Я не маю схільнасці лічыць рублі / юані / долары / быры / кванзы ў чужой кішэні, аднак не ўтрымаўся ад пытання, ці адпавядае заробак расійскай мастачкі ўзроўню яе кваліфікацыі? На гэта яна адказала, што сёння ў расійскіх ВНУ культуры і мастацтва конкурс меншы за той, які заспела яна сама. Статус мастака сёння не такі прэстыжны і прывабны, як быў, скажам, за савецкім часам. А прыёмная камісія той ВНУ, якую колісь скончыла яна, наўпрост папярэджвае абітурыентаў, што занятак выяўленчым мастацтвам — справа рызыкоўная і па вызначэнні не прыбытковая. Маўляў, калі ты не гатовы на пэўныя ахвяры дзеля творчага самасцвярджэння, дык лепей не марнаваць час. Сёння ў Расіі, па яе словах, больш запатрабаваны дызайн і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Падобна на тое, што аналагічную карціну мы маем і ў сябе, у нашай сістэме падрыхтоўкі творчых кадраў. Я маю на ўвазе сферу выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтва дэкаратыўна-прыкладнога. У эканоміцы неадменна дзейнічае закон перацякання капіталу. У яго аснове тая акалічнасць, што грошы не працуюць пад прымусам, і якімі бар’ерамі і рагаткамі іх ні абкладай, капітал усё адно апынецца не там, дзе яму быць загадана, а там, дзе абяцаецца большы прыбытак. І гэта правільна не толькі ў дачыненні да фінансаў, але, бадай, і да ўсяго спектру чалавечай дзейнасці. Па той жа схеме рэалізуецца і творчы патэнцыял, і капітал інтэлектуальны. Ёсць фанаты сваёй справы, якія гатовыя працаваць дзеля ідэі, але не яны, як прынята казаць, робяць надвор’е. Калі традыцыйныя формы выяўленчага мастацтва запатрабаваны грамадою не ў такой ступені, як гэтага хацелася б выпускнікам мастацкіх ВНУ, амбітная моладзь знойдзе іншую сферу для ўкладання свайго інтэлекту і творчага імпэту.
Вось і на сёлетняй абароне дыпломаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў дызайнеры шэрагу спецыялізацый глядзеліся больш крэатыўна за выпускнікоў мастацкага факультэта. Я не хачу нікога пакрыўдзіць, не збіраюся ставіць пад сумнеў нечы прафесіяналізм і талент. Але ў работах студэнтаў мастацкага факультэта пры адпаведным Акадэміі ўзроўню прафесіяналізму адсутнічала тое, што робіць работу творам — сацыяльная значнасць. Не было скульптур, якія можна было б паставіць на плошчы; карцін, якім месца ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў — каб бачыла як мага болей народу; графікі, вартай тысячных накладаў. А вось у дызайнераў дыпломныя праекты датычылі важных для грамады тэм і з’яў.
Да прыкладу, вартымі далейшай распрацоўкі дзеля рэалізацыі ў форме нейкага сацыяльна-культурнага праекта падаліся мне два дыпломы — “Мастацкая канцэпцыя выдуманага свету па матывах творчасці Язэпа Драздовіча” і анімацыйны ролік “Язэп Драздовіч: ад Зямлі да Неба”. У іх аснове — курсавыя работы. Цэлы курс на працягу семестра працаваў над асэнсаваннем жыцця і творчасці “Вечнага вандроўніка”, а дзве самыя ўдалыя работы трансфармаваліся ў дыпломныя. Я згадваю пра тое яшчэ і таму, што штуршок гэтай тэме ў свой час дала наша газета, надрукаваўшы нататкі з прапановаю пабудаваць беларускі “дыснэйлэнд” на аснове вобразаў Язэпа Драздовіча. Згаданыя распрацоўкі, як мне падаецца, маглі бы легчы ў аснову канцэпцыі такога патрэбнага краіне культурнага аб’екта.
Некалькі дыпломаў у дызайнераў прысвячаліся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Была прадстаўлена на абарону работа, дзе асэнсоўваліся працэсы ўзаемадзеяння розных этнасаў і культур у кантэксце беларускай нацыі. Ды і ўвогуле — ужо далёка не першы год на абаронах дызайнераў абавязкова сустракаюцца праекты, якія прапагандуюць нашу культурна-гістарычную спадчыну.
Сёлета Дзяржаўнай камісіяй як надзвычай цікавы быў адзначаны дыплом кафедры касцюма і тэкстылю, прысвечаны беларускаму фальклору і нашай дахрысціянскай культуры — шэраг сцэнічных касцюмаў, што ўвасабляў персаніфікаваныя вобразы стыхій, якім пакланяліся нашы продкі. Гэта мастацкая прапанова новага прачытання ранняй гісторыі нашай зямлі, незамулены погляд на Космас нашых прашчураў.
Карацей кажучы, дызайнеры актыўна спрычыніліся да патрэбнай для дзяржавы і грамадства справы — стварэння базавых чыннікаў нацыянальнай тоеснасці.
Зразумела, студэнцкія, нават дыпломныя, работы — гэта не тое, што творы сталага майстра. Але ж памкненне маладых прафесіяналаў сказаць болей, чым таго патрабуе дыпломнае заданне, вартае ўхвалення. Гэта я бачыў сёлета ў дызайнераў. Гэтага не адчуў у выпускнікоў мастацкага факультэта.
Каб рабіць грунтоўныя высновы і сур’ёзны прагноз, недастаткова маіх суб’ектыўных меркаванняў. Хтосьці скажа, што я памыляюся — і добра, каб ён меў рацыю. І ўсё ж ёсць пэўныя падставы лічыць, што мы назіраем працэс пераходу творчай энергіі з адной сферы ў іншую, больш перспектыўную. Вынікам можа стаць маргіналізацыя традыцыйнага выяўленчага мастацтва, страта школы жывапісу, графікі, скульптуры.
Калі так, дык гэта падстава для занепакоенасці. Беларусь мае выдатную мастацкую школу, прадстаўнікі якой славутыя не толькі адметным стылем, але і актыўнай сацыяльнай пазіцыяй, здольнасцю наладзіць дыялог з гледачом, сказаць пра набалелае, важнае для грамады ў эстэтычна выразнай і зразумелай шырокай аўдыторыі форме. Будзе крыўдна, калі на такім грунце нічога не вырасце…
Можна сказаць, што сацыяльнае надвор’е не спрыяе. Грамадзе сёння больш патрэбны дызайн, які забяспечвае побытавы камфорт, а не мастацтва, што вярэдзіць розум. І гэтая акалічнасць улічваецца пры размеркаванні грошай на культурныя праекты. Можа, мае рацыю мая маскоўская суразмоўца і прыёмныя камісіі расійскіх творчых ВНУ, якія папярэджваюць абітурыента пра непрыбытковасць прафесіі мастака?
Нават калі прымаць як дадзенасць тое, што дызайн бярэ на сябе сацыяльныя функцыі, якія звыкла лічацца прэрагатываю выяўленчага мастацтва, нельга пагадзіцца з тым, што ідэйны і ідэалагічны змест выяўляецца ў жывапісе, графіцы, скульптуры не так выразна, як, напрыклад, за савецкім часам. Надта ж не хочацца пераносіць на мастацтва эканамічныя законы.