Сакрэт за рамай крыецца

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

У 1957 годзе Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею калегі з Львоўскага гістарычнага музея перадалі партрэт невядомага мастака “Тадэвуш Касцюшка”, датаваны ХІХ стагоддзем. Сёлета распачалася рэстаўрацыя жывапіснага палатна. І тут нас напаткала дзівоснае адкрыццё.

15 кастрычніка 2017 года спаўняецца 200 гадоў з дня смерці палітычнага і ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі. З ініцыятывы міжнароднай грамадскасці Камісія UNESCO абвесціла 2017-ы годам яго памяці.

“Лячэнне” партрэта Касцюшкі доўжылася чатыры месяцы. Музейныя рэстаўратары нарасцілі яго пруг, правялі прафілактычную заклейку, папоўнілі страту грунту і фарбавага слою, таніроўку, пакрыццё лакам. Калі супрацоўнікі знялі старадаўнюю раму, высветлілася, што памер палатна перавышаў падрамнік. Яго краі былі загнутыя па ўсіх баках на 2 — 4 сантыметры. Разгарнуўшы тканіну напоўніцу, убачылі ў правым ніжнім кутку партрэта алеем напісаную дату — 1794! Яна прачытвалася дастаткова добра — не давялося нават прымяняць спецыяльную тэхніку.

Шкада, што мастак не пакінуў свайго імя. Мы нават не ведаем, ці пазіраваў Касцюшка асабіста для карціны, магчыма, была паўторана нейкая выява героя. Але дата дазваляе выказаць здагадку, што партрэт напісаны пры жыцці Тадэвуша, што надае экспанату асаблівую значнасць.

Ніна КІРЫЛАВА,
загадчык навукова-экспазіцыйнага
аддзела Брэсцкага абласнога
краязнаўчага музея