Не сысці на палове дарогі

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Што кіруе бацькамі, калі тыя запісваюць сваіх дзяцей на дадатковыя заняткі пры школах? Многімі — успаміны пра эстэтычныя аддзяленні пры ўстановах адукацыі, куды самі хадзілі. Выгада была відавочнай: дзіця малявала, танцавала, спявала ці іграла на інструменце, не марнуючы час на пераезды па горадзе, творчыя заняткі падганяліся пад расклад школьных урокаў. Па заканчэнні адукацыі вучні атрымлівалі пасведчанне з адзнакамі, якое давала магчымасць працягнуць профільную адукацыю ў каледжах ці адпаведных ВНУ. Аднак чаканні сённяшніх татаў і мам хутка разбіваюцца аб неспадзяваныя адкрыцці.

Першае: эстэтычны ўхіл і іншыя профілі колькі гадоў як скасаваныя. Педагогі засталіся, праграмы захаваліся, але зладжаная сістэма дадатковай адукацыі займела іншае найменне (у кожнай школе выкручваліся па-свойму), што, у сваю чаргу, пацягнула змену статусу. Сёння былы эстэтычны напрамак прыроўнены да факультатыву. З гэтага вынікае крыўдная неабходнасць штогод выклікаць бацькоў адабраных да творчых заняткаў дзяцей, каб на пачатку верасня падпісаць з імі чарговы дагавор на аказанне адукацыйных паслуг. Скажам, у першым класе праводзілі адбор лепшых з прыцэлам на 7-9-гадовае навучанне, але тут падпісваем дакументы, быццам з нуля.

Другая нечаканасць усплывае ў працэсе: аб’ём эстэтычнага навучання карэлюецца з колькасцю школьных урокаў. Што крыецца за бяскрыўдным радком “Агульнаадукацыйная нагрузка не перавышана”? Раней праграму эстэтычнага аддзялення можна было па якасці суаднесці з музычнай, харэаграфічнай ці мастацкай школай, бо навучэнец прыходзіў да майстра роўна столькі разоў, колькі неабходна для засваення творчай базы. Зараз матэматыка, мовы, фізіка/хімія, зразумела, бяруць на сябе асноўны пагадзінны ўдар. Для выкладчыкаў малявання ці танцаў застаюцца заняткі два на тыдзень. Завучы пачынаюць выкручвацца, пераводзіць частку прадметаў на платныя рэйкі, але ўсё роўна прайграюць напаўненнем класічнай музычнай школе ці ДШМ. Калі ў вучня ёсць сур’ёзны намер атрымаць надалей творчую прафесію, бацькі гатовы адмовіцца ад такой “палавінчатай” вучобы на карысць спецыялізаваных устаноў першага звяна.

Сюрпрыз трэці: факультатыўнасць эстэтычных прадметаў выклікае паблажлівае стаўленне дзяцей да іх — маўляў, калі неабавязкова, дык ці заўсёды трэба прыходзіць? Новы “рэжым” навучання не дазваляе вучняў ацэньваць, адпаведна, ужо няма размовы пра афіцыйнае пасведчанне напрыканцы адукацыйнага курса. Раней абітурыенты прыносілі ў каледжы пацверджанне сваіх творчых навыкаў, а зараз педагогі могуць хіба што ўнесці ў атэстат радок, што дадаткова быў праслуханы пэўны цыкл ведаў.

Я шчыра захапляюся настаўнікамі, якія ў такіх няпростых умовах працягваюць займацца з адоранымі дзецьмі. Пры навязанай “неабавязковасці” яны знаходзяць магчымасць матываваць сваіх вучняў, выводзіць іх на ўзровень прэстыжных конкурсаў, прыводзіць да ганаровага звання лаўрэата Прэзідэнцкага фонду Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Шкада, што да ўсіх гэтых перамог даводзіцца ісці штучна ўскладненымі сцежкамі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"