Галгофа Алеся Карачуна

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

У сваім даследаванні трагічнага лёсу журналіста і літаратара-“маладнякоўца” вядомы мастацтвазнаўца і гісторык мастацтваў Барыс Крэпак выявіў нямала новых фактаў, дзякуючы якім амаль сцёртая з гістарычнай памяці постаць ахвяры сталінскага тэрору набывае ў нашай свядомасці выразныя абрысы. Пра акалічнасці смерці Алеся Карачуна і далейшы лёс сям’і — у заключнай частцы газетнай версіі раздзела з яго кнігі з рабочай назвай “Юрый Карачун. Больш чым музей”, якая прысвечаная сыну героя публікацыі — знакамітаму дырэктару Мастацкага музея.

/i/content/pi/cult/657/14573/5.jpg“Падзялілі вопратку маю між сабою…”

Мы ніколі не даведаемся пра апошнія хвіліны жыцця бязвінна асуджанага Алеся Карачуна. Не спазнаем, што ён адчуваў пасля вынясення жорсткага прысуду, як правёў напружаныя дні перад выкананнем, як сябе паводзіў, калі яго выводзілі на расстрэл. Але агульную карціну гэтай жудаснай экзекуцыі дапамагае аднавіць кніга рускага гісторыка Аляксея Цеплякова “Працэдура: выкананне смяротных прысудаў у 1920 — 1930-х гадах”. У эпоху сталінскага тэрору існавалі стандартныя патрабаванні да правядзення расстрэлаў, і супрацоўнікі НКУС няўхільна выконвалі гэтыя інструкцыі — хіба што за адным выключэннем.

Асуджаным па рашэнні Тройкі вырак аб’яўляўся
толькі на месцы пакарання. Расстрэл лічыўся найбольш хуткім і зручным спосабам для масавых знішчэнняў людзей. Яго тэхніка ад грамадства хавалася. Сакрэтнасць пакаранняў смерцю пацвярджалася тэрміналогіяй. Уласна, слова “расстрэл” у прысудах не магло ўжывацца. Замест яго — тэрміны “вышэйшая мера пакарання”, “вышэйшая мера сацыяльнай абароны” і “асуджаны на дзесяць гадоў лагераў без права перапіскі”. Ва ўжытку энкавэдысты выкарыстоўвалі выразы “пусціць у расход”, “спецаперацыя” або “ад’езд па першай катэгорыі”.

Расстрэлы здзяйснялі шараговыя аператыўнікі і кіраўнікі мясцовых аддзяленняў НКВД. Паводле інструкцыі, кіраўнік павінен быў “знайсці месца, дзе будзе прыводзіцца прысуд у выкананне, і месца, дзе закопваць трупы. Калі гэта будзе ў лесе, трэба, каб загадзя быў зрэзаны дзёран і потым гэтым дзёрнам пакрыць гэта месца, з тым, каб усяляк канспіраваць тое, дзе прыведзены прысуд у выкананне — таму што ўсе гэтыя месцы могуць стаць для контрыкаў, для царкоўнікаў месцам рэлігійнага фанатызму...” Менавіта таму мы дасюль не ведаем, дзе канкрэтна спачыў Алесь Карачун.

Звычайная практыка ў турмах — распранаць да бялізны перад расстрэлам. Але калі расстрэльвалі за горадам, то маглі пакінуць у адзенні і абутку. Вопратка асуджаных канфіскоўвалася і, часцей за ўсё, дзялілася паміж катамі — хаця па інструкцыі мелася быць спаленай. Гэта было формай асаблівага “нефармальнага” заахвочвання — і тут паралелі з падзеямі на Галгофе становяцца зусім выразнымі. Скончыўшы брудную справу, расстрэльная каманда звычайна напівалася ўшчэнт і такім чынам як бы “памінала” забітых. Цяжка паверыць, але на гэта нават вылучаліся дзяржаўныя грошы.

Ахвяры і каты

Кім жа былі тыя “ўдзельнікі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай фашысцка-тэрарыстычнай арганізацыі”, што праходзілі па сфабрыкаванай калектыўнай “Справе Купцэвіча”? Мне ўдалося адшукаць некаторыя факты з жыцця гэтых людзей, якія былі рэабілітаваныя ў 1950-я гады “за адсутнасцю складу злачынстваў”.

Пісьменнік, паэт, крытык, перакладчык Фелікс Піліпавіч Купцэвіч стаў блізкім сябрам Алеся Карачуна яшчэ ў 1920-я гады, калі яны разам — маладыя, дзёрзкія, актыўныя — уваходзілі ў “вялікае жыццё” паслярэвалюцыйнай Беларусі. Купцэвіч нарадзіўся ў 1900 годзе ў сям’і селяніна-серадняка ў Гродне і ўсё сваё нядоўгае жыццё прысвяціў служэнню партыі, народу і беларускай літаратуры. Вось яго кароткі паслужны спіс: камісар на чыгунцы, член камісіі па барацьбе з працоўным дэзерцірствам, супрацоўнік упраўлення ваеннай разведкі, член статыстычнага аддзела ЦК КП(б)Б, сакратар Крычаўскага райкама КП(б)Б, аўтар артыкулаў пра творчасць Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага. У першы раз арыштаваны за “контррэвалюцыйную дзейнасць” у 1930 годзе і сасланы на пяць гадоў у Мінусінск, дзе працаваў фатографам.

Захавалася некалькі лістоў Алеся Карачуна да свайго сябра. У адным з іх такія радкі: “Дарагі Фелікс, ты пытаеш пра літаратурныя справы? Ведаеш, што сказаць многае я тут не змагу, лепш вышлю чарговы пачак газет, пачытаеш. Там ужо ёсць і пастанова аб ліквідацыі БелАПП... Я хацеў бы звярнуць тваю ўвагу на падзеі ў Заходняй Беларусі. Там зачыненыя апошнія дзве беларускія гімназіі. Пра гэта ты знойдзеш нататкі ў “Звяздзе” ў нумары за 4 чэрвеня, на апошняй старонцы. Чорт ведае, што робіцца... Ведаеш, кожны дзень багаты зместам. Часам змест бывае самым дрэнным”.

У іншым лісце Феліксу Купцэвічу (канец лета або пачатак восені 1932 года) Карачун піша пра асабістае: “На двары цямнее і робіцца цёмна на маім пісьмовым стале. Стол — пад акном, якое выходзіць у сад, і я быццам бачу сваю родную вёску Кухцічы, дзе “дрэвы як вершнікі з’ехаліся ў нашым садзе”. Не магу пару слоў не сказаць пра сына. Юрка поўзае, хутка будзе хадзіць. Мы з ім адзін аднаго частавалі: ён мяне соскай-пустышкай, я яго — люлькай, знаёмай табе, той самай — амерыканскай”.

Далей у спісе арыштаваных 6 лістапада 1937 года ішоў грузін Бакерыя Канстанцін Антымазовіч. Нарадзіўся ў 1904 годзе ў Поці ў сям’і служачых, па прафесіі — фатограф. Далей — Рамішвілі Пімен Іларыёнавіч, 1895 года нараджэння, таксама грузін, родам з Тыфліскай губерні, бацькі — сяляне-вінаробы. Меў сярэднюю адукацыю. Сасланы ў Мінусінск у 1935 годзе. Наступны — яго зямляк Чачуа Міхаіл Філіпавіч. Нарадзіўся ў 1896 годзе ў мястэчку Самтрэдзіа Кутаіскай губерні. Меў вышэйшую адукацыю. Упершыню арыштаваны органамі ЧК у 1923 годзе і атрымаў адзін год ссылкі, потым двойчы — па тры гады высылкі ў Заходнюю Сібір. Уласна, у Мінусінску — таксама з 1935 года. Працаваў цырульнікам.

Усе асуджаныя па “Справе Купцэвіча” на пачатку следства вінаватымі сябе катэгарычна не прызнавалі. Але ў працэсе далейшых допытаў, падчас якіх ужываліся нечалавечыя катаванні і пагрозы ў дачыненні да іх родных і блізкіх, практычна ўсе яны падпісвалі загадзя сфабрыкаваныя дакументы. Са “Справы” Алеся Карачуна вядома, што праз тыдзень пасля пачатку допытаў, 12 лістапада 1937 года, ён, як і яго таварышы, “прызнаўся ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі”.

А зараз намалюем партрэт чалавека, які ў гэтай гісторыі адыгрываў супрацьлеглую ролю — не ахвяры, а ката. Асабліва шчыравалі ў допытах і пакараннях смерцю супрацоўнікі Мінусінскага аперсектара НКУС на чале з Андрэем Аляксеевым. Магчыма, што ён асабіста прыклаў руку да арышту і расстрэлу Алеся Карачуна. Тыповы прадстаўнік таго племені энкавэдыстаў: ураджэнец Краснаярска, 1903 года нараджэння, адукацыя два класы (!), член ВКП(б) з 1924 года. Яго зверствы над арыштаванымі “ворагамі народа” ў Мінусінску ўразілі нават высокае начальства. 22 кастрычніка 1938 года, літаральна праз сем месяцаў пасля расстрэлу Алеся Карачуна, асобая нарада пры НКУС СССР пастанавіла прыцягнуць Аляксеева да крымінальнай адказнасці.

Падчас суду сведка Нікіцін (ці не той малодшы лейтэнант НКУС, хто напісаў абвінаваўчае заключэнне Карачуну?) паказаў: “Выконваючы аперацыі па правядзенні пастаноў аб расстрэле вялікай колькасці рэпрэсаваных, Аляксееў належным чынам правядзенне гэтых аперацый не арганізоўваў, працэс насіў пакутлівы характар, паколькі многія з рэпрэсаваных пры расстрэле заставаліся параненымі, і па ўказанні Аляксеева іх дабівалі ламамі...”

Аднак на судзе Аляксееў вінаватым сябе не прызнаў і з гонарам апавядаў пра свае службовыя дасягненні: толькі за 1937-ы ім было прыцягнута да адказнасці 2300 “контррэвалюцыянераў”, прычым больш за 1500 з іх расстраляныя. Аляксееў быў асуджаны за “дыскрэдытацыю звання супрацоўніка НКУС”, “за халатнасць і бескантрольнасць над падначаленымі, што прыводзіла да сістэматычнага ўжывання спіртных напояў”, “за асабісты ўдзел у здзеках” і гэтак далей ды прысуджаны да працяглага турэмнага тэрміну. Але ў студзені 1941 года вызвалены з-за кратаў і як дасведчаны і добрасумленны чэкіст вярнуўся працаваць у сістэму ГУЛАГа. Праз два гады яму ўдалося нават зняць судзімасць. Праўда, неўзабаве адплата ўсё ж нагнала Андрэя Спірыдонавіча “пры выкананні службовых абавязкаў”: гэтага звера вязні забілі ў лагеры. Рэабілітаваны не быў.

Толькі дзеля сына

Праз два дні пасля арышту Алеся Карачуна яго жонку выклікалі ў мясцовы аддзел НКУС, дзе яна правяла амаль суткі. Мне невядомыя дэталі допыту (а гэта, несумненна, быў менавіта допыт жонкі “ворага народа”), але кабінет следчага Зінаіда Канстанцінаўна пакінула самастойна. Для той пары гэта была вялікая ўдача.

5 ліпеня 1937 года Палітбюро ЦК ВКП(б) выдала пастанову “Аб жонках асуджаных здраднікаў Радзімы”, згодна з якой апошнія падлягалі заключэнню ў лагеры не менш як на 5 — 8 гадоў, а дзеці — змяшчэнню ў дзіцячыя дамы. Аднак з Зінаідай гэтага, на шчасце, не здарылася. У красавіку 1938 года пры нявысветленых для мяне абставінах яна была вымушаная “адмовіцца” ад мужа, а ў канцы жніўня, пасля выхаду цыркуляра НКУС СССР, які прадугледжваў магчымасць аднабаковага разводу з асуджанымі, скарысталася гэтай магчымасцю. Зразумела, пра расстрэл Алеся Васільевіча яна не ведала: была ўпэўненая, што ён жывы і знаходзіцца ў лагеры “без права перапіскі”. Адпаведныя органы дапамаглі ёй змяніць прозвішча Карачун на дзявочае — Папраўка, і “рассялілі”: выслалі разам з Юрам у адміністрацыйным парадку на радзіму ў Беларусь.

Я не бачыў дакументаў, якія сведчаць пра тое, што Зінаіда Канстанцінаўна на допытах нейкім чынам абгаварыла мужа (або, наадварот, адмовілася гэта зрабіць). Але, у кожным разе, матывацыю яе рашэння было лёгка зразумець: галоўнае захаваць пры сабе сына. У 1930-я гады такая практыка была распаўсюджана паўсюдна: адны жонкі з-за боязі надоўга загрымець у ГУЛАГ ішлі на любое супрацоўніцтва з органамі НКУС, іншыя (такіх было шмат) гэта рабілі дзеля выратавання ўласных дзяцей, трэція — пад катаваннямі або жорсткім ціскам следчых не чытаючы падпісвалі загадзя сфабрыкаваныя пратаколы.

У Беларусі Зінаідзе Канстанцінаўне дазволілі жыць і працаваць у любым горадзе або пасёлку, акрамя сталіцы. Аднак знайсці працу аказалася не так і лёгка. Яна перадала сына пад апеку свайму стрыечнаму брату Мікалаю Будаю ў вёску Макоўчыцы Койданаўскага (Дзяржынскага) раёна. Яго сям’я жыла ў маленькім драўляным дамку, дзе акрамя Юры раслі яшчэ пяцёра дзяцей. У Макоўчыцах школы не было, і Юрыю давялося хадзіць па навуку ў суседняе Койданава.

Зінаіда Канстанцінаўна пасля доўгіх тулянняў па розных гарадах у пошуках працы асела ў Чавусах. Патрэба ў настаўніках там была вялікай, і ёй нарэшце ўдалося ўладкавацца. Па меры магчымасці, наведвала ў Макоўчыцах сына. Але ў 1939-м мама Зінаіды Варвара Паўлюць забрала Юру да сябе ў Мінск, дзе яна жыла разам з малодшым сынам Зянонам на вуліцы Савецкай, 68. Школа № 5, у якую пайшоў хлопчык, знаходзілася на вуліцы Карла Маркса — зусім недалёка ад сённяшняга Нацыянальнага мастацкага музея. Вось такая “повязь часоў”.

За пару гадоў да смерці Юрыя Аляксандравіча, калі ён ужо ведаў праўду аб расстрэле бацькі, мы сустрэліся ў яго музейным працоўным кабінеце, і зноў загаварылі на гэтую балючую тэму. Ён паказаў мне папку дакументаў, сабраных ім у выніку доўгіх пошукаў ісціны — праз запыты ў розныя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы, у якіх прасочваюцца “сляды” яго бацькі. Пасля сказаў: “Бора, я ніколі не верыў, што, як абвяшчае вось гэтае пасведчанне аб яго смерці, мой тата памёр ад хваробы. Я ведаў, дакладней, адчуваў, што ён узышоў на Галгофу ў Сібіры, як і яго шматлікія сябры-калегі ў Мінску: ад Платона Галавача да Тодара Кляшторнага. Толькі доказаў у мяне не было. А цяпер ёсць. Я буду заўсёды памятаць дату яго апошняга дня жыцця — 31 сакавіка 1938 года. Шкада, што не магу ўскласці кветкі на яго магілу. Яна невядомая... Але калі буду ў Маскве, абавязкова пакладу кветкі да помніка Ахвярам ГУЛАГа на Лубянскай плошчы”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"