Прыкметны перакос у бок блокбастараў

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Пракатчыкі пра кінаўпадабанні беларусаў
Паводле статыстыкі, наведванне кінатэатраў з’яўляецца адным з самых масавых відаў баўлення вольнага часу гараджан. Мінчане ў гэтым плане не выключэнне. Кінапракатчыкі распавялі, якое кіно было папулярным у першай палове 2017 года і чаму айчынныя стужкі дасюль з’яўляюцца на вялікім экране гады ў рады.

/i/content/pi/cult/655/14538/21.jpgІна ШУТАВА, дырэктар па рэпертуарным планаванні кампаніі “Белінфільм”

— У плане паспяховасці першая палова цяперашняга сезона праходзіць сінусоідна: здараліся як узлёты, так і падзенні. Узімку выйшлі гістарычны фільм “Вікінг” (ён сабраў 70 тыс. гледачоў) і аскараносны мюзікл “Ла-ла-лэнд” (таксама 70 тыс.), якія сталі для нас нечаканасцю года. Ніхто не спадзяваўся, што публіка валам на іх паваліць. Пасля гэтага відавочных прарываў не было, акрамя фантастыкі “Прывід у даспехах” (50 тыс.). Лета ажывілася камедыяй “Выратавальнікі Малібу” (20 тыс.) і, вядома, баевіком “Трансформеры 5: Апошні рыцар”, які сабраў рэкордныя 130 тыс. гледачоў  нават нягледзячы на адмоўныя рэцэнзіі ў прэсе.

На ўмела разрэкламаваныя расійскія рэлізы гледачы добра ходзяць, і кінатэатры іх з задавальненнем бяруць. Хіба з экранізацыяй рамана Талстога “Ганна Карэніна. Гісторыя Уронскага” былі пытанні, але вытворцы самі вінаватыя, таму што папярэдне паказалі па тэлевізары яго пашыраную версію.

З улікам пералічаных фільмаў, пачатак 2017 года можна назваць для нас паспяховым — калі б не тройка стужак, якія ўпершыню за ўсю гісторыю нашай працы на рынку кінапракату далі нечакана пасрэдныя вынікі. Хаця, у прынцыпе, рэлізы не такія ўжо і дрэнныя. Асабліва крыўдна за “Абяцанне”: усе, хто яго бачыў, вельмі хвалілі, але глядач масава не пайшоў.

Што тычыцца беларускага кіно… У яго ёсць свае праваўладальнікі. Магчыма, калі б яны звярнуліся да нас з прапановай заняцца пракатам іх фільмаў, мы б і не адмовіліся. Пакуль такіх прапаноў да нас не паступала.

Сяргей КОЗЫРАЎ, дырэктар кампаніі “Інтэрфільм дыстрыб’юшн”

— У параўнанні з 2013 або 2014 гадамі, калі назіраўся пік наведвальнасці беларускіх кінатэатраў, цяпер адбываецца нешта адваротнае — актыўнасць гледачоў упала прыкладна на 30%. Дадзены факт сам па сабе не дзіўны, таму што пакупніцкая здольнасць насельніцтва працягвае зніжацца. Але пры гэтым памянялася структура валавых збораў. Фільмы класаў В і С становяцца ўсё менш запатрабаванымі. Гэта сведчыць пра тое, што калі людзі сталі хадзіць у кіно радзей, яны яшчэ болей пачалі аддаваць перавагу буйным раскручаным праектам перад фестывальнымі і аўтарскімі рэлізамі. Прыкметным стаў значны перакос у бок блокбастараў.

Для нас гэты год стаў прадказальным. Пачатак сезону нам “зрабіў” працяг меладрамы “На пяцьдзясят адценняў цямней”, якая спрацавала трохі горш у параўнанні з першай часткай, але ўсё адно цікавасць да фільма была неблагая, асабліва на старце. Удала прайшоў пракат музычнага мультфільма “Зверапой” і гоначнага баевіка “Фарсаж 8”, хаця ён сабраў менш, чым папярэднія часткі. Да гэтага моманту, пачынаючы з чацвёртага эпізоду, зборы фільма стабільна ішлі ўгару.

Нядрэнна сабрала фэнтэзі “Мумія” з Томам Крузам у галоўнай ролі, а таксама мультфільм “Гідкі я — 3”, хаця ён пайшоў горш за пазалеташні “Міньёны” і леташні “Тайнае жыццё хатніх жывёл”. Цяпер у нас ідзе фантастыка Люка
Бесона “Валяр’ян і горад тысячы планет”, мы ад яе чакаем добрага выніку. Фільм стартаваў на ўзроўні нашых спадзеваў, за першы дзень сабраўшы больш за 50 тыс. рублёў. У выніку можна чакаць, што зборы па краіне складуць недзе ў дзесяць разоў болей.

Што тычыцца рускамоўных рэлізаў, тут у нас тэндэнцыя такая самая, як і ў Расіі: да гэтага кантэнту цікавасць гледачоў у апошнія гады нязменна падае. У першую чаргу таму, што пастаянна падманваць публіку немагчыма. Часцяком фільм суправаджае гучная піяр-кампанія, а па змесце атрымліваецца пшык, і наступным разам глядач на рускі фільм не ідзе. З расійскіх прэм’ер у нас добра прайшло “Прыцягненне” Фёдара Бандарчука — нават трохі насуперак нашым чаканням. З астатнім усё сумна — напрыклад, кінакомікс “Абаронцы” братоў Андрэасян у нас праваліўся, хаця і ў Расіі яго таксама не вельмі актыўна глядзелі.

Беларускае кіно мы не пракатваем найперш таму, што нам яго проста ніхто не прапануе. Да таго ж масавых айчынных стужак пакуль няма. Усё, што да гэтага моманту выходзіла ў пракат, — гэта ў асноўным аўтарскія праекты. У нас ёсць досвед зносінаў з іх стваральнікамі, але мы арыентаваны на камерцыйныя рэлізы, а такія праекты да нас не прыносяць. Каб фільм збіраў грошы, трэба дакладна разумець, на якую мэтавую аўдыторыю ён накіраваны, адсюль можна выводзіць яго патэнцыял. Часам з таго матэрыялу, які ёсць у наяўнасці, можна зрабіць прыбытковы праект, але гэта патрабуе ўнясення карэктываў у візуалізацыю, дыялогі, тэмпарытм апавядання. Не гатовыя яшчэ нашы аўтары да такога “гвалту” над сваім стварэннем! Таму беларускія рэжысёры часта пракатваюць фільмы самі, робячы гэта так, як у іх атрымліваецца.

/i/content/pi/cult/655/14538/23.jpgАнжаліка КРАШЭЎСКАЯ, дырэктар цэнтра візуальных мастацтваў “Арт Карпарэйшэн”

— Мы паказваем фестывальнае кіно ў рамках праекта “Лістапад. Калекцыя”. У гэтым годзе адным з самых паспяховых фільмаў стаў “Патэрсан” Джыма Джармуша. Мы дэманстравалі яго ў рамках пазаконкурснай праграмы “Лістапада” мінулай восенню, і паколькі быў попыт, вырашылі паказаць і ў пракаце. Вялікай папулярнасцю ў кінатэатраў і гледачоў карысталася брытанская камедыя “Гіпапатам” паводле рамана вядомага англійскага коміка Стывена Фрая. Нядаўна ў кінатэатры “Масква” прайшоў паказ зусім незвычайнай карціны, фільма-перформанса “Маніфест” з галівудскай зоркай Кейт Бланшэт, прычым гледачоў было надзвычай багата. А самым касавым фільмам гэтага года ў нас стала драма “Рай” Андрэя Канчалоўскага. Здавалася б, тэма складаная (стужка пра Халакост), але ў гледачоў яна выклікала вялікую цікавасць.

Глядацкая наведвальнасць і касавы поспех фільма, вядома, шмат у чым залежаць і ад самой карціны, ад зорнасці акцёрскага складу, рэжысёра і г.д. Да ўсяго, сістэма кінапракату завязана на буйных дыстрыб’ютарах, якія часта дыктуюць свае ўмовы. Нам даводзіцца запаўняць яшчэ не занятыя імі сеансы. Іншая справа, калі сам кінатэатр зацікаўлены ў супрацоўніцтве, як тая ж “Масква”. Шмат што залежыць ад людзей, не з усімі ўдаецца дамовіцца, бо фестывальнае кіно — гэта пераважна малабюджэтныя праекты з невялікай рэкламнай кампаніяй.

Пасля закрыцця на рэстаўрацыю кінатэатра “Перамога” мы страцілі пляцоўку, дзе маглі эксперыментаваць і паказваць цікавыя прэм’еры. Але пры гэтым пачалі працаваць з прыватнымі кіназаламі, якія не баяцца разнастайнасці ў рэпертуары. І публіка прыходзіць.

Беларускія стужкі мы сёлета паказвалі не раз. Два дні ў мінскім “Доме кіно” ішоў альманах “Незалежны Позірк”, а ў “Беларусі” чатыры дні пракатвалася камедыя Мікіты Лаўрэцкага “Каханне і партнёрства”. У некаторых рэгіянальных гарадах мы дэманстравалі кароткаметражныя фільмы, якія летась удзельнічалі ў Нацыянальным конкурсе “Лістапада”. Увесну па Мінскай вобласці прайшоў фільм Улады Сяньковай “Граф у апельсінах”.

Што тычыцца цікавасці да падобных рэлізаў… Можна канстатаваць умераную ўвагу да нашага кіно, якое мы паказвалі ў абмежаваным пракаце. У кожнага фільма свая аўдыторыя. Хутчэй гэта фестывальная публіка, чым масавы глядач. Калі будуць гучныя рэлізы фільмаў, мы гатовыя ахвотна ладзіць іх пракат. Таму нецярпліва чакаем ад нашых кінематаграфістаў такіх твораў.

Аўтар: Тарас ТАРНАЛІЦКІ
кінааглядальнік