Галасы гісторыі на лодзенскіх хвалях

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

Адной з адметных падзей Фестывалю чатырох культур у польскай Лодзі стаў спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Чарнобыльская малітва” па кнізе нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч.

Лодка, што дала назву гораду і засталася на яго гербе і сцягу, спрадвеку знаходзіла заспакаенне на хвалях розных этнасаў, і менавіта дзякуючы гэтаму Лодзь набыла сваё непаўторнае аблічча. За дзесяць дзён удзельнікі прапанавалі публіцы каля 50 мерапрыемстваў, распавядаючы пра музыку, тэатр, кінематограф, літаратуру і візуальнае мастацтва палякаў, немцаў, яўрэяў і ўсходніх славян. У насычанай праграме знайшлося месца прэзентацыям, канцэртам, абмеркаванням, спектаклям. Беларускія акцёры два вечары запар успаміналі пра чарнобыльскую катастрофу.

У зале прысутнічаў віцэ-мэр горада Лодзі Кшыштаф Пянткоўскі, які за гэты год у складзе афіцыйнай дэлегацыі ўжо двойчы наведваў горад-пабрацім Мінск. “Мінск і Лодзь супрацоўнічаюць цягам 25 гадоў, і гэтыя адносіны маюць станоўчую дынаміку. Увосень мінская публіка мела магчымасць пазнаёміцца з трупай нашага Новага тэатра. Цяпер лодзінскія гледачы спрычыніліся да беларускага тэатра”, — пракаментаваў віцэ-мэр. Новы тэатр імя Казімежа Дзеймка прывозіў у беларускую сталіцу спектакль Kobro — гісторыю мастачкі-авангардысткі Катажыны Кобра, жонкі вядомага авангардыста з беларускімі каранямі Уладзіслава Страмінскага.

Абменныя гастролі — важкі крок у наладжванні творчых зносін паміж двума тэатрамі. Дырэктар РТБД Уладзімір Карачэўскі падзяліўся з “К” планамі: “Мы з дырэктарам Новага тэатра дамовіліся падпісаць трохгадовае пагадненне аб супрацоўніцтве. Мяркуем на базе РТБД арганізаваць сумесны праект для драматургаў дзвюх краін: паспрабуем стварыць беларуска-польскую п’есу для пастаноўкі ў абодвух тэатрах. Рэжысёраў, акцёраў, драматургаў ужо запрасілі прыняць удзел у чытках і лабараторыях Цэнтра беларускай драматургіі. Таксама запрашаем Новы тэатр завітаць на Фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча напрыканцы восені ў Бабруйску”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"