мікалай — духоўнік многіх праваслаўных Міёршчыны. Апрача духоўнага служэння, ён па-майстэрску ўзнаўляе музычныя інструменты — арган, клавесін, скрыпкі. І грае на іх. Фартэпіяна падарыў нядзельнай школе. Дбае пра дзяцей. І тут, натуральна, праграмныя мэты праваслаўнага святара і каталіка па веравызнанні Чэслава Кашкура, начальніка аддзела раённай культуры, супадаюць да драбніц. Дзеці на Міёршчыне — пад штодзённай увагай: вучацца і ў Доме рамёстваў, і ў музычнай школе, і ў клубах, і ў бібліятэках, і ў этнаграфічных музеях, створаных у кожнай агульнаадукацыйнай школе. Вучацца ведаць і любіць гісторыю, свой край, вучацца разумець і не марнаваць жыццё. І гэта — таксама частка раённай праграмы развіцця культуры. Нездарма мясцовая дзіцячая бібліятэка — лепшая на Віцебшчыне, а народны клуб майстроў “Святліца” — не толькі асяродак пераемнасці мясцовых традыцый, але і адзін з эфектыўных сродкаў таго самага радзімазнаўства, якім так ганарацца на Міёршчыне.

 
Песня звонкай гліны і неабыякавай душы

Кіруе “Святліцай” Алена Зубава. Яна — ганчарных спраў майстар. Цацкі і збанкі, свістулькі і керамічнае пано на палатне (ніколі такіх не бачыла!) — справа рук не толькі няўрымслівай жанчыны, але і яе таленавітых вучняў. Ганчарны круг змайстраваў Алене Эдвардаўне яе бацька — Эдвард Геранімавіч. Дарэчы, міёрскія майстры перавагу аддаюць не сваёй — абольскай гліне: надта звонкія ды бязважкія рэчы з яе атрымліваюцца. Керамічныя ўпрыгожанні, пано, падстаўкі для алоўкаў мясцовыя глінамесы не без поспеху прадаюць. А кераміка мясцовая — добра пазнавальная. І дзе толькі няма гліняных візітовак Міёршчыны! Яшчэ адна выразная старонка радзімазнаўства, што з поспехам прапагандуецца па ўсёй Беларусі...

Не жадаюць адставаць ад глінамесаў і музыкі. Запамінальныя канцэрты дзіцячых калектываў узнімалі настрой гледачам у Браславе, Верхнядзвінску, Полацку. За мінулы год самадзейныя артысты Міёршчыны зладзілі амаль сто тэатралізаваных прадстаўленняў. Сёлета іх будзе больш. А аснова любога мерапрыемства — заўжды народная. Дзеці ў фальклорных гуртках збіраюць традыцыйную спадчыну, запісваюць ад дзядуль і бабуль усё, што тыя памятаюць пра ўласную мінуўшчыну. Начальнік аддзела культуры вынікамі гэтай работы надзвычай задаволены: удалося выдаць даволі ладны томік “Фальклор Міёршчыны”. Паверце, кніжка карысная не толькі для мясцовых жыхароў!


 
Пяць пакояў для сям’і бібліятэкаркі
Факт для журналіста цудоўны: сям’я маладога спецыяліста — бібліятэкара сельскага клуба — атрымала пяціпакаёвы прэзідэнцкі дом у аграгарадку “Чапукі”.

... Алена прысела на ганак новенькага дома, паказвае, як цвітуць у палісадніку незабудкі. Усё наўкола сям’ёй абжыта, натуральна, і агародчык засаджаны. Алена Дулінская — чалавек шчаслівы. Муж Андрэй — мясцовы ветэрынарны ўрач, сынок Максім у садзік ходзіць. Уладкавацца і набыць мэблю маладым дапамагла Леніна мама з суседняга сяла Наўгароды, што побач з аграгарадком (СВК “Любінова”), дзе бібліятэкарка і жыве.

У вёсцы Чапукі — вялікая будоўля. Дзве вуліцы зусім новенькія. Побач лес... І ў канторы гаспадаркі заканчваецца еўрарамонт. Не паспелі мы з Чэславам Кашкурам агледзець новы клуб і бібліятэку, дзе Алене сумаваць няма калі, як на ганку ўстановы культуры з’явіўся старшыня СВК Васіль Яфімаў. Сам ён — мясцовы, кроўна зацікаўлены ў тым, каб не толькі механізатары з даяркамі, але і культасветработнікі трывала замацоўваліся на Бацькаўшчыне.

— 17 прэзідэнцкіх домікаў пабудавана ў нас, — распавядае кіраўнік. — Ёсць вольныя. Патрэбны нам эканаміст, інжынер. Хоць зараз аддам па новым доме!..

Пасля слоў Васіля Рыгоравіча ніколькі не сумняваюся, што і гаспадарка, і культура мясцовая без спецыялістаў не застануцца. Людзі тут гасцінныя, умовы для працы і адпачынку — самыя спрыяльныя, ды і да Мінска па трасе — 200 кіламетраў. Не кажу ўжо пра прыроду Міёршчыны. Карацей, хто сюды прыедзе — ніколі з гэтай зямлёй не развітаецца.

... Разам з Аленай вяртаемся ў бібліятэку. За суперсучасным камп’ютэрам сядзіць хлопчык. Пытаюся ў бібліятэкаркі:

— А што чытае цяпер сучаснае сяло?

— Новы гарадскі раман. Відавочны аграгарадскі ўплыў. Нашы вяскоўцы, не мяняючы месца жыхарства, жадаюць стаць гараджанамі. На ўзроўні культурнага, сацыяльнага і бытавога абслугоўвання...

 
Бібліятэкі — толькі профільныя
Дырэктар ЦБС Ала Скавародка ставіцца да маладых спецыялістаў з вялікай павагай. Алена ёй спадабалася вельмі: ініцыятыўная, з сучасным стаўленнем да бібліятэчнай справы, якую цяпер цяжка ўявіць без камп’ютэрнага забеспячэння. Усяго ў складзе ЦБС 33 бібліятэкі. Лічба кнігавыдачы ледзьве не астранамічная — 276 958 экзэмпляраў разам з перыядычнымі выданнямі.

У Алы Аляксееўны падыходы да працы адмысловыя. Па яе меркаванні, надышоў час прафілявання бібліятэк. Прааналізавала яна мясцовы досвед, вырашыла, што Дзісненская дзіцячая бібліятэка, напрыклад, цалкам можа стаць бібліятэкай сямейнага чытання, а Туркоўская сельская бібліятэка — Цэнтрам экалогіі. На базе Лявонпальскай сельскай бібліятэкі і клуба створаны Цэнтр культуры і адпачынку. У кожнай установы — свае праграмы, свае прыярытэты: “Здаровы лад жыцця”, “Міласэрнасць”, “Нам засталася спадчына”, самыя розныя праграмы па аўтаматызацыі і камп’ютэрызацыі бібліятэчнага абслугоўвання. Чатыры бібліятэкі аграгарадкоўужо набылі электронныя каталогі.

— Як зарабляеце, Ала Аляксееўна?

— Летась платных паслуг аказалі на 12,5 мільёна рублёў. Сёлетні план — больш за 14 мільёнаў. Да традыцыйных паслуг дадалі сем новых.

Усе яны звязаны з выкарыстаннем новых камп’ютэрных праграм. Да таго ж, у райбібліятэцы, да прыкладу, наладзілі прыём грамадзян па прававых пытаннях. Тут нашы чытачы могуць сустрэцца з натарыусам, адвакатам, юрыстам райвыканкама. У выніку і раённая, і дзіцячая бібліятэкі летась сталі пераможцамі абласнога аглядуконкурсу па якасным абслугоўванні і інфармаванні насельніцтва...

Як я даведалася, кніжны фонд тут — 268 тысяч экзэмпляраў, 15 тысяч чытачоў. Ала Аляксееўна дадае, што сёлета яшчэ дзве сельскія бібліятэкі атрымаюць самыя лепшыя сучасныя камп’ютэры.

— А што ў планах?

— Рэарганізацыя некаторых бібліятэк. Напрыклад, Востраўскую пераўтвараем у клуб-бібліятэку. Набываем і бібліобус, бо аддаленых вёсак і хутаркоў у раёне вельмі шмат.

 
Як гучыць душа дзіцяці
Мае суразмоўцы — дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Баляслаў ЧАРНЯЎСКІ і выкладчык па класе баяна і акардэона Ігар ЛАВЕЦ.
— Амаль усе нашы выкладчыкі — мясцовыя, калісьці вучыліся ў гэтай школе, — распавядае дырэктар. — Сярод іх і я, і Ігар... Наша цвёрдае перакананне: чым больш вясковых дзяцей засвояць азы музыкі, харэаграфіі і малявання, тым хутчэй вёска наблізіцца да горада.
— Ці цяжка далучаць да мастацтва сённяшніх дзяцей, якія з першага класа не ўяўляюць жыцця без камп’ютэра?
— Вучыць дзяцей заўжды цяжка, — тлумачыць выкладчык. — Мне, напэўна, крыху лягчэй, бо дзед мой быў музыкам, і бацька, і сына я гэтай справе навучыў. Павел таксама баяніст, стаў лаўрэатам конкурсу імя І.Жыновіча. Словам, з дзецьмі ў мяне кантакт поўны. Трэба толькі адчуць, як гучыць душа кожнага з іх.
— Я нядаўна была на размеркаванні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Больш за ўсё праблем на месцах з-за недахопу харэографаў. А ў вас?

— Усе харэографы — свае, — адказвае дырэктар. — У гэтым, відаць, заслуга нашай школы мастацтваў, бо па гэтай спецыяльнасці працуюць вучні нашых вучняў, падрыхтаваныя прафесійна, неабыякавыя да лёсу роднага краю.

— Чым яшчэадметная ДШМ?

— Узорным баянным аркестрам у сорак чалавек, напрыклад, — распавядае выкладчык. — Напэўна, такога і няма больш нідзе. Ёсць яшчэ народны ансамбль народнай песні “Мерыца”. Надта папулярны ў Міёрах і інструментальны квінтэт. Словам, недахопу музычных талентаў у нашым раёне няма.

 Аўдыёвідэабанк талентаў

У РДК ёсць эстрадная студыя. Кіруе тут Сяргей Аляксееў — музыка і спявак. Мне адразу дораць толькі што запісаны дыск. Растлумачылі, што на ім — песні Андрэя Баравіка, які набыў у Міёрах адукацыю, а цяпер жыве ў Польшчы. Свае адмысловыя песні ў Лесі Кордуш, Славы Нагорнага. А Марына Філіпава цяпер — салістка мюзікла “Прарок”. Сярод зусім маленькіх талентаў — Дар’я Сініца, Насця Філіпава, Святлана Атопкіна. Сяргей Аляксееў, які сам піша тэксты і музыку, пастаянна адшуквае сярод дзяцей і моладзі ўсё новыя вакальныя таленты. Дапамагае яму ў гэтым дырэктар мясцовага метадцэнтра Васіль Мядзюха. Ён — і аўтар відэафільмаў-хронік пра ўсе культурніцкія падзеі раёна, гэткі духоўны летапісец Міёршчыны. Існуе тут даволі багаты банк відэаданых, дзе “занатаваны” і вялікі канцэрт, і свята маленькай вёсачкі. Словам, нават не старонка, а цэлы раздзел у кнізе пад назвай “Радзімазнаўства”.

 
Старадаўняе сучаснае Купалле

Я на ўласныя вочы пераканалася, што ў раёне рамантуюцца не толькі буйныя ўстановы культуры — даводзяцца да ладу самыя маленькія клубы, у чым таксама стратэгія работы мясцовага аддзела культуры. Чэслаў Кашкур перакананы, што фальклорныя святы на Міёршчыне павінны ладзіцца ў сценах толькі якасна адрамантаваных клубаў і бібліятэк.

Цяпер самадзейныя артысты раёна рыхтуюцца да Купалля. Дарэчы, існуе тут адзінаццаць фальклорных калектываў, чатыры з якіх — дзіцячыя.

Бадай, самы лепшы — фальклорны гурт Істаўскага СК. Залішне казаць, што захаванне і развіццё традыцыйнай культуры — яшчэ адзін прыярытэтны кірунак дзейнасці мясцовых культасветнікаў. Кніга “Фальклор Міёршчыны” — амаль што сцэнарны дапаможнік для правядзення народных святаў.

І, хутчэй за ўсё, з’явіцца ў выдання лагічны працяг — другі том, а мо і трэці, бо захаванне і аднаўленне традыцыйнай спадчыны ў раёне не спыняецца.

Напрыканцы камандзіроўкі давялося мне паслухаць і цудоўную салістку Дзісненскага ГЦК Ядвігу Ганебную, якая спявае не толькі ў раёне, але не без поспеху гастралюе і па Еўропе, дзе, натуральна, спявае беларускія песні, прапагандуе ўласнае радзімазнаўства ў далёкім замежжы.

 Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкарэспандэнт
Мінск — Міёры — Дзісна — Мінск