Змяшэнне моў на “Белай Вежы”

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

З 8 па 17 верасня ў Брэсце праходзіць ХХІІ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”. Праграма форуму, як заўжды, вельмі насычаная — па два-тры, а то і чатыры спектаклі на дзень. А ўсяго — 29! Яны прагучаць на 11 мовах — не кажучы ўжо пра мовы тэатральныя. Але, у адрозненне ад іншай вежы, іх “змяшэнне” будзе спрыяць сяброўству, а не разладу ды непаразуменням. Дырэктар фэсту Аляксандр КОЗАК распавёў карэспандэнту “К” пра яго сёлетнія асаблівасці.

/i/content/pi/cult/655/14531/5.jpg— Зразумела, з цяперашняй праграмай немагчыма ўкласціся ў чатыры-пяць вечароў, з якіх калісьці фестываль пачынаўся. Сёлета яго працягласць — самая вялікая і ахоплівае ажно дзесяць дзён. Яшчэ адно новаўвядзенне — завяршэнне форуму гасцявым спектаклем, які не ўдзельнічае ў конкурснай праграме. Думаю, гэта правільна. Фінал павінен быць яркім, відовішчным, разлічаным на самую шырокую публіку.

Геаграфія калектываў-удзельнікаў надзвычай шырокая. Паводле традыцыі, асаблівую ўвагу надаем тэатрам постсавецкай прасторы. Калісьці сувязі паміж імі былі вельмі шчыльнымі. Пазней многія творчыя кантакты страціліся, але не ў нашым выпадку. Сёлета ў афішах — спектаклі з Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны, Эстоніі — прычым не толькі сталічных тэатраў. Тая ж Расійская Федэрацыя прадстаўлена не адно Масквой ды Санкт-Пецярбургам, але і Татарстанам ды Хакасіяй. Хапае калектываў і з заходніх краін: Венгрыі, Македоніі, Польшчы, Фінляндыі, Чэхіі… Усяго — 14 краін-удзельніц.

На фестывалях такога кшталту заўсёды паўстае пытанне, ці годна прадстаўлена наша краіна. Беларускіх спектакляў на сёлетняй “Белай Вежы” — шмат як ніколі. Не толькі мінскіх і брэсцкіх, але і з Гродна ды Магілёва. Прадмет майго асаблівага гонару — запрашэнне пластычнага тэатра “ІнЖэст” на чале з Вячаславам Іназемцавым. Гэты калектыў калісьці стаў адкрыццём нашага форуму, з нашай падачы ездзіў у Польшчу, замацаваўшы за сабой статус фестывальнага. Таму сачыць за яго цяперашнім развіццём тым больш цікава.

Падкрэслю жанравую размаітасць “Белай Вежы”. Акрамя драматычных спектакляў (а іх, зразумела, большасць), ёсць лялечныя, музычныя, харэаграфічныя, пластычныя, вулічныя.

Класіка? Калі ласка! Ёсць Мальер, Астроўскі, Дастаеўскі, Чэхаў, Брэхт, наш Янка Купала. Сучасная драматургія? Таксама належным чынам прадстаўлена. Беларускія аўтары? Так, прычым розных пакаленняў. Монаспектаклі? Няма праблем. Нацыянальная тэма? Ды як жа без яе! Акрамя ўскоснага выяўлення нацыянальных рысаў і менталітэту ў спектаклях розных жанраў, ёсць і самае непасрэднае — у “Дарожцы маёй” лідара этнагурта “Тройца” Івана Кірчука паводле беларускага песеннага фальклору.

Сярод айчынных тэатральных форумаў менавіта “Белая Вежа” адкрывае “фестывальны сезон”. Гэта, вядома, абавязвае. Бо ўдалы старт — залог далейшага плёну. Не толькі самога форуму ці афішы нашага тэатра, але і ўсяго фестывальнага руху ў галіне тэатральнага мастацтва. Так што назва “Белая Вежа”, дадзеная ў гонар старадаўняга данжону, у падножжа якога фестываль калісьці ўрачыста адкрываўся, сімвалічная ўтрая. Калі з абарончай вежы ХІІІ стагоддзя глядзелі, ці не ідзе вораг, дык з вежы фестывальна-тэатральнай — наколькі павялічылася сяброў. Бо, завітаўшы на фэст хаця б аднойчы, абмінуць яго надалей немагчыма: фестывальная дарожка пралягае акурат праз Брэст. І “адмыкае” размаітую тэатральную афішу ўсяго сезона.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"