Партытура ТЭАРТа

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

"Наша задача — палепшыць аўру Мінска"
Электратэатр, sound-драма, неакласіка, дакументальны, пластычны тэатр, перфоманс… Гэта няпоўны пералік жанраў пастановак, які сабраў ў сёлетнюю праграму Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”. Якім чынам арганізатарам форуму ўдаецца прыводзіць і паказваць у Мінску нашумелыя пастаноўкі еўрапейскай сцэны? Як складаецца бюджэт? Як можна ахарактарызаваць сённяшні этап беларускага тэатру праз прызму фестывалю? Пра менеджмент праекта і асаблівасці яго ажыццяўлення на лакальнай глебе гутарым з дырэктарам форуму Анжалікай КРАШЭЎСКАЙ.

/i/content/pi/cult/654/14525/23.jpgМінск — не правінцыя

— “ТЭАРТ” сёлета ладзіцца ўжо ў сёмы раз. Ці можна казаць пра тое, што ў праекта сфармавалася свая аўдыторыя?

— Яго ўплыў цяжка адлюстраваць у канкрэтных паказчыках, але я веру, што прывезеныя намі спектаклі сталіся для прафесійнай супольнасці важным досведам. І тут я не вылучаю людзей тэатра ў асобную кагорту, бо сёння ўсё узаемазвязана: фатаграфія ўплывае на тэатр, кіно на фатаграфію, тэатр бярэ ад кіно і фатаграфіі… Таму ў тым, што ў апошнія гады ў Мінску ўзрасла колькасць культурных ініцыятыў, напэўна, ёсць заслуга і нашага форума. Убачанае на ім, магчыма, натхніла кагосьці на ўласны праект.

— А што наконт гледача? Ці адчуваеце вы яго зацікаўленасць?

— Так. Наш фестываль паказвае, што Мінск — не правінцыя, дзе ў разраджаным асяродку гледачу застаецца толькі сядзець ля тэлевізара. А тут ёсць размаітая культурная прапанова: куды схадзіць, што паглядзець, каб потым абмяняцца з сябрамі ўражаннямі ад убачанага. Таму карыстайцеся гэтым! Акурат уцягнутасць гледача ў культурнае жыццё і вызначае мегаполісы. Наша звышзадача — палепшыць аўру Мінска. Пакуль мы адчуваем толькі пачатак магчымых зменаў, але ёсць прыклады, якія абнадзейваюць: той жа Авіньёнскі фестываль, якому ўжо больш за 70 гадоў і які даўно стаў брэндавым для свайго горада.

“ТЭАРТ” — гэта не шоу

— Наколькі цяжка займець у праграме форума пастаноўкі такіх рэжысёраў як Кшыштаф Варлікоўскі, Томас Астэрмайер, Крысціян Люпа, Рамэа Кастэлучы?

— Рэпутацыю фарміруе досвед, які складаецца з папярэдніх праектаў. Сёння нас ужо ведаюць у міжнародных тэатральных колах. Але пачынаць было сапраўды цяжка. У 2010 годзе перш, чым атрымаць магчымасць ладзіць “ТЭАРТ”, мне прапанавалі стаць дырэктарам фестывалю “Лістапад”. Я ўжо мела досвед правядзення тэатральнага форуму “Панарама”, тыдняў класікі з “Белгазпрамбанкам”, таму пагадзілася. Так усё і закруцілася — новая каманда, новы цэнтр, новая форма дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва.

Зараз праграма фестывалю фарміруецца за два гады. І калі мы запрашаем кагосьці, тэатры ужо выказваюць нам удзячнасць. Людзі часам могуць і не ведаць, дзе знаходзіцца Мінск, але імёны, якія вы назвалі, у нашай афішы мяняюць іх стаўленне да невядомай кропкі на карце. Звычайна расклад такіх рэжысёраў распісаны на дзесяцігоддзі, і калі яны едуць сюды, гэта значыць, што тут адбываецца штосьці цікавае.

— Як складаецца бюджэт? У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што 95% — гэта сродкі спонсараў.

— Так, партнёраў і спонсараў. Звычайна, 65% з тых 95% — удзел “Белгазпрамбанка” і нашага генеральнага партнёра “Газпрам трансгаз Беларусь”. 5 — 10% — дзяржаўная падтрымка Міністэрства культуры. Другі год запар нам таксама ідзе насустрач горад, які дапамагае з рязмяшчэннем рэкламы ў Мінску. Што да астатніх 30% — гэта ўдзел замежных культурных інстытуцый. Самі тэатры могуць узяць на сябе пэўную частку выдаткаў ці звярнуцца да адпаведных арганізацый па дапамогу. Да прыкладу, прыезд расійскіх спектакляў на “ТЭАРТ” часта аплочвае Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, якое гэтаксама з’яўляецца нашым партнёрам.

/i/content/pi/cult/654/14525/24.jpg— Ці патрабуюць ад вас спонсары аддачы? Ці гучаць з боку галоўных бізнес-партнёраў пытанні у плане акупляльнасці, заробку?

— Пакуль падобных патрабаванняў не чулі. Зразумела, што ад продажу білетаў ідуць пэўныя грошы, але гэта не тыя сродкі, на якія можна разлічваць. “ТЭАРТ ” — гэта не шоу, не забаўляльны праект, у яго іншыя мэты і задачы. Гэта не канцэрт Стаса Міхайлава, на які збягуцца ўсе жанчыны Мінска. Мэта нашага форума — садзейнічаць развіццю культурнага ландшафту, самасвядомасці, прафесійнаму сталенню, і я спадзяюся, што бачанне гэтай місіі падзяляецца нашымі партнёрамі.

Падкрэслю, што рашэнне аб фінансаванні фестывалю прымаецца акцыянерамі “Белгазпрамбанка” і “Газпрам трансгаз Беларусь”, а не адным чалавекам. Але, вядома, без Віктара Бабарыкі, які захапляецца тэатрам і наогул мастацтвам ды падзяляе нашы каштоўнасці, ажыццяўленне многіх праектаў аказалася б пад пытаннем.

Тэхнічныя райдары дасягаюць 20 старонак

— Калі вярнуцца да фарміравання праграмы і выбару спектакляў, ці існуе пэўная планка, якую вы не можаце узяць? Спектакль, які не можаце запрасіць?

— Вядома. Першы з фільтраў тут — радыкальнасць. Ёсць спектаклі настолькі жорсткія, што мусіць яшчэ прайсці некалькі дзясяткаў гадоў, пакуль наша тэатральнае асяроддзе здолее іх прыняць. Ды нават я некаторыя з іх не магу глядзець.

Па-другое, тэхнічны складнік. Ёсць настолькі складаныя тэхнічныя пастаноўкі, што каб іх прывезці, трэба мець бюджэт форумаў у Авіньёне ці Эдэнбургу. Сёння кожны мастак хоча выкарыстоўваць тэхнічныя эфекты, бо прагрэс ёсць прагрэс ва ўсім, у тым ліку, у тэхніцы. Адпаведна, райдары могуць дасягаць 20 старонак — і ты павінен разумець, ці здолееш у выніку адаптаваць рэжысёрскую задуму да нашай сцэны. У Беларусі ж пляцовак з адпаведным святлом і гукам проста няма. У 2013 годзе мы прывозілі пастаноўку “(А)палонія” Кшыштафа Варлікоўскага ў Мінск. Чатыры дні збіралі сцэну ў легкаатлетычным манежы, потым столькі ж яе разбіралі. Калі мы абмежаваны ў чалавечых рэсурсах, калі паралельна трэба рыхтаваць сцэну для выступлення кампаніі Вікторыі Цьеры-Чаплін, унучкі Чапліна, тройчы падумаеш над тым, ці патрэбны падобнага кшталту праект.

— Які спектакль быў самым дарагім за час правядзення “ТЭАРТу”?

— З “(А)палоніяй” пакуль ніхто не зраўняўся. Але гэта пастаноўка — адна з мноства неверагодных. Спектаклі ў тым жа Авіньёне ладзяцца ў кар’ерах, пустынных будынках, на востраве… На якасць відовішча і фестывалю працуюць усе, уключна з пажарнымі і паліцыяй. Сучасны тэатр сёння можа захопліваць фартэцыі і вялікія плошчы — і наадварот хавацца ў невялікіх галерэях і музейчыках.

— Нягледзячы на ўсе цяжкасці, вы сёлета вязеце ў Мінск спектакль “Электратэатра Станіслаўскі”?

— Аднак тэхнічна больш складаным з’яўляецца “Іванаў” Тэатра нацый. Для яго ўвасаблення неабходна пляцоўка з паўнавартаснай партытурай святла і гуку, пэўнай глыбінёй залы. Харэаграфічная пастаноўка “Фрэска. Карціна на сцяне” Балета Прэльжакаж з Францыі таксама мае шмат тэхнічных патрабаванняў. Здавалася б, харэаграфія, але і яна вырашана ў адпаведным кантэксце. Цэнтр вымушаны везці сёе-тое з Экс-ан-Правансу, бо ў нашай краіне няма патрэбнага светлавога абсталявання. Рэквізіт, транспарт, лагістыка, мытня — абмеркаванне і выкананне ўсіх гэтых пунктаў і этапаў ператвараецца ў складаны працэс.

Што маем і куды ідзем

— Правядзенне падобнага вялікага арт-менеджарскага праекту заўжды выяўляе не толькі здольнасці арганізатараў, але таксама перавагі і недахопы нашага асяродку…

— Асяродак — гэта адлюстраванне многіх рэчаў. І, на мой погляд, адна з найвялікшых праблем — кансалідацыя тэатральнай супольнасці. У пэўны час наш тэатр перажываў перыяд росквіту: у касы стаялі чэргі, людзі абмяркоўвалі новыя пастаноўкі — тады і фарміраваўся глядач, асяродак. Сёння сітуацыя іншая: пасля распаду Савецкага Саюза мы сталі жыць па інерцыі. Пэўны час так існаваць можна, але потым пачынаюцца незваротныя працэсы. Калі канал не чысціць, ён пачынае зарастаць, а потым пераўтвараецца ў непралазную дрыгву, так і мы ўсе больш і больш губляем у прафесіі і кадрах. Многія з’язджаюць, хтосьці ідзе ў дворнікі, і з чым мы ў выніку застаемся?

Калі ў рэпертуарных тэатрах ідзе пагоня за выкананнем паказчыкаў, тэатр паступова пачынае рушыць за гледачом, і планка якасці непазбежна падае. У выніку сёння “ТЭАРТ” многія калегі ўспрымаюць як канкурэнта. Не магчымасць пашырэння ўласных ўяўленняў пра тэатр, не пляцоўку для дыскусій і прафесійнага росту, а тое, што раздражняе і турбуе. Пра якую кансалідацыю і асяродак можа ісці гаворка?

— На форуме ўжо які год запар дзейнічае праграма Belarus Open. Ці не з’яўляецца яна прыкладам таго, што ў нашым тэатры ёсць спробы выхаду на глабальны ўзровень?

— Акурат з яе дапамогай мы і імкнуліся даведацца, што маем і куды ідзем. Дзяржаўныя, недзяржаўныя, рэгіянальныя пляцоўкі — для нас гэта не мела розніцы, цікавіла акурат актуальнасць пастановак. Парадавалі рэжысёры лялечных тэатраў — Ляляўскі, Жугжда, Казакоў. Іх тэатры аказаліся цалкам канкурэнтаздольнымі на сусветным узроўні, і яны вартыя ўсялякай падтрымкі. Што да драматычных, то тут узровень рэжысуры вымагае лепшага. Чаму я кажу пра нагледжанасць, якая дапамагае разумець, што адбываецца ў свеце? Бо, каб дасягнуць новага ўзроўню, неабходны новы лад мыслення — зразумела, разам з належнай працай. А ў нас логіка такая: навошта варушыцца, калі можна і так?

— Вы плаціце ганарары беларускім удзельнікам?

— Не. Беларуская праграма — цалкам наша ініцыятыва. Мы арэндуем пляцоўкі для паказу, выкупляем спектаклі па білетнай кніжцы, выконваем тэхнічны райдар, робім пераклад, субтытры. Гэта таксама наш унёсак у прэзентацыю беларускага тэатра на фестывалі. Але, вядома, было б выдатна, калі б знайшоўся спонсар беларускай праграмы.

Праз стварэнне Belarus Open мы хацелі пазнаёміць замежных экспертаў, рэжысёраў, акцёраў, агентаў з нашай тэатральнай супольнасцю. Стварыць адпаведнае поле для стасункаў і кантактаў падчас фестывалю. І з боку замежных прафесіяналаў мы назіралі такое імкненне.

— Былі пэўныя вынікі падобных знаёмстваў?

— Мы хочам, каб гэта адбывалася як мага больш натуральна. Нікога не падштурхоўваем, не катуем. Але я ведаю, што пастаноўка “Фро” Брэсцкага тэатра лялек была сёлета на Платонаўскім фестывалі ў Варонежы. Праект Таццяны Арцімовіч і Антона Сарокіна “Беларусь 4:33. Горад сонца кропка нуль” запрасілі ў Бельгію. Прапанова выступіць з майстар-класам па беларускай драматургіі паступіла да Аляксандра Марчанкі. Яго “Опіум” паклікалі ў Брэст і Гановер. Чым гэта не вынік?

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"