Вячаслаў Нікіфараў прымае віншаванні і падарункі ад сваіх гасцей. / Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА
Высокі прафесіяналізм майстра і сёння мастацкага кіраўніка Нацыянальнай кінастудыі адзначыла на вечары першы намеснік міністра культуры краіны Ірына Дрыга. Медаль за прафесійную шматгадовую працу рэжысёру, які зрабіў унёсак ў станаўленне беларускага і савецкага кіно, уручыў Вячаславу Нікіфараву дырэктар установы Ігар Поршнеў.
Цёплыя віншаванні ад сяброў — народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка і народнага артыста СССР Ігара Лучанка, паэта Фёдара Баравога, знанага фатографа Юрыя Іванова — прагучалі ва ўрачыстай абстаноўцы.
Сапраўдная дата юбілею рэжысёра — 13 жніўня. Аднак гэты дзень Вячаслаў Нікіфараў правёў на здымачнай пляцоўцы, бо зараз ідзе праца над новай паўнаметражнай стужкай “Тум-Пабі-Дум”. Госці вечара ўбачылі рабочы матэрыял карціны, якая ўжо прайшла этап здымак і знаходзіцца на стадыі мантажу. Галоўную ролю ў сямейнай меладраме сыграў юны артыст з Адэсы Арцём Венгеровіч, удзельнік папулярнага ўкраінскага шоу талентаў. Хлопчык іграе ў “Тум-Пабі-Дум” выхавальніка дзіцячага дома, які, шукаючы бацькоў сабе і сваёй падапечнай, сутыкаецца з нялёгкай маральнай дылемай. Юны акцёр, які прысутнічаў на свяце, адзначыў, што для яго вялікі гонар працаваць у камандзе Майстра.
У карціне задзейнічаны беларускія артысты: Павел Харланчук, Валерыя Арланава, Вольга Клебановіч, Аляксей Шадзько, Даша Кірэева і іншыя. Стужка мусіць выйсці на экраны ўжо сёлета.
Рэжысёр заўжды падкрэслівае, што цэніць у творчасці талент і самабытнасць. І менавіта ўважлівы падыход да творцы, веданне прафесіі і мусіць выратаваць беларускае кіно. А таксама — павага да сваёй культуры. “Толькі тады мы будзем цікавыя іншым, калі будзем расказваць пра сваё жыццё, культуру, людзей”, — неаднаразова паўтарае Вячаслаў Нікіфараў у інтэрв’ю.