Аўдыя & Відэа

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Жнівеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявак і акцёр Павел СЫРАЕЖКІН (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/655/14539/24.jpgМакс Корж, сінгл “Аптыміст”

А.: На нейкім з інтэрнэт-рэсурсаў творчасць Макса назвалі “рускім рэпам” — я ўсміхнуўся. Трэк гэты прыліву аптымізму ўва мне не выклікаў, у ім усё-такі больш дэпрэсіўнага пачатку — гэта значыць, заяўленая назва кампазіцыі і яе змест відавочна дысануюць паміж сабою. Корж, вядома, малайчына, працаўнік, паважаю яго імкненне да поспеху, якога, у рэшце рэшт, ён і дасягнуў. Але музыка гэтая зусім не мая. Верагодна, гадоў дваццаць таму яна і прыйшлася б мне даспадобы, але сёння не я яе адрасат. Можа, хіба мой шаснаццацігадовы сын? Спытаю ў яго.

B.: Сінгл гэты, якi папярэднічае выхаду новага альбома Каржа, — самы што ні на ёсць класічнага варыянту, паколькі змяшчае адзін трэк. Крайні поўнафарматнік Макса мне катэгарычна не спадабаўся: занадта ўжо артыст апусціўся ніжэй за плінтус — да ўзроўню двара, першабытных дзецюкоў і іх праблем. Дадзеная ж кампазіцыя выклікае больш... аптымізму ў дачыненні да будучага рэлізу. І настрой трэка добры, і саўнд месцамі вясёленькі, і чытае выканаўца перыядычна з натхненнем. Залік.

 

/i/content/pi/cult/655/14539/25.jpgГурт “Стары Ольса”, альбом “Вада, хмель i солад”

A.: Для мяне дадзены калектыў — хутчэй, фестывальны, на нейкіх адкрытых ці закрытых вялікіх пляцоўках я б з задавальненнем паслухаў яго сэт, але — невялікі, бо ў шматтрэкавым варыянце гурт выглядае ўсё ж аднастайна. Але для дарогі пару яго песень скінуў бы ды перыядычна іх слухаў, вельмі перыядычна. А што сапраўды спадабалася без агаворак — гукі дуды: класна, прыгожа, “па тэме”. І яшчэ такі нюанс: мяркую, што творчасць гэтай каманды “абавязковая” для тых, хто цікавіцца беларускай гісторыяй у розных яе аспектах.

B.: Старадаўнія застольныя песні часам з проста-такі жахлівымі тэкстамі, як, да прыкладу, Pachod na Frankfurt аб жудасцях Сярэднявечча. Калі мне не здраджвае памяць, гурт гэты падобную канцэптуальную аўдыятворчасць ужо практыкаваў, уключаў ён і асобныя трэкі аналагічнага напаўнення амаль ва ўсе свае рэлізы, а цяпер адбылося вось такое “вяртанне” з альбомам. Разгульныя і сумныя рэчы прыйдуцца да густу ўсім за доўгім гасцінным беларускім сталом, а калі яшчэ чарку (без фанатызму) і скварку да іх далучыць — ах, што за свята выйдзе!

/i/content/pi/cult/655/14539/26.jpgГурт “нагУаль”, альбом “Каморнік і Чыпаліна”

A.: Упершыню пачуў гэты гурт і цяпер вазьму каманду пад увагу — не стану ігнараваць аўдыя/відэанавіны ад яго. Таму што спадабалася, таму што цікава! Вясёлыя гармонікі, вясёлыя гітары, выдатная музыка для паходаў, шашлыкоў на прыродзе і загараднага адпачынку наогул. Недарэмна я правёў час, слухаючы гэтыя дзесяць трэкаў!

B.: Бедным выдаўся жнівень на рэлізы, а таму мы вырашылі з Паўлам адрэцэнзаваць адзін з альбомаў, што выйшаў раней, меркаванням пра які ў свой час не знайшлося месца ў гэтай рубрыцы (“не занеслі” музыканты. Жарт). Загадка, вядома, чаму імя знакамітага хлопчыка-цыбулькі ўдзельнікі калектыву напісалі на рускай мове праз дзве літары “п”, а не “л”, як належыць, — ну ды і няважна.

У творчасць гурта я закаханы даўно, нават ва ўсю тую тэкставую тарабаршчыну, якую ён доўгі час спяваў, а калі бэнд нарэшце перайшоў на чалавечую мову, пачуццё маё яшчэ больш умацавалася. І дадзеная работа — гэта зноў тая ж смаката (з сумесі “балканшчыны”, псеўдафолку і альтэрнатывы): і па гуку наогул, які вымаецца з крэатыўных інструментаў, і па кампазіцыях у прыватнасці — жартаўлівых і лірычных. А “Джанга едзе на Радзіму”, “Каморнiк” — чарговыя хіты каманды. Можа, альбом выйшаў не надта роўным — па якасці матэрыялу, але толькі хіба трошачкі.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/655/14539/27.jpgМікіта Найдзёнаў, кліп на песню “Люк, я твой тата”

А.: Пра песню. Меладычна, прыемны саўнд, слухаецца лёгка, вельмі прыстойная беларуская мова, у якой артыст літаральна купаецца. Гэта таксама не мая “гісторыя”, але не аддаць даніну якасці і выкананню не магу.

Пра кліп. Відаць, што відэашэраг — бюджэтны, але сюжэт месцамі мне здаўся цікавым, ёсць тут думка. Праўда, некаторыя кадры — трэш яшчэ той. (Не буду расшыфроўваць, што я маю на ўвазе, — самі паглядзіце.) У цэлым жа выйшаў годны прадукт, па меры магчымасці буду сачыць за тым, што робяць Мікіта і яго гурт Hurma: жаданне такое ў мяне ёсць.

B.: Тэкставы змест трэка — гэта рэфлексія лідара гурта Hurma, звязаная з адным з перыядаў яго жыцця. Напэўна, у нейкай ступені нават драматычнага. Гэта цяперашняе асэнсаванне яго, балючае і вельмі шчырае да такой ступені, што за артыста па-сапраўднаму перажываеш. Кліп жа, інспіраваны адной з сюжэтных ліній кінасагi “Зорныя войны”, дапаўняе гэтыя эмоцыі. Просценькае, але таксама хвалюючае відэа падкрэслівае ідэю кампазіцыі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"