Унутры “Артэрыі”

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Хто прыходзіць у беларускую фатаграфію
Апошнія некалькі тыдняў сталічны Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў прымаў у сваіх сценах праект “Артэрыя” выпускнікоў творчай майстэрні фатографа Ягора Войнава. Аўтары-пачаткоўцы, малады куратар Алена Пратасевіч, новыя творчыя працы — такія рэчы заўсёды прыцягваюць, таму што дэманструюць, хто і з якімі ідэямі прыходзіць у беларускую фатаграфію.

Сем аўтараў

Праект анансаваўся як фатаграфічнае даследаванне з тэмай “Тэрыторыі свае і чужыя”. Працы кожнага з аўтараў паказавалі ў асобнай зале.

Першы — Аляксей Заяц з серыяй [zayats-vouk]. Белавежскую пушчу фатограф зняў так, нібы назіраем яе вачыма ваўка — з вышыні яго росту, з асаблівасцямі бачання колераў, з характэрным вуглом зроку. Панарамныя здымкі даюць адчуванне, што трапіў у першародны лес, у іх перададзена ўзаемасувязь ваўка з чалавекам, які ішоў па слядах драпежніка.

/i/content/pi/cult/656/14558/37kultura11 copy 3.jpg

“Лецішча” Аксаны Цішынай — свет адной сям’і з успамінамі дзяцінства, кожны прадмет з якога мае сваю каштоўнасць. Захапленне імі бачна на кожным здымку — ад маляўнічага сметніка да бытавых рэчаў, якімі карыстаюцца на лецішчы. Тлумачэнні да прац і прычыны, па якіх яны звязаны ў адзін лагічны ланцужок, праўда, занадта мудрагелiстыя.

Фатаграфічную гульню з архітэктурай, множанне фрагментаў, паверхняў, пляжных эпізодаў, фасадаў Ірына Беразоўская назвала “Прыгодамi салiпсiста”. Але і без азнаямлення з тэорыяй пра рэальнасць толькі ўласных думак і рэфлексій ясна, што нас пагружаюць у такую Італію, якой яна засталася ў свядомасці фатографа.

Андрэй Шаблоўскі таксама ў сацыяльна-філасофскім кірунку абгрунтаваў свой “Лімб” — серыю кадраў-апор у плыні свядомасці, асацыяцый, асэнсавання. Злучыў зусім розныя сюжэты і жанр, але візуальна гэта вельмі прыгожа.

Таццяна Шульгевiч, каб сцвердзіць “Бачу. Існую”, працавала са стужкай, колерам, нефармалізаваным кадрам. Фіксавала розныя дзеянні як візуальныя аргументы герояў, што бачаць і існуюць.

“Выспа” Сяргея Язлавецкага — гэта расповед пра Ісландыю, якая, як кажуць, нібыта створана для фатаграфіі. Абраны аўтарам спосаб пазнання новага асяроддзя — класічны чорна-белы пейзаж, які ў зацемненай зале стварае адчуванне, што бачыш невядомую планету. Побач — падсветленая інсталяцыя з каляровых слайдаў. Задача двух рашэнняў — прапанаваць гледачу запаволіць рух, разгледзець дэталі, якія не прагаворыш.

Вера Герасімовіч у праекце “Без твору” даследуе спажывецкі асяродак, які, на яе думку, абнуляе і абязлічвае чалавека.

Маладыя фатографы ў “Артэрыі”, на мой погляд, нешта намацалі: змаглі разгарнуць унутраны дыялог, паказаць працягласць дзеянняў, патлумачыць свой спосаб адбору здымкаў. Інтуітыўна аўтары шукаюць падыходы, што здаюцца ім новымі.

Ёсць і пэўная праблема: фатаграфічныя праекты перагружаюцца сэнсамі, якія глядач не счытвае. Чым больш лакалізаваная тэма, як, напрыклад, у выпадку з “Выспай” ці [zayats-vouk], тым больш суцэльнай становіцца серыя.

Як вымераць вынікі “Майстэрні”?

Ягор Войнаў арганізуе майстэрні для фатографаў ўжо некалькі гадоў. Спачатку курсы праходзілі ў Мінску, у апошні час — у абласных гарадах. Менш увагі педагогі надаюць тэхналогіям, больш — мастацтву, сучаснай фатаграфіі, яе гісторыі, напрамкам і асаблівасцям пазнання гэтага медыясвету. Пачынаюць семестр каля дзесяці чалавек, да фінішу даходзяць не ўсе — прыкладна палова гатовая рабіць уласныя праекты. Нагадаю, вучаць іх не рамяству, і ў большасці ўдзельнікаў майстэрні ёсць іншая праца. Толькі захопленасць дазволіла ім сфармуляваць свае ідэі і аргументавана іх прад’явіць у “Артэрыі”.

Многія фатаграфічныя курсы крытыкуюцца менавіта за адсутнасць выніку, прэзентацыі таго, чаму навучылі студыйцаў, адкрыцця новых імёнаў. Вядомы і ўдалыя прыклады, калі творчыя спрацаваныя групы рабілі агульныя праекты. Такі, напрыклад, вопыт фатографаў-педагогаў Вадзіма Качана і Уладзіміра Суцягіна. Але не часта атрымоўваецца матываваць маладых людзей да некамерцыйнай і эмацыйна-інтэлектуальнай працы. Таму вопыт Ягора Войнава і яго вучняў, а таксама інтарэс Цэнтра сучасных мастацтваў да маладых творцаў можна толькі вітаць.

Любоў ГАЎРЫЛЮК

Фота Дзіны ДАНІЛОВІЧ