Валянцінава ніша

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Апошнія паўстагоддзя аматарскае тэатральнае жыццё Магілёўскай вобласці віравала і заваёўвала любоў гледачоў і павагу крытыкаў пад зоркай імя Валянціна ЕРМАЛОВІЧА — рэжысёра, акцёра, педагога, заслужанага работніка культуры, які разварушыў творчае жыццё ў Магілёўскім народным тэатры Палаца культуры завода штучнага валакна, тэатральнага калектыву медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы, Краснапольскага народнага тэатра, Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача ды ўласнага народнага тэатра “Валянцін” Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Успамінамі пра Валянціна падзяліўся з “К” яго ўнук, загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч”, аспірант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрый ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ.

/i/content/pi/cult/656/14564/14 copy 4.jpg

Аматарства са знакам якасці

— Дзядуля быў прафесійным артыстам: скончыў у 1950 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся на курсе ў Канстанціна Саннікава. Спачатку служыў у Пінскім абласным драматычным тэатры, які пераехаў у Магілёў, калі ў 1954 годзе скасавалі Пінскую вобласць. Малады артыст Валянцін Ермаловіч быў задзейнічаны ва ўсіх спектаклях, аднак хутка сышоў рэжысёрам у народныя калектывы. Чаму? Тэатр спецыфічна ставіўся да складання рэпертуару, бо быў абавязаны шчыльна займацца культурным абслугоўваннем рэгіёна і рыхтаваў для выездаў фрагменты з пастановак, канцэртныя праграмы. Акцёру-пачаткоўцу прапаноўвалі ролі другога-трэцяга плана, але яму хацелася больш сур’ёзнага іспыту сваіх здольнасцей. Паўплывалі і бытавыя пытанні: дзядуля на той момант ужо быў галавой у сям’і, гадаваў двух сыноў і дапамагаў жонцы, якая па стане здароўя ў 28 гадоў сышла з працы.

Пераход у аматарскую творчасць адбыўся не раптоўна: яшчэ падчас служэння ў абласным тэатры Валянцін Іванавіч актыўна працаваў як мастацкі кіраўнік самадзейнасці і нават атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета БССР на дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Мне падаецца, дзядуля востра адчуў, што народны тэатр — ніша, яшчэ неасвоеная ў рэгіёне, таму можа даць рэальную магчымасць для рэалізацыі.

Я пытаўся ў таты, ці шкадаваў дзед калі-небудзь, што пакінуў прафесійную сцэну. Бацька ўпэўнены: ніколі не ўзнікала такіх думак. Дзядуля змог сыграць у сваіх спектаклях ролі, пра якія марыў. Дасягнуў вяршыні і ў рэжысёрскай прафесіі — нездарма Валянцін Ермаловіч лічыцца заснавальнікам аматарскага тэатра на Магілёўшчыне.

Мова. Неба. Паліто

— Сямейнай прыпавесцю стаў расповед пра схільнасці дзядулі да дакладных навук у школьныя гады. Нарадзіўся ён у вёсцы Малыя Навасёлкі (Дзяржынскі раён), там пайшоў у школу. Яго настаўніца матэматыкі марыла, каб здольны вучань звязаў сваё жыццё з навукай. Аднак на выбар прафесіі сур’ёзны ўплыў зрабіў старэйшы брат — сёння Мікалай Ермаловіч вядомы як гісторык, заснавальнік канцэпцыі ўзнікнення беларускай дзяржаўнасці.

Менавіта Мікола пачаў ставіць спектаклі ў школе, ён жа дазволіў сыграць Валянціну першую сапраўдную ролю — Марыську ў “Пінскай шляхце” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пад уплывам старэйшага брата ў 1968 годзе дзядуля пачаў і гаварыць толькі па-беларуску, а затым выкладаў сцэнічную беларускую мову ў Магілёўскім культасветвучылішчы, якому аддаў амаль 30 гадоў свайго жыцця.

І ў маім жыцці любоў да мовы і культуры ад Валянціна Іванавіча. Можна штодня чытаць “лекцыі” ды так і не заахвоціць дзіця, а можна самому стаць найлепшым узорам для моладзі. Калі да нас у Мінск завітваў дзядуля, то ў доме заўсёды гучала беларуская гаворка. Напачатку 1990-х мы яшчэ не мелі хатняга тэлефона, таму дзядуля часта з’яўляўся на парозе кватэры знянацку. Заўсёды гэта быў цуд і свята! Я нават лічыў, што Дзед Мароз
абавязкова падобны да дзядулі Валянціна. Ён сачыў, каб унуку выпісвалі часопіс “Вясёлка”, пасля — “Бярозку”. Менавіта дзядуля раскрыў мне сэнс нацыянальных абрадаў, расказаў дзівосныя рэчы пра сялянскія традыцыі і параіў укладваць значэнне ў кожнае прамоўленае слова.

Дзядуля захапляўся фатаграфіяй, калі фотаапарат лічыўся супертэхнікай — не кожнаму быў дасягальны і зразумелы. Амаль усе здымкі “рэжысіраваў”, некаторыя дапрацоўваў пасля друку (мог акварэллю пафарбаваць неба). Ён яшчэ і шыкоўна шыў. Нават паліто майму бацьку, калі той быў хлопчыкам, дзядуля зрабіў сваімі рукамі. Гэты талент дапамагаў яму ствараць эскізы касцюмаў, з разуменнем замаўляць мастацкае рашэнне спектакля.

Падмурак прафесіі — у сям’і

— Валянцін Ермаловіч меў у Магілёве высокі статус, людзі часта звярталіся да яго па дапамогу, і ён нікому не адмаўляў. Нягледзячы на занятасць і раз’езды, дзядуля заставаўся надзвычай гаспадарлівым сем’янінам і засцерагаў жонку Геню Міхайлаўну ад многіх бытавых абавязкаў.

Ён быў старэйшы за сваю каханую на тузін гадоў. Калі ветэран вайны Валянцін Ермаловіч прыйшоў сватацца да 16-гадовай прыгажуні, тая спачатку плакала: “Мамачка, як жа я такая маладая замуж пайду?” Пасля ж яны пражылі шчасліва шмат дзесяцігоддзяў — тое было сапраўдным каханнем.

/i/content/pi/cult/656/14564/14 copy 3.jpg

Яскравыя ўспаміны майго дзяцінства звязаны з іх магілёўскай кватэрай: дзівосны гістарызм, антыкварныя рэчы — усё дыхала эпохай. Асабліва ўражвала ўнікальная дзедава бібліятэка: замежная класіка, асноватворныя распрацоўкі школы Канстанціна Станіслаўскага, Яўгена Вахтангава, Аляксандра Таірава, а яшчэ — непрачытаныя, за савецкім часам забароненыя творы айчынных пісьменнікаў (што пасля прызналі нацыянальнай класікай), якія рэжысёр адкрываў для сябе, а пасля дарыў праз спектаклі гледачам. Дзедава кніжніца клапатліва захоўваецца ў нашай сям’і. Паперы ж перадалі ў архівы: звязаныя з Магілёўшчынай — у тамтэйшы абласны музей, большую ж частку дакументаў — у Музей гісторыі музыкальнай і тэатральнай культуры Беларусі.

Валянцінаў “Валянцін”

— У ваенныя гады ў сям’ю прыйшла “пахавальная” з паведамленнем, што Валянцін Ермаловіч загінуў у верасні 1944 года ў Польшчы. Салдат вярнуўся дадому тады, калі яго ўжо не чакалі. Гэтак жа раптоўна і нечакана для многіх ён вывеў на недасягальную вышыню аматарскае мастацтва. Абсалютна заканамерным стала адкрыццё ў 1992 годзе пры Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу народнага тэатра яго імя. “Валянцін” — такую назву свайму калектыву абралі людзі, што з дзяцінства ведалі рэжысёра. Калі гарадскія ўлады прапанавалі дзядулі вынесці на грамадскае абмеркаванне пытанне змены статусу трупы на дзяржаўны, ён ад спакуслівай ідэі адмовіўся. Добра разумеў: змена шыльды пацягне за сабой перамены ў калектыве (ён мог згубіць людзей, з якімі ішоў па жыцці) і ў рэпертуары. Для дзядулі тэатр “Валянцін” з’яўляўся сталым аўтарскім выказваннем.

Для яго ён замаўляў аўтарам тэксты, развіваў рэгіянальную драматургію — п’есы Алеся Петрашкевіча, Міхася Карпечанкі, Людмілы Рублеўскай упершыню прагучалі менавіта на сцэне “Валянціна”. Рэжысёр ставіў і замежную класіку — абавязкова ў перакладах на беларускую мову. Прынамсі, вялікі рэзананс выклікалі пастаноўкі “Каменнага госця” і “Караля Ліра” ў мастацкіх перакладах Рыгора Барадуліна. Мы з малодшым братам былі сведкамі, як часта дзядуля прыязджаў у Мінск на сустрэчы з аўтарамі, бачылі, што ён заўсёды ў руху. Ужо тады адчувалі, якім грунтоўным, значным у сваіх думках і развагах быў гэты дынамічны чалавек. Спыніць яго творчы працэс змагла толькі смерць: у 2004 годзе падчас падрыхтоўкі да пастаноўкі п’есы Віталя Скалабана і Людмілы Рублеўскай “Людвіка і Фабіян” у Валянціна Іванавіча спынілася сэрца.

/i/content/pi/cult/656/14564/14 copy 2.jpgУ 2015 годзе на доме на вуліцы Першамайскай у Магілёве, дзе жыў дзядуля, з’явілася мемарыяльная дошка аўтарства скульптара Уладзіміра Конанава — за свае грошы яе замовілі жыхары розных гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Для мяне вельмі сімвалічна, што дзядуля адлюстраваны на ёй у беларускім нацыянальным касцюме.

На адкрыцці помніка бралі слова чыноўнікі, творцы, прысутнічалі ўдзельнікі аматарскіх калектываў, і я бачыў, як запальваліся вочы гэтых асоб, калі яны ўспаміналі Валянціна Ермаловіча — рэжысёра, акцёра і педагога, які змог аб’яднаць вакол сябе і зрабіць аднадумцамі розных людзей. Мы жывем у час інфармацыйнага плюралізму, калі не існуе ўсеагульна прызначаных зорак, аднак я сапраўды адчуваю, што Валянцін Ермаловіч не забыты.

Фота з сямейнага архіва Ермаловічаў

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"