Усяго дыпломаў атрымалася 11. Але вышэй адзначаны расклад адлюстроўвае, да ўсяго, “пераходную” сітуацыю ў тэатры. Усё больш складана аказваецца ставіць “вялікія” спектаклі. Бо тыя павінны арыентавацца не толькі на мастацкасць і новыя тэмы ды сродкі выразнасці, але і на патрабаванні публікі, якая мусіць запоўніць вялікую залу. А вось малыя сцэны здольныя даць пастаноўшчыкам больш творчай свабоды, могуць лепей стымуляваць іх фантазію. Але дзе тыя сцэны? Кожны шукае самастойна.
Класіка рознага класу
“Скрыпку Ротшыльда” арганізатары марылі запрасіць у Брэст даўно, але не складвалася. Інсцэніроўку чэхаўскага апавядання ў 2005-м паспелі ўбачыць віцябчане і госці ХІV “Славянскага базару...”, у 2015-м — мінчукі ў час гастроляў МТЮГа. Нарэшце, спектакль-уладальнік “Залатой маскі” ў дзвюх намінацыях (лепшы спектакль буйной формы і лепшая праца мастака) стаў удзельнікам “Белай Вежы” — і, як можна было прадбачыць, перамог. Усё з тым жа адзіным за ўвесь час акцёрскім складам на чале з Валерыем Барынавым. Сярод тэатральных крытыкаў, якія ўдзельнічалі ў традыцыйных на гэтым фестывалі абмеркаваннях, нават гучала прапанова выключыць “Скрыпку...” з конкурснай праграмы. Сапраўды, гэта ўсімі прызнаная праца не мае патрэбы ў ацэнках і будзе лідзіраваць пры любым атачэнні.
Але асаблівасць брэсцкага фестывалю — у адсутнасці часавых абмежаванняў. Два гады таму ў ім удзельнічала “Паўлінка”, якая захоўваецца ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ажно з 1943-га, перажыўшы аднаўленні і шматлікія замены выканаўцаў. Дый сёлета купалаўцы прывезлі далёка не прэм’еру — “Пінскую шляхту”. Гэты папраўдзе шэдэўральны фарс-вадэвіль, пастаўлены Мікалаем Пінігіным у 2008-м, змяніўся да непазнавальнасці — на жаль, не ў лепшы бок. Так, брэсцкая сцэна — крыху меншых памераў, але да гэтага можна было падрыхтавацца. Да таго ж, новы акцёрскі склад, фармальна захаваўшы мізансцэны, змяніў самі характары герояў. Са спектакля знік запал. Але непараўнальным прыставам Кручковым застаецца Віктар Манаеў. Яго бліскучая ігра трымае пастаноўку, не дазваляючы ёй канчаткова рассыпацца. “Беларускі Луі дэ Фюнэс”, — сказаў пра нашага артыста старшыня Міжнароднай асацыяцыі тэатральных крытыкаў Томаш Мілкоўскі з Польшчы, згадаўшы таксама, як той выконваў гэтую ролю ў пераносе спектакля на польскую сцэну.
Памер мае значэнне
Не трэба думаць, што “Белая Вежа” складалася адно з сусветна прызнаных спектакляў. Многія тэатры, наадварот, прывезлі свае новыя працы. Хапала і творчых эксперыментаў, разлічаных на больш давяральныя стасункі з публікай, што патрабуюць адпаведнай прасторы. Фестываль востра азначыў праблему: вялікія тэатральныя залы ў горадзе маюцца, камерных — не стае. З-за гэтага некаторыя спектаклі, прызначаныя для паказу ў больш-менш прасторным пакоі, каб артысты маглі знаходзіцца між гледачоў, ішлі на вялікай сцэне. “Іванаў” тэатральнай студыі Theaomai з Вільнюса быў адзначаны за лепшую рэжысуру. Але ёсць з чым параўноўваць. Увесну той жа калектыў з тым жа рэжысёрам Сільвай Крывіскене паказваў вырашаных у падобнай мінімалісцкай манеры “Братоў Карамазавых” — у Магілёўскім этнаграфічным музеі. І ўражанняў гэта выклікала куды болей.
Застаецца толькі здагадвацца, наколькі выйграе ў сваёй зале спектакль “Боб ведае” з Таліна (дыплом “За лепшае ўвасабленне сучаснай драматургіі”). П’еса Урмаса Ленука — новая драма з элементамі абсурду. Добра вядомая ў Эстоніі, ужо некалькі разоў пастаўленая. Цяперашняя версія — з разлікам усяго на два крэслы і лапік тканіны-аблачынкі. Астатні антураж — у галовах гледачоў. І артыстаў! Тыя пераконваюць не проста прыняць азначаную імі сітуацыю, а паверыць ва ўсе перыпетыі (галоўны герой уяўляе сябе сабакам і, маючы двух дзяцей, сыходзіць з сям’і, але потым вяртаецца). Пры такім мінімалізме немагчыма не вылучыць працу мастака Ксеніі Харкмаа. Сцэнічныя строі, на першы погляд, уяўляюцца звычайным сучасным адзеннем. Але рознага кшталту палоскі, спалучэнне пухната-мяккіх і гладкіх тканін асацыююцца з душэўнай цеплынёй ці холадам герояў.
“Джут” Паўночна-Казахстанскага абласнога рускага драмтэатра ідзе ў Петрапаўлаўску на малой сцэне. Але ў Брэсце ён, пры ўсёй значнасці тэмы (голад у казахскім стэпу 1930-х гадоў), не стаў сенсацыяй не з-за памераў залы. І не таму, што не даехала частка сцэнаграфіі. Недахопы ў п’есе. І хаця пастаноўшчыкі многае ў ёй скарацілі, а ў імкненні надаць спектаклю мастацкасці звярнуліся да стылістыкі эпічных паданняў, гэтага аказалася замала.
Трэба спадзявацца, што праз год адкрыецца, нарэшце, адрэстаўраваны будынак Брэсцкага тэатра лялек, і пытанне з камернымі сцэнамі ў час фестывалю вырашыцца хаця б часткова. Але гэта не адно брэсцкая — паўсюдная праблема.
Новыя-старыя сродкі
Яшчэ адной асаблівасцю “Белай Вежы”, акрамя згаданай вышэй адсутнасці часавых і ўзроставых абмежаванняў, з’яўляецца не запрашэнне на фестываль пэўных рэжысёраў з іх спектаклямі, а паказ агульнага зрэзу існавання і развіцця тэатра сёння і зараз. Адсюль вынікае тая размаітасць форм, жанраў, тэхнік, што складае агульную карціну. Іншымі словамі, фестываль не акцэнтуе наўмысна тыя ці іншыя тэндэнцыі, а дае нагоду крытыкам адсочваць іх самастойна — у тым ліку, сярод зусім, здавалася б, нефестывальных спектакляў, разлічаных на самую шырокую публіку.
Сапраўды, ці возіць хто на фестывалі меладрамы Надзеі Птушкінай, запатрабаваныя найперш антрэпрызамі? Ровенскі абласны акадэмічны музычна-драматычны тэатр прывёз “Ненармальную” — і даказаў, што з гэтай “гісторыі кахання”, разлічанай на акцёрскі дуэт, таксама можна выціснуць належную мастацкасць. Спектакль быў паказаны двойчы — у Брэсце і Жабінцы. Тым самым не толькі пашырыў фестывальную тэрыторыю, але і, будзем спадзявацца, папулярызаваў форум у прылеглых раёнах. Раптам публіка адтуль збярэцца калі-небудзь у Брэст на далейшыя культурныя падзеі?
“Альбом” Рыжскага рускага тэатра імя Міхаіла Чэхава — наадварот, паказаў, што і “сем спосабаў спакушэння” з усёй іх клаўнадай могуць быць неверагодна сумнымі.
Сучасная драма “Дачка” маскоўскага тэатра “Студыя” і трагікамедыя “Білі Міліган” піцерскага “Такога тэатра”, пазіцыянуючы сябе “мастацтвам будучыні”, вымусілі запрошаных на фестываль маскоўскіх крытыкаў зрабіць прапанову, каб надалей Расію прадстаўлялі працы, вылучаныя тамтэйшымі экспертамі ці Саюзам тэатральных дзеячаў. Другі са згаданых спектакляў выклікаў дыскусію, знайшоўшы абаронцу ў асобе маладога брэсцкага крытыка Веры Шэмет. Але відавочным засталося тое, што чатырохгадзінная дзея, звернутая праз псіхіятрыю да актуальнай тэмы “Хто я?”, не здолела сабраць асобныя эцюды ў адбудаваную тэатральную форму.
Імкненне асучасніць п’есу пераносам дзеяння, зварот да новых сродкаў, актыўнае выкарыстанне відэапраекцыі і кінакамеры — яшчэ не залог удалага спектакля. Гэтую простую ісціну добра прадэманстравалі “Беспасажніца” Дзяржаўнага рускага драмтэатра імя А.Чэхава з Кішынёва, фінскі монаспектакль “Сумныя песні з сэрца Еўропы” з Соняй Мармеладавай, Радзівонам Раскольнікавым і іншымі героямі, якія насамрэч маюць вельмі аддаленае дачыненне да рамана Дастаеўскага. Непаслядоўным было выкарыстанне ўдалых камп’ютарных эфектаў у македонскай “Споведзі” паводле Інгмара Бергмана. Нерэалізаваныя магчымасці — і ў сцэнаграфіі, і ў абраным прыёме амаль статычнага сядзення акцёраў за сталом праз усю сцэну — засталіся ў польскім “Рэмусе”, які праз казачную сімволіку распавядаў пра амаль забыты народ кашубаў і тое, як важна захаваць іх мову: ёсць мова — ёсць народ.
А вось “Сціслая гісторыя сусвету” з Вроцлава, пазначаная як “перфарматыўнае кіно”, справядліва атрымала дыплом “За пошукі новай тэатральнай мовы”. Постаці артыстаў з іх пластыкай праецыраваліся на экран — з камп’ютарнай апрацоўкай і “дамалёўваннем” карцінкі ў рэальным часе.
Пры ўсіх тэхнічных навінках ніхто не адмяняў акцёрскага майстэрства. Лепшай жаночай роляй былі названы пераўвасабленні Бірутэ Мар у монаспектаклі “Анёлы Дастаеўскага” Рускага драмтэатра Літвы і Цэнтра сучаснай музычнай камунікацыі. Лепшай мужчынскай — роля Прынца ў выкананні Петэра Хавасі ў “Івоне, прынцэсе Бургундскай” з Венгрыі, пастаўленай Яраславам Федарышыным з Украіны. Рэжысёр прывёз на фестываль два свае спектаклі: акрамя згаданага, вулічны “Цягнік са Львова” тамтэйшага духоўнага тэатра “Уваскрэсенне”.
“Мяшчанскае вяселле” Бертольда Брэхта, атрымаўшы ў Альмецьеўскім татарскім дзяржаўным драмтэатры назву “Туй”, не працягнула магчымую тут нацыянальную тэму — хаця б праз некаторыя элементы. Рэжысёр Іскандэр Сакаеў, добра вядомы ў нас па некалькіх спектаклях у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, выкарыстаў прыёмы, знаёмыя па ягонай “Чайцы”. Але відовішча засталося запамінальным, асабліва ў першай масавай частцы. Затое Батумскі прафесійны дзяржаўны драмтэатр імя
І. Чаўчавадзэ, звярнуўшыся да драматургіі польскага класіка абсурду Славаміра Мрожака, зрабіў яе “сапраўдным грузінскім” спектаклем, назваў яго “Сіндром, ці Каго ўсхваляеш?” Заяўлены жанр “музычнай тэрапіі” выяўляўся праз цудоўнае грузінскае шматгалоссе — жыўцом. І быў адзначаны дыпломам “За лепшы акцёрскі ансамбль”. Ідэальным вулічным спектаклем маглі б лічыцца “Высокія мары” з Чэхіі. Відовішчнасць, гумар, цыркавыя трукі, шматлікія спецэфекты, падзеленасць на мініяцюры, што дазваляе мінакам далучыцца да спектакля ў любы момант — і добра выяўленая ідэя не толькі імкнення да вяршынь, але і захавання пры гэтым сяброўства.
(Працяг фестывальных нататак з аглядам прадстаўленых у Брэсце беларускіх спектакляў — у наступным нумары “К”.)