Каляровыя ноткі фестывальных дзівосаў

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Верасень — нагода згадаць летнія перамогі і падарожжы. Адбіткамі жнівеньскага сонца прасякнутыя лісты ў рэдакцыю “К” на гэтым тыдні. Успаміны пра дасягненні і творчыя знаёмствы дапамагаюць культработнікам напоўніцу зарадзіцца энергіяй для здзяйсненняў у новым сезоне.

/i/content/pi/cult/656/14561/37 kultura 12 copy.jpg

Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур пахвалілася, што выхаванцы ДШМ Яна Асмольская і Данііл Ягель заваявалі дыплом І ступені ў гродзенскім фестывалі дзіцячай і моладзевай песні “Каляровыя ноткі”. Намеснік дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Спаткай згадала пра культуралагічны праект для дзяцей і падлеткаў “Зорнае лета — 2017”. Развітваліся з летам у гарадскім скверы Талочына: выступалі дзіцячыя вакальныя і харэаграфічныя калектывы, прайшла тэатралізаваная гульнявая праграма “Каралі весялосці”, майстар-класы, конкурс малюнкаў, а ўвечары — канцэрт для моладзі з удзелам вакальна-інструментальнага ансамбля “Халоднае лета” і салістаў Цэнтра культуры.

Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі і дзіцячая бібліятэка прынялі ўдзел у святкаванні адразу дзвюх юбілейных дат: 26 жніўня Шчучын адзначаў 500-годдзе з першага згадвання ў пісьмовых крыніцах і 55-годдзя з моманту надання яму статусу горада. Па словах метадыста аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяны Красінскай, у гарадскім скверы заснавалі “Бібліятэчны бульвар” з гульнявой зонай для дзяцей, адкрылі выставу рэтрафатаграфій “Горад, якога вы не бачылі”, правялі чытацкі фотакрос “Чытай заўсёды, чытай паўсюль” і выставу новых кніг па гісторыі горада і раёна “Слова Францыска Скарыны жыве ў шчучынскіх стагоддзях”.

Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра падзялілася адразу дзвюма навінамі. Напрыканцы жніўня ля шлюза Дамброўка адбыўся фестываль “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў — Беларусі, Польшчы і Літвы”. Тады ж на канале прайшоў і самабытны рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, удзельнікі якога парадавалі ўсіх аўтэнтычнымі спевамі, музыкай і гумарам. А на пачатку верасня ў аграгарадку Путрышкі Гродзенскага раёна ўпершыню прайшло свята марожанага, што сабрала аматараў гэтага ласунку ўсіх узростаў. У падрыхтоўцы да яго прымала ўдзел і велабібліятэка: напярэдадні мерапрыемства жыхарам аграгарадка развозілі запрашэнні на свята з праграмай, а на самім свяце кур’еры на роварах раздавалі буклеты з гісторыяй узнікнення халоднага дэсерту і рэцэптамі прыгатавання марожанага ў хатніх умовах, а таксама каляндарыкі, выпушчаныя інфармацыйна-бібліятэчным аддзелам спецыяльна да свята.

У той жа дзень — 2 верасня — старажытны Давыд-Гарадок прымаў абласныя “Дажынкі”. Па паведамленні Уладзіміра Жылевіча, менавіта са Століншчыны пачалася традыцыя на дзяржаўным узроўні святкаваць “Дажынкі” і ўзнагароджваць лепшых працаўнікоў палёў. Іўеўшчына здаўна славіцца вырошчваннем агародніны розных відаў і гатункаў. На тым мясцовыя культработнікі і вырашылі пабудаваць брэндавае свята — “Іўеўскі памідор” 9 верасня. Як паведамляе загадчык адзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель, падчас мерапрыемства 9 верасня ладзілася шэсце дзясяткаў сімвалаў фестывалю, конкурс на найлепшы карнавальны касцюм і арыгінальнае агароднае пудзіла, частаваліся стравамі з памідораў.

9 верасня ў пасёлку Баравуха, што пад Наваполацкам, адбыўся сёмы рэгіянальны экалагічны фестываль “Крыніца здароўя”. Па словах Уладзіміра Бяляева, сёлета экафестываль пашырыў сваю геаграфію і прадставіў працу пляцовак гаспадароў аграсядзіб з усіх абласцей рэспублікі. Клуб “У гасцях у траўніцы” Домжарыцкай сельскай бібліятэкі Лепельскай ЦБС стаў удзельнікам Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і Міжнароднага фестывалю міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”. Пра гэта нам паведаміла бібліятэкар установы Таццяна Смаляная.

Бібліятэкар Хвінявіцкай сельскай бібліятэкі — цэнтра фарміравання здаровага ладу жыцця Марыя Мірашнічэнка згадала, як на працягу лета ва ўстанове ладзіліся мерапрыемствы для маленькіх чытачоў “Разумныя кнігі ў тваім заплечніку”, “Абвяшчае бор на палянцы збор”, “Калі выйшаў на дарогу, ты ад суму не пазяхай”. Падчас апошняй акцыі бібліятэкар прачытала маленькім жыхарам аграгарадка Хвінявічы Дзятлаўскага раёна правілы дарожнага руху з кнігі Валянціны Дынько “Дзе хаваецца небяспека, або Слушныя гісторыі ад бабы Валі”.

Любоў Нікіціна з гарадскога пасёлка Падсвілле Глыбоцкага раёна напісала пра штогадовае рэгіянальнае свята “Падсвільскі світанак”, якое сёлета прайшло пад назвай “У некаторым царстве, у Падсвільскай дзяржаве”. Гарпасялковы Дом культуры пад кіраўніцтвам дырэктара Веранікі Герасімовіч падрыхтаваў да свята тэатральныя замалёўкі, канцэртную праграму, выставу майстроў “Драўляныя дзівосы”, інтэрактыўную пляцоўку “Тэрыторыя бяспекі”, фотазону “Злаві гэтае лета” і многае іншае.

У Гомелі прайшла дэкада беларускай літаратуры, падчас якой у гомельскім палацы “Юнацтва” адбыўся юбілейны вечар празаіка Уладзіміра Гаўрыловіча, міжнародны літаратурны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”, а ў гарадской бібліятэцы імя Герцэна — першы міжнародны форум маладых літаратараў, у якім удзельнічалі творцы з Беларусі, Украіны і Расіі. Абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі вызначыла пераможцаў у літаратурным конкурсе сярод творчай моладзі ва ўзросце ад 15 да 35 гадоў. “Шчыра віншуем з творчай перамогай паэтаў: гомельскага прадпрымальніка Фёдара Бусела і педагога з Буда-Кашалёўшчыны Андрэя Верамеева! Гран-пры ў намінацыі “Проза” атрымала Юльяна Пятрэнка”, — даслала нам паведамленне галоўны спецыяліст Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Тамара Кручэнка.

Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях г. Мінска адсвяткаваў 78-ю гадавіну, паведамляе спецыяліст аддзела Таццяна Бычанок. Пажарная частка ў раёне была заснавана 1 верасня 1939 года на базе 7-й тэхнічнай гарадской пажарнай каманды на тэрыторыі былога Троіцкага коннага базару па вуліцы Чырвонай. Сёння ў складзе аддзела працуюць 119 чалавек, якія могуць выконваць усе пастаўленыя задачы: выратоўваць людзей з полымя, вады, вышыні, ліквідаваць пажары, наступствы паводкі, ДТЗ і многае іншае.

Вольга Коршун, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі распавядала пра свята “Беларуская кніга: шляхамі стагоддзяў”. Гасцямі мерапрыемства сталі паэты Дзмітрый Радзівончык і Браніслаў Ермашкевіч. Музычныя нумары ўсім прысутным падараваў народны ансамбль народнай песні “Ярыца” Мастоўскага раённага цэнтра культуры. Установа ўжо распачала падрыхтоўку мерапрыемстваў да 75-годдзя Хатынскай трагедыі.

У гарадскім пасёлку Любча святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання супала з 405-годдзем адкрыцця Любчанскай друкарні. Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская напісала нам пра тэатралізаванае гістарычнае свята “Друкаванае слова ў Любчы”. У мясцовым гарадскім доме культуры адбыліся гісторыка-краязнаўчыя чытанні, непадалёк ад знакамітага замка на месцы ўстаноўкі памятнага знака да юбілею заснавання друкарні заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам. Гучалі песні ў выкананні аматарскіх калектываў Навагрудчыны: Усялюбскага, Пятрэвіцкага і Любчанскага Дамоў культуры, працавалі інтэрактыўныя бібліятэчныя пляцоўкі і тэматычныя выставы гісторыка-краязнаўчага музея і Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Тры супрацоўніцы Навагрудскай раённай бібліятэкі пайшлі на заняткі па вывучэнні польскай мовы ў сацыяльную школу пры касцёле Архангела Міхаіла. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ўстановы Фаіна Малюжэнец тлумачыць: польская мова бібліятэкару патрэбна, бо ў Навагрудку шмат замежных турыстаў. Апошніх абавязкова зацікавіць музейны пакой міні-макетаў “Страчаная спадчына”, што сёлета пачаў працаваць у райбібліятэцы. На сёння ў экспазіцыі, якая абавязкова будзе пашырацца, прадстаўлены макет рынкавай плошчы Навагрудка першай трэці ХХ стагоддзя, макеты вузкакалейкі, маёнтка і бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах, сінагогі ў Навагрудку, партызанскай стаянкі ў Чарэшлі. Яны выкананы мастаком кніжніцы Анатолем Бандзюкевічам. Цяпер у музейным пакоі праводзяць краязнаўчыя ўрокі-экскурсіі для тамтэйшых школьнікаў.

Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука піша, што да 30 верасня ў выставачнай зале працуе выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва двух народных клубаў народных майстроў і самадзейных мастакоў “Натхненне” з Сенненскага і “Спадчына” з Шумілінскага Дамоў рамёстваў. Комплекс касцюмаў Сенненшчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя адроджаны танцавальным калектывам “Кросны”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"