Анатомія глінянай архаікі

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Як сенненскія майстры адраджаюць рамесніцкія традыцыі
Жыў-быў глінамес. Звалі яго Генадзь Глухароў. У пасёлку Труд, дзе працавала цагельня, ведаў яго кожны дарослы і кожны малы. Не толькі цэглай славілася прадпрыемства, але і цэхам, дзе посуд выпускаўся. Дык вось, Генадзь Пятровіч за змену “накручваў” да ста гаршкоў ды гладышаў. А пасля змены вырабляў на радасць дзятвы адмысловыя гліняныя свістулькі. Сёлета Глухарову споўнілася б 80 гадоў. І цагельня ўжо не працуе. А вось цудоўная мясцовая гліна засталася, ёю і па сёння карыстаюцца майстры Сенненскага раённага дома рамёстваў. Засталася і памяць пра архаічную свістульку, якую ўсе цяпер называюць Глухароўскай.

/i/content/pi/cult/654/14524/22.jpg

Пачатак: 500 квадратных метраў

Так, не пакінуў глінамес пераемніка. Такіх выпадкаў на Беларусі — тысячы: памёр майстар — сканала і ягоная справа. Адрадзіць яе іншым разам немагчыма. У Сянно вырашылі з такім падыходам не пагадзіцца. І нічога не атрымалася б, калі б не збег абставін. Гадоў сем таму РДР атрымаў новы будынак — каля 500 квадратных метраў “творчай” плошчы. Дырэктар установы Вольга Квашко разам з пяццю кіраўнікамі гурткоў зрабіла тут дзве стацыянарныя выставачныя залы, ткацкую і ганчарную майстэрні з усім належным рыштункам-абсталяваннем, пакоі для гурткоў, дзе на сёння займаюцца каля сотні дарослых і дзяцей. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама Сяргей Мяцеліца цяпер кажа, што дом рамёстваў — тая структура, якая не выклікае ў яго трывогі. А Сенненскі РДР, якому ўжо дваццаць гадоў, сапраўды стаў адным з лепшых на Віцебшчыне.

Прарыў і перспектыва

Апошнія гады, насамрэч, сталі для ўстановы прарыўнымі. Тут існуе дзевяць кірункаў рамесніцкай дзейнасці. Сабраны ўнікальныя калекцыі, дзе прадстаўлены лепшыя ўзоры тутэйшай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Адроджаны мясцовы касцюм. Майстры дома рамёстваў зрабілі іх для кожнага самадзейнага артыста ансамбля “Вечарынка” раённага Дома культуры. Наладзілі вельмі шчыльнае творчае супрацоўніцтва з людзьмі, што маюць фізічныя недахопы (у адным будынку з РДР ёсць і аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў). Ткацкая майстэрня стала ці не самай узорнай у краіне. Знайшоўся мясцовы майстар, які зрабіў для рамесніц чатыры сучасныя ткацкія станкі. Ёсць і адзін архаічны, якому — больш за сто гадоў. У краіне і вобласці ўстанова займае прызавыя месцы за традыцыйныя касцюмы ды саламяныя вырабы. Плённа працуе і філіял РДР у Багушэўску, дзе ў школе мастацтваў займаецца з дзецьмі дасведчаны кераміст. Інакш кажучы, з’явіліся магчымасці для больш удумлівай сістэмнай працы.

Мы пастаянна разважаем на старонках “К”, у чым перспектыва нашых дамоў рамёстваў. Вольга Квашко даўно ведае адказ на гэтае пытанне.

— Нашы кіраўнікі гурткоў зрабіліся метадыстамі, — тлумачыць яна. — Павялічыўся іхні рабочы час. Яны больш увагі сталі надаваць навуковай дзейнасці: пошуку і вывучэнню забытай спадчыны народнага мастацтва.

Метафізіка творчасці

А ці не галоўным артэфактам гэтай спадчыны стала Глухароўская свістулька з адмысловым грабеньчыкам. Дзве такія свістулькі захаваліся ў раённым ды абласным музеях. Але пэўны час ўзоры арыгінала паўтарыць не ўдавалася. Не так выглядалі ды не так гучалі.

Архаіка заўжды супраціўляецца сучаснасці, а гліна — вельмі ўпартая субстанцыя. Кажуць, справа тут збольшага нават не ў адгадцы адмысловай тэхналогіі (ад спосабу замешвання гліны да тэмпературы абпальвання), а ў разуменні нейкай метафізікі творчасці. Я тут не вялікі знаўца і не буду разважаць пра тое, што ж зразумелі сучасныя глінамесы ў анатоміі архаічнай свістулькі, прыроду якой Генадзь Глухароў пераняў ад бацькі, а мо — і ад дзеда.

Ясна адно: нашы продкі — заўжды з намі. Важна толькі моцна захацець — і яны абавязкова адгукнуцца чарадзейнай энергіяй творчасці на кончыках пальцаў нашых сучасных ганчароў.

Замест заканчэння

На сёлетнім конкурсе традыцыйнай свістулькі “Салавейка-2017”, што праходзіў падчас міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, Глухароўская свістулька з Сянно атрымала Гран-пры. Вольга Квашко хоча, каб ўсе метадычныя сілы яе ўстановы былі кінуты на тое, каб ў бліжэйшы час тэхналогія вырабу свістулькі Генадзя Глухарова набыла статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"