(С)куль(п)тура Мінска

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

У мінулыя выхадныя сталіца святкавала 950-годдзе. Да гэтай даты ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстава скульптуры — паменшаныя копіі ўжо ўсталяваных помнікаў і праекты тых, што толькі прапануюцца аўтарамі да разгляду. Куратар Павел ВАЙНІЦКІ падзяліўся з “К” сваімі разважаннямі, чаму прадстаўленыя экспанаты вызначаюць культуру горада.

На вуліцах і плошчах гарадоў менавіта скульптура робіць бачнымі, бронзакаменна прадметнымі людзей і падзеі, з гэтым месцам звязаныя. Мінску, напэўна, пашчасціла — менавіта ў апошнія дзесяцігоддзі горад набыў шэраг скульптурных вобразаў, без якіх ён ужо не ўяўляльны. Сярод апошніх: помнікі Францыску Скарыне, Адаму Міцкевічу і Ефрасінні Полацкай; кампазіцыі, што ўплятаюць у сучасную тканіну горада трагічныя гісторыі Халакоста, а таксама гісторыі, якія натхняюць — атрыманне Магдэбургскага права, здабыццё іконы Мінскай Божай Маці.

/i/content/pi/cult/656/14557/37kultura11 copy 4.jpg

 

Існыя і магчымыя помнікі сталіцы паказваюць да 1 кастрычніка.

Выставачны праект, што адкрыўся з нагоды Дня горада, прысвечаны скульптурна-культурнай імаджынерыі сталіцы апошніх гадоў. Паглядзець ёсць на што — выстава складаецца не толькі з мадэляў і фотавыяваў усталяваных у грамадскай прасторы горада твораў, але таксама і са скульптурных прапановаў сучасных аўтараў. Варыянты гатовыя да рэалізацыі — павялічвай і усталёўвай! Атрымаўся своеасаблівы адпаведнік папулярных цяпер у СМІ дайжэстаў кшталту “Каму з мінчан і мінчанак даўно трэба паставіць помнік?” ці “Якія прызабытыя падзеі варта ўганараваць?”

Гэта набліжае да рэалізацыі грамадскія “манументальныя” імкненні. Няхай пакуль і ў невялічкім памеры ў галерэі экспануюцца скульптурныя творы, прысвечаныя людзям, якія зрабілі ўнёсак у гісторыю і культуру сталіцы.

А таксама падзеям — такім ключавым для горада і краіны, як бітва на Нямізе, станаўленне Мінскага княства пад кіраўніцтвам Глеба Усяславіча (Мiнскага), удзел Мінскай харугвы ў Грунвальдскай бітве і многія іншыя зафіксаваныя творцамі — як у станковых разважаннях-кампазіцыях, так і ў прадметных праектных прапановах будучых манументальных твораў.

Аблічча нашага ўжо амаль тысячагадовага горада мяняецца — пашыраюцца вуліцы і плошчы, архітэктура паўстае ў новых матэрыялах і формах. Беларуская скульптура ідзе ў нагу з часам, прапаноўваючы Мінску свае варыянты мастацкага напаўнення яго прасторы сучаснай скульптурнай пластыкай. Наведвальнік выставы ўбачыць новыя работы як вядомых айчынных скульптараў, так і маладых аўтараў — усе яны вельмі па-рознаму вырашаюць агульную тэму — ад абстрактных, сімвалічных вобразаў са шкла і пластыку да звыклых фігуратыўных аб’ектаў з бронзы і каменя. Удзельнікі праекта — а іх больш за паўсотню — аб’яднаныя агульнай мінскай тэматыкай. Выстава — іх скульптурнае прызнанне ў каханні нашаму гораду.

Сучасная скульптура сталіц наглядна кажа пра культуру нацый — які ўзровень мастацтва яны гатовыя ўспрыняць, якой пластыцы аддаюць перавагу. Мы бачым адточанасць велізарных сталёвых паверхняў новых скульптур Берліна, парадаксальнае спалучэнне найноўшых тэхналогій, традыцый і іроніі ў сённяшняй скульптуры Прагі… Але які сучасны скульптурны Мінск? Адказ на гэтае пытанне дае выстава.

Гэта ўжо не першая дэманстрацыя свайго наяўнага і нерэалізаванага патэнцыялу, што арганізуе скульптурная секцыя Беларускага саюза мастакоў. Праект “Мінск скульптурны” папросту абавязаны выклікаць цікавасць усіх заангажаваных у стварэнні сталічных гарадскіх прастораў — архітэктараў, адміністратараў, грамадскіх дзеячаў і актывістаў. Вельмі хочацца спадзявацца на ажыццяўленне скульптурных памкненняў беларускіх творцаў. Ці знойдуцца сярод наведвальнікаў выставы або тых, хто чытае гэтыя радкі, аднадумцы і паплечнікі, здольныя падтрымаць новую беларускую скульптуру для Мінска?

Павел ВАЙНІЦКІ