Быў сапраўдным скрыпачом

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

У тур са сваім... журналістам
...а стаў салістам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Ягорам ШАРАНКОВЫМ. “К” разам з маладым выканаўцам наведала яго родны горад — Светлагорск.

Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што ў сучаснай беларускай поп-музыцы ўзнікла вельмі цікавая постаць. І справа нават не ў тым, што ў свае дваццаць гадоў спявак з’яўляецца лаўрэатам і ўдзельнікам незлічоных песенных спаборніцтваў (яго крайняя ўдача — другая прэмія XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2017”), і не ў голасе, што ў яго не абы-які. На мой погляд, на нашай эстрадзе з’явіўся не проста чарговы камусьці сімпатычны юнак, а чалавек і артыст — з густам і разуменнем, чаго хоча дасягнуць і куды скіраваць свой творчы шлях. Пра пачатак гэтай дарогі мы з Ягорам узгадалі, наведаўшы некалькі культурных адрасоў на яго малой радзіме.

Спевы — парашок гаючы

Па ўспамінах мамы і таты, ужо ў чатыры гады іх Ягорка садзіўся дома на падлогу каля канапы ды імітаваў iгру на піяніна. Тады ж хлапчук і стаў нешта напяваць. У агульнаадукацыйнай школе настаўнік звярнуў увагу на тое, што спеў першакласніка прагрэсуе, і параіў бацькам аддаць сына ў спецыялізаваную ўстанову. Пакуль тыя вагаліся, здольнасці пацана на адным з мясцовых конкурсаў адзначыла кіраўнік народнай эстраднай студыі “Ліра” пры Цэнтры культуры Наталля Ланцава. З дзевяці гадоў ён там і займаўся, адцягваючыся яшчэ на секцыю плавання, школьныя КВЗ і тэатральны гурток. (І ігру на скрыпцы ў Дзіцячай школе мастацтваў: расповед пра гэты этап — у фінале матэрыялу.) Але звязаць свой лёс Ягор спачатку вырашыў з... прафесіяй урача і нават рыхтаваўся да паступлення ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

— У школе з прадметаў мне добра даваліся хімія, біялогія, — тлумачыць Шаранкоў свой першы выбар. — І, калі я думаў пра будучыню, медыцына ў гэтым сэнсе мяне прыцягвала.

Верагодна, прырасла б наша краіна высокакваліфікаваным лекарам, каб не нябожчыца прабабуля, што аднойчы прыснілася Ягору, — яна глядзела на выступ праўнука і апладзіравала. Тады ў юнаку нешта і пстрыкнула, бо ў яго, сапраўды, для спевака-пачаткоўца ўжо многае атрымлівалася — ён удзельнічаў у гарадскіх канцэртах, меў поспехі на фестывалях і, галоўнае, яму вельмі падабалася спяваць! Мабыць, бацькі таксама палічылі сон за знак і блаславілі сына на вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (Шаранкоў перайшоў на чацвёрты курс, вучыцца на кафедры мастацтва эстрады.)

/i/content/pi/cult/656/14563/12kultura13 copy.jpg

Куды вядуць дарогі

Завітваем у Светлагорскі цэнтр культуры. На першым паверсе на дошках з фотаздымкамі з яго творчым жыццём шмат здымкаў з Ягорам Шаранковым — зусім маленькім і падлеткам. Бачна, што тут ім ганарацца. Гэта пацвярджае спадарыня Ланцава, якая сустрэла нас у холе. Мы падымаемся з ёй у памяшканне, у якім працуе “Ліра”. Крылу будынка, у якім размяшчаецца студыя, вельмі неабходны рамонт — ну не пасуюць гэтаму храму культуры аблупленыя сцены, патрэсканыя падаконнікі і падлога. Як я разумею, сродкаў пакуль хапіла на прывядзенне ў належны выгляд толькі іншага крыла будынку СЦК (а творчыя адзінкі горада ўласнымі сіламі аднавілі так званы “Калізей” — адкрытую канцэртную пляцоўку Цэнтра), на чарзе — другое. Вось толькі калі падыдзе чарга — пытанне. А я пытаюся ў Наталлі Анатольеўны, калі мы атабарыліся ў пакоі, пра шанцы яе былога падапечнага на замацаванне ў вышэйшых эшалонах айчыннай папулярнай музыкі.

— Натуральна, хочацца, каб мае вучні сталі “зоркамі” на нашай эстрадзе, — адказвае яна. — І ўсе дадзеныя ў Ягора для гэтага ёсць. Калі пачула яго ўпершыню, адразу зразумела, што пры належнай стараннасці з яго можа вырасці нешта неардынарнае. У прынцыпе, і вырастае. Яму ўжо цяпер трэба сур’ёзна задумвацца аб замежнай кар’еры ў той жа Маскве ці Кіеве. Калі малады чалавек з нашага віду мастацтва марыць максімальна поўна рэалізаваць свае таленты, дамагчыся заслужанай вялiкай славы і, чаго тут саромецца, добрых грошай, то адной Беларуссю яму абмяжоўвацца нельга.

Гаворачы аб цяперашніх падапечных (іх васямнаццаць — ад дашкольнікаў і да старшакласнікаў), кіраўнік студыі прызналася, што сярод іх настолькі яркіх, як Шаранкоў, няма. Аднак, спадзяецца спадарыня Ланцава, у працэсе “лепкі” можа хтосьці раптам і заззяе. Ды і не першарадная гэта задача — абавязковае нараджэнне ў “Ліры” будучага геніяльнага артыста. Развіць у вучнях дар, песціць яго, прышчапіць пачуццё прыгожага, умацаваць маральныя асновы, адкрыць наступныя дзверы ў свет песні — вось што галоўнае. І дапамагаюць ёй у гэтым бацькі студыйцаў, якія часткова субсідзіруюць тое, што адбываецца ў “Ліры”, — ці то выезд з канцэртамі, ці то аплата транспарту альбо пашыў касцюмаў. “Яшчэ б акустыку абнавіць”, — заўважае Наталля Анатольеўна.

— Калі прыязджаю ў Светлагорск і заходжу ў Цэнтр культуры, зноў адчуваю сябе вучнем, — дзеліцца Ягор. — Накатвае хваляванне — кожны куток тут для мяне родны і людзі родныя. Я тут адпачываю ад мінскай мітусні.

На развітанне Наталля Ланцава адшуквае сярод рэквізіту касцюмчык Ягора, у якім ён упершыню выйшаў на сцэну як прадстаўнік студыі “Ліра”. Мы з ёй смяемся і жартуем, а спявак, як мне падалося, настальгічна ўздыхае.

Каму патрэбны Шаранкоў?

Пакуль рухаемся да Дзіцячай школы мастацтваў, пытаюся, як Ягор апынуўся ў аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

— Магчыма, ён узяў курс на амаладжэнне вакальнай часткі свайго калектыву, — задумваецца хлопец. — Недзе з год таму педагогі з універсітэта культуры падказалі яму мяне праслухаць, і з майго боку былі зрухі, каб паказацца маэстра. Па выніку ўсё зраслося. Вядома, гэта гонар для мяне — спяваць у такім легендарным аркестры.

Вось са скрыпкай у Шаранкова не зраслося. Хоць і тут яго таленты былі бачныя. Паспрабаваць сябе ў iгры на гэтым інструменце яму прапанавалі педагогі ДШМ, якія ў пошуку патэнцыйных талентаў неяк наведалі сярэднюю школу, дзе вучыўся Ягор. Ён прыслухаўся да парады і адправіўся спасцігаць асновы майстэрства ігры на скрыпцы, сумленна аддаў гэтай справе сем гадоў. Дакладней, амаль сумленна, таму што гады праз тры пасля паступлення ў школу мастацтваў да скрыпкі ён астыў — яго ўсё больш “забіралi” спевы. Зрэшты, ДШМ Шаранкоў скончыў.

І вось на яе ганку як выпускнік Ягор абдымаецца з выкладчыцай па сальфеджыа Нінай Гаўрылавай (яна два апошнія гады ўжо не працуе ў школе) і Галінай Шаткоўскай — па спецыяльнасці.

Пытаюся, ці атрымаўся б з іх гадаванца скрыпач прыстойнага ўзроўню.

— Каб ён перамог сваё непрыманне скрыпкі, сканцэнтраваўся на інструменце, а не на спевах, то хутчэй так, чым не. Але, мяркуючы па тым, як у Ягора ўсё складваецца зараз, ён прыняў правільнае рашэнне.

Пакуль абыходзім кабінеты ДШМ, дзе займаўся Шаранкоў, цікаўлюся дасягненнямі сённяшніх навучэнцаў. Мяне супакойваюць, маўляў, калі многія з іх пастаянна выйграюць разнастайныя конкурсы, значыць прычын турбавацца няма. Аднак і Ніна Іванаўна, і Галіна Васільеўна адзначаюць, што ўзнагароды ўсё ж такі супакоіць не могуць, бо відаць і чуваць, што дома дзеці займаюцца мала, таму прыстойнага ўзроўню дасягаюць адзінкі.

Некалькі гадоў таму я быў у гэтай установе, і ў гутарцы са мной дырэктар Наталля Зыкун падзялілася марамі пра больш поўнае аснашчэнне тэарэтычных класаў мультымедыйнай тэхнікай. Часткова яны спраўдзіліся. А парк інструментаў, на жаль, па-ранейшаму патрабуе абнаўлення, як і сам будынак. На развітанне, пакідаючы школу, цікаўлюся ў Ягора, ці пагадзіўся б правесці тут шэраг майстар-класаў, творчых сустрэч — ён з моладдзю на адной хвалі сучаснай музыкі.

— Мне прапаноўвалі нешта падобнае ў Мiнску. Нягледзячы на мой узрост, у творчым багажы сёе-тое маю. Я б пагадзіўся. Але ці прыйшлі б на такія мерапрыемствы мае, як ты сказаў, амаль аднагодкі? Ці з’яўляюся я для іх аўтарытэтам, наогул ці ведаюць яны мяне, ці чулі тое, што я спяваю?

— А давай папросім тваіх выкладчыкаў выступіць з ініцыятывай апытання сярод вучняў, ці патрэбныя ім такія праекты?

— А давай!

І мы папрасілі Ніну Іванаўну і Галіну Васільеўну. Паглядзім, што атрымаецца.

Фо­та аўта­ра

/i/content/pi/cult/656/14563/12kultura13 copy 2.jpg

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"