“Бульба” ў Чэнду

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Як Кітай адкрываў для сябе беларускае дзіцячае харавое мастацтва
У жніўні ў горадзе Чэнду — адміністрацыйным цэнтры кітайскай правінцыі Сычуань — прайшоў Міжнародны тыдзень музыкі, удзельнікамі якога сёлета сталі дзіцячыя хары з Кітая, Паўднёвай Карэі, Расіі, Францыі. Упершыню ў Чэндускім форуме прынялі ўдзел і беларусы — хор хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. “К” даведалася, чым здзіўляў і чаму здзіўляўся Кітай.

/i/content/pi/cult/656/14559/37kultura11 copy 2.jpg

Было не да адпачынку

— У траўні тата аднаго з нашых выхаванцаў даведаўся пра Тыдзень музыкі ад свайго знаёмага, жыхара Чэнду, які папрасіў дапамогі ў пошуку беларускага хору для выступу ў Кітаі, — патлумачыў кіраўнік калектыву Павел Шэпелеў. — І потым усё стала складвацца па цаглінках: арганізатары праслухалі і ўпадабалі нашы запісы, афіцыйна запрасілі.

Збірацца ў паездку хору давялося ў форс-мажорным рэжыме, калі артысты былі ўжо на вакацыях, а адміністрацыя каледжа ў адпачынку. Таму рэпетыцыі праходзілі ў адным з аздараўленчых лагераў, дзе юныя музыканты аднаўлялі сілы пасля навучальнага года.

Да выступу рыхтавалі пятнаццаць кампазіцый, што могуць прадставіць зрэз беларускай вакальна-харавой культуры (“Янка-полька”, “Лявоніха”, “Бульба”, папуры на тэму песень “Песняроў” і іншае). Ужо перад вылетам арганізатары форуму даслалі яшчэ спіс твораў на французскай, італьянскай, карэйскай, кітайскай і англійскай мовах для абавязковага выканання на майстар-класах, што таксама ўваходзілі ў праграму Тыдня.

Працоўны дзень хору — з сямі раніцы і да дзесяці вечара

У сілу аб’ектыўных прычын калектыў быў прадстаўлены на форуме толькі часткова — у складзе дваццаці двух чалавек. “Камандзіровачныя” выдаткі ўзяў на сябе кітайскі бок, уключаючы і аплату доўгіх пералётаў. Стомленых небам беларусаў у аэрапорце Чэнду сустракалі прадстаўнікі аргкамітэта Тыдня і шматлікія мясцовыя СМІ (патранавалi форум дзіцячыя рэдакцыі тамтэйшых тэлеканалаў). Прывітальнае слова ў адказ — на беларускай і кітайскай — прамовілі і нашы суайчыннікі.

— На ўрачыстым адкрыцці Тыдня хор прэзентаваў сябе і нашу краіну адной кампазіцыяй, а потым адправіўся на экскурсію да мемарыяльнага комплексу храма Ухоўцы, закладзенага ў трэцім стагоддзі нашай эры, і праспяваў там падчас зборнага канцэрта, — распавёў Павел Шэпелеў.

У храме Ухоўцы беларусам таксама далі ўрок каліграфіі: яны па ўзоры пісалі іерогліф “сяброўства”. Па просьбе дырэктара гімназіі Сямёна Клiманава і яго намесніка па вучэбна-вытворчай (творчай) працы Аксаны Белікавай майстры вывелі на пергаменце надпісы: “Рэспубліканская гімназія-каледж”, “Дабрабыт і росквіт”, а таксама “Чэнду-горад”.

Звычайны працоўны дзень хору (з сямі раніцы і да дзесяці вечара) складаўся з нейкага мерапрыемства (экскурсіі), канцэрта (майстар-класа), рэпетыцыі і яшчэ аднаго канцэрта.

— Мы прысутнічалі на выступах іншых калектываў, самі далі сольны канцэрт на сцэне старажытнага тэатра Ухоўцы, — працягвае Павел Мікалаевіч. — Быў выступ у Сычуаньскай кансерваторыі — там на закрыцці Тыдня наш хор спяваў як хэдлайнер, апошнім. Усё гэта жыўцом трансліравалася па тэлебачанні.

У кансерваторыі на працягу двух дзён праходзілі майстар-класы, падчас якіх кожны з кіраўнікоў калектываў збіраў зводны хор з усіх удзельнікаў Тыдня, каб на працягу паўгадзіны асвоіць партытуры з розных краін. За поспехамі спевакоў сачылі гледачы ў зале, у тым ліку — прафесіяналы ад музыкі. Павел Шэпелеў прапанаваў для выканання нашу “Купалінку”: па агульным меркаванні, інтэрнацыянальны варыянт песні атрымаўся.

Моц славянскіх традыцый

— Які наогул быў узровень хораў?

— Хоць штосьці ведаў толькі пра французскі хор, адзін са складаў якога выконваў песні ў фільме “Харысты”. Гэта прыватны калектыў, што не мае ніякай прывязкі да дзяржаўных устаноў, зарабляе сабе грошы сваімі выступамі. Узровень яго, самі разумееце, адпаведны. Але, на мой погляд, спевы хору — тэмбральна выхалашчаныя, занадта роўныя па галасах. Кітайскія калектывы (і той, што прымаў удзел у Тыдні, і тыя, што давялося пачуць на іншых пляцоўках) і карэйскi ў асноўным аматарскія. Прафесіяналы ў іх толькі, быць можа, кіраўнікі і канцэртмайстры. Але кітайцы ўсё ж такі “бралі” слухачоў асаблівай фанетыкай. Дзяўчынкі з Карэі суправаджалі свае песні пластычнымі рухамі, пантамімай. Маскоўскі хор — эстрада з мікрафонамі і “мінусовай” фанаграмай, яркім макіяжам, жэстамі на мяжы вульгарнасці.

— Як выглядалі мы?

— Юнакі — моцна, нават на фоне французаў. Славянскія традыцыі ў нас захоўваюцца — калі гэта бас, то згадваецца штосьці ад Шаляпiна, калі тэнар — ад Казлоўскага. Духоўнай чатырохгалосай музыкі, як я зразумеў, у тых жа французаў у прынцыпе няма, не кажучы ўжо пра кітайцаў і карэйцаў.

“Юрачку” — на біс

— Што засталося ў памяці ад Тыдня, паездкі?

— Тое, як французы ішлі на сняданак: усім калектывам, своечасова, патыліца ў патыліцу, ва ўніформе — гольфiках, шорціках, кашулях. Моўчкі садзіліся за сталы, моўчкі елі. І парамі выходзілі з гатэля. Такія паводзіны шакавалі — відавочны перабор. Запомніліся заўсёды ўсмешлівыя кітайцы — і арганізатары, і мінакі на вуліцах. Ці то еўрапейцы для іх пэўная экзотыка, ці то ў культуры ў іх так закладзена.

— Пра што гаварылі з кіраўнікамі хароў?

— Натуральна, пра прафесійныя рэчы. Пра тое, што было б цікава абмяняцца ўзаемнымі выступамі. Французы і ў гэтым былі вельмі канкрэтныя: іх задаволілі б як мінімум пятнаццаць білетных канцэртаў у нашай краіне. Італьянскі маэстра распавёў нам пра дзіцячы фестываль у Вероне. Можа, атрымаецца туды трапіць. Дарэчы, сам італьянскі хор на Тыдзень чамусьці не прыехаў.

— Беларускія харысты паспелі ўсталяваць кантакты са сваімі калегамі?

— У развітальны вечар нашых з французамі было не адарваць адзін ад аднаго — сумесныя фота, абмен інтэрнэт-адрасамі, нумарамі тэлефонаў. Вельмі эмацыйна расставаліся.

— Ёсць адчуванне, што кітайскія таварышы запросяць ваш хор на які-небудзь з будучых Тыдняў? Усё-ткі хэдлайнерам выбралі...

— Усход — справа тонкая, але хутчэй так, чым не: мне падалося, што мы паказалі тое, чаго ад нас чакалі. І падарункам нашым усе ўзрадаваліся — мы прывезлі ў Кітай гліняныя вырабы і лялькі ручной работы, кнігі пра Беларусь на розных мовах. А фінальны выступ хору ў кансерваторыі завяршыўся, між іншым, бiсоўкай (праспявалі “Юрачку”) — пра нешта ж гэта кажа.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"