Партытуры — як блінцы

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

На адной з нядаўніх калегій Міністэрства культуры абмяркоўвалі стан, праблемы і перспектывы развіцця тэатральнай дзейнасці ў краіне. У тым ліку закранулі набалелыя пытанні музычных тэатраў. У прыватнасці, з трыбуны ўзгадалі, што за апошнія пяць гадоў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета і ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбываліся прэм’еры па творах беларускіх аўтараў, але ініцыятыва іх напісання належала, як правіла, самім тэатрам. Кампазітараў і аўтараў лібрэта папракнулі, што яны не праяўлялі належнай зацікаўленасці ў напісанні такіх твораў, асабліва, калі гэта датычыцца нацыянальна-гістарычнай тэматыкі.

/i/content/pi/cult/657/14572/4.jpg

Аднак опера ці балет — гэта ўсё-такі не песня, якая гучыць 3 — 4 хвіліны. І то годная, нятанная і не прахадная песня патрабуе ад аўтараў і выканаўцаў таленту, часу і сур’ёзных фінансавых укладанняў. Стварэнне партытуры оперы ці балета (прычым новага, у дадатак, на гістарычную тэматыку) — велізарная адказнасць. І велізарная праца. Той, хто не ведае спецыфікі, пэўна, думае, што оперы пякуцца як блінцы? Адразу на дзвюх патэльнях. І ў выніку хуценька ўзнікае цэлая горка прывабнай духмянай ежы.

Немузыканты і неспецыялісты нават блізка не ўяўляюць аб’ём неабходных намаганняў. Партытура музычнага твора ў 2 дзеях — гэта звычайна 500 і болей старонак нот фармату А3, дзе на кожнай распісаныя ўсе (!) інструменты сімфанічнага аркестра. Скрыпкі, віяланчэлі, ударныя, духавыя і гэтак далей. Але спачатку музычныя тэмы, а потым аркестроўку трэба прыдумаць! Кампазітар павінен іх пачуць, паглыбіўшыся ў матэрыял (гістарычны, літаратурны, выяўленчы), вывучаючы яго. Хтосьці піша ноты ад рукі, алоўкам, потым правіць; хтосьці адразу набірае на камп’ютары. Нават невялікія фрагменты слухаюцца, робяцца варыянты, уносяцца праўкі і ўдакладненні. Патрэбная шматразовая карэктура нот. Здараецца, асобныя музычныя нумары перарабляюцца і па пяць разоў. Асабліва калі пачынаецца сумесная праца кампазітара і тэатра.

Стварэнне партытуры займае звычайна 3 — 4 гады. І гэта пры ўмове, што кампазітар робіць сваю справу штодня. А не па святах, выходных, позна вечарам пасля асноўнай працы. Амаль усе кампазітары, з якімі мне давялося супрацоўнічаць, вымушаны пісаць музыку менавіта ў такім рэжыме — урыўкамі. Назірала неаднойчы, бо супрацоўніцтвам з айчыннымі кампазітарамі ганаруся. На мае вершы напісана шмат рамансаў, песень, хароў, вакальных цыклаў, якія выконваліся салістамі оперы і філармоніі, акадэмічнымі калектывамі.

Ад нас чакаюць новыя буйныя музычна-тэатральныя сачыненні. Але задам пытанне: колькі ў Беларусі кампазітараў могуць дазволіць сабе вольны рэжым працы — гэта значыць, толькі пісаць музыку? І што зроблена, каб вызваліць рэальныя буйныя таленты або патэнцыйных аўтараў значных твораў ад неабходнасці штодня зарабляць грошы на паўсядзённае жыццё? Можа, усё-такі варта задумацца пра гранты, стыпендыі (і не капеечныя, абы адрапартаваць!). Яны далі б магчымасць творчай асобе ўзяць на асноўнай працы адпачынак на паўгода, год і паглыбіцца ў будучы твор. Прабачце, у цывілізаваным грамадстве камп’ютарамі цвікі не забіваюць. Для гэтага ёсць іншыя прылады. Вялікай павагі да творцаў, якія працуюць у акадэмічных жанрах, сёння няма. Таму і вынік адпаведны...

Тое, што буйныя сцэнічныя творы ўзнікаюць па замове тэатраў — нармальна. Не варта гадамі пісаць музыку на тэмы і сюжэты, якія не спатрэбяцца ні тэатру, ні гледачу. Няма цяпер наіўных дурняў, і ніхто не хоча працаваць “у шуфляду”. Маўляў, мо праз некалькі стагоддзяў адкрыюць наноў і ацэняць? Як Вівальдзі і Баха. Мо ацэняць, а мо і не.

Ад айчынных кампазітараў чакаюць ініцыятыўнасці. Давайце ж параўнаем: ва Украіне тэатры оперы і балета ёсць амаль у кожнай вобласці, у Польшчы — амаль у кожным ваяводстве. На амаль 10 мільёнаў беларусаў прыходзіцца ўсяго два музычныя тэатры. Невыпадкова столькі вакалістаў, нават набыўшы цудоўную адукацыю, з’язджаюць за межы краіны. Ім проста не хапае роляў. У нас няма камерных і эксперыментальных музычных пляцовак. Многія праекты, бліскучыя і выдатныя, няма дзе паказваць. Якія эксперыменты ва ўмовах акадэмічных сцэн?! Тэатры ж заклапочаны адным пытаннем: як зарабіць грошы і выканаць план па гледачы, які ім спускаецца.

Ды і самі тэатры не надта любяць беларускіх аўтараў — пра гэта шмат пісалі і пішуць. Відаць, гэта асаблівасць менталітэту: захапляцца чужым, а да свайго ставіцца з прыхаванай грэблівасцю. Прыкладаў шмат: вось паставілі харэографы Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў аднаактовы балет “Хто я?” на музыку Сяргея Картэса, але прайшоў ён толькі адзін ці два разы. Падобна, болей і не будзе… А якія на сцэне Белдзяржфілармоніі праекты ладзіць час ад часу кампазітар Ларыса Сімаковіч! “Апокрыф”, “Адзін дзень Максіма Багдановіча”, “Люцыян Таполя”… Хто-небудзь падумаў пра перспектыву гастрольных вандровак, паклапаціўся, каб гэта аказаліся не разавыя акцыі?

Перш, чым праяўляць ініцыятыву, кампазітары ўзважваюць: а ці трэба распачынаць? Памятаю, аднаму з нашых дастаткова прадуктыўных аўтараў прапанавала: давайце зробім разам оперу. Вы — аўтар музыкі, я — лібрэтыст. На што мне рэзонна адказалі: “І што, будзе мая опера, як “Дзікае паляванне” Солтана ці “Сівая легенда” Смольскага, паказвацца адзін раз за сезон? А можа, твор не спадабаецца, яго не прымуць да пастаноўкі? І тады тры-чатыры гады працы ўпустую? За гэты час ведаеце, колькі я напішу для іншых калектываў, з якімі ёсць творчы кантакт? І пераканана: гэтыя сачыненні будуць выкананы”. Вось і адказ на пытанне. Ад практыка. Нацыянальная музыка на афішах часта нагадвае мне… прабачце за паралель, прыправу ў супе. Галоўнае, каб прыправы было трошкі. Не перабраць! І адрапартаваць, што айчыннае ёсць.

І адвечнае пытанне наконт лібрэтыстаў і драматургаў, звязаных з музычнай сцэнай: у Беларусі іх дзе-небудзь планамерна рыхтуюць? Не. Чаму? Бо гэта адзінкавы прадукт, запатрабаваны надта рэдка. Стварэнне лібрэта — пытанне асабістага творчага інтарэсу. Табе цікава — асвойвай сумежную спецыяльнасць самастойна, не хочаш — прайдзі міма…

У кастрычніку 2015 года на сцэне нашага Нацыянальнага тэатра оперы і балета была пастаўлена опера “Доктор Айбаліт” сучаснага беларускага кампазітара Марыны Марозавай. Лібрэта паводле казак Чукоўскага — за маім аўтарствам. Спектакль у пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ атрымаўся яркім і відовішчным. Прэм’еры папярэднічалі чатыры (!) гады штодзёнай працы кампазітара. І мае чатыры гады паходаў у тэатр — разам з ёй. Як на працу. І што? Мінула два сезоны. Спектакля на афішы больш няма. Ці будзе? На такое пытанне ніхто не адкажа. Хоць з пачатку ўсе былі заклапочаны тым, што сучаснай дзіцячай оперы ў нас няма. А потым узрадаваліся, што нарэшце з’явілася. І вось цяпер сумняюся, а ці варта было ўвогуле пачынаць?.. Перш чым выпраўляцца ў чарговую авантуру, добра падумаю. І ўсё ўзважу.

Таццяна МУШЫНСКАЯ,
паэтэса, лібрэтыст