Праз стагоддзе — адзіны рукапіс

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася новая выстаўка, прысвечаная дзвюм важным датам у гісторыі беларускай літаратуры і культуры: стагоддзе таму выйшла з друку “Жалейка” — першы зборнік вершаў Купалы — і 95 гадоў таму пабачыў свет яго праграмны зборнік “Шляхам жыцця”. Літаратурна-мастацкая выстаўка “З сонцам, з сэрцам, з вечнай ласкай...” традыцыйна для музея названа купалаўскім радком і створана на аснове фондавых калекцый.

Экспазіцыя — сімвал Шляху, які звязвае Паэта-Прарока і Маладую Беларусь, які мкне з мінулага праз сучаснасць у будучыню. Тэма Шляху праходзіць праз многія Купалавы вершы, мабыць, таму, што Луцэвічы, бацькі паэта, часта пераязджалі ў пошуках лепшай долі. Таму так дарэчы аўтар мастацкай канцэпцыі выстаўкі, член Беларускага саюза мастакоў Генадзь Чысты выкарыстаў у якасці фону панарамныя фотаздымкі беларускіх дарог. А нацягнутая пад столлю тканіна нагадвае небасхіл, як і сімвалічныя птушкі, што лунаюць ля кожнага фотаздымка, ствараючы адчуванне лёгкасці, узнёсласці і ўрачыстасці юбілейнай падзеі. Выстаўка разгорнута, нібы вялікая каштоўная кніга, яе старонкі вядуць нас шляхамі жыцця паэта і гісторыі краіны. Яна складаецца з двух раздзелаў, прысвечаных зборнікам-юбілярам.

Даследчыкі называюць “Жалейку” энцыклапедыяй сялянскага жыцця, але не толькі вясковыя абразкі адлюстраваны на яе старонках: у вершах створаны магутны вобраз народа, і, што адметна, — паэт асэнсоўвае сваё прадвызначэнне ў абуджэнні народа праз роднае слова. Экспануюцца рарытэты — экзэмпляры першага выдання “Жалейкі” 1908 года. Асобнае месца займае адзіны рукапіс, які застаўся ад таго выдання, — аўтограф верша “А хто там ідзе?”. Спіс вершаў, якія паэт меркаваў уключыць у другое выданне зборніка, а гэта 1 том яго збору твораў 1925 г., паказвае на сур’ёзны творчы падыход Купалы да ўкладання сваіх кніг. Дакументы пра забарону “Жалейкі” ў Пецярбургу і Вільні, нешматлікія рукапісы паэта 1906 — 1907 гг. спалучаюцца з матэрыяламі пра сённяшняе жыццё зборніка і асобных твораў з яго.

У раздзеле, прысвечаным трэцяму значнаму зборніку вершаў Янкі Купалы — “Шляхам жыцця”, — праз экспанаты і сведчанні часу паказваецца наследаванне паэтам мастацкіх традыцый сусветнай літаратуры, спалучэнне нацыянальнай ідэі Адраджэння з агульначалавечымі ідэаламі. У фондах музея захоўваецца рукапісны зборнік “Шляхам жыцця” і дзве яго карэктуры, зробленыя рукой паэта незадоўга да выхаду кнігі. Тры прыжыццёвыя выданні — 1913, 1923, 1935 гг. з дарчымі надпісамі аўтара сябрам, калегам-пісьменнікам, аднаўляюць імёны асяроддзя Купалы пачатку ХХ стагоддзя.

Атмасферу Пецярбурга, дзе арганізавалася суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”, у якой былі выдадзены абодва зборнікі, перадае мемарыяльны куток. Тут і гарадскі краявід Пецярбурга, і рэчы сучасніка Купалы, удзельніка навукова-літаратурнага гуртка Пецярбургскага універсітэта Язэпа Сушынскага, і партрэт апекуна паэта — Б.Эпімах-Шыпілы, рэдактара яго зборнікаў, на чыёй кватэры ён жыў з 1909 па 1913 гг. Рэчы канца ХІХ — пачатку ХХ стст. дапамагаюць стварыць умоўны фрагмент інтэр’ера пецярбургскай кватэры Б.Эпімах-Шыпілы.

Побач — ліст Б.Эпімах-Шыпілы да першага біёграфа Купалы, літаратуразнаўца Льва Клейнбарта пра гісторыю псеўданіма паэта і пра выданне “Жалейкі”. У мемарыяльным кутку знайшлося месца і выданням канца ХІХ — пачатку ХХ стст. паэта А.Карынфскага, аднаго з першых перакладчыкаў твораў Янкі Купалы на рускую мову.

Да кожнай тэмы дапасаваны вершаваныя радкі Купалы, у якіх Пясняр марыць пра лепшую долю для народа.

Млечны Шлях, што нябесны дзядзінец
Засцілае, я б зняў на зямлю
І масціў бы ім новы гасцінец
Цераз родную ніву сваю…

Раздзелы выстаўкі аб’ядноўвае тэма “Творы з “Жалейкі” і “Шляхам жыцця” ў музыцы і выяўленчым мастацтве”. Музей валодае вялікай колькасцю твораў мастакоў і калекцыяй нот беларускіх кампазітараў. Некалькі дзесяткаў песень напісана на вершы са зборнікаў-юбіляраў. На нотах некаторых з іх кампазітары пакінулі свае выказванні пра творчасць Купалы. Так, на нотах песні “Явар і каліна” народны артыст БССР Юрый Семяняка напісаў: “Паэзія Янкі Купалы мне, кампазітару, блізкая сваёй музычнасцю. У кожным вершы, калі яго чытаеш, ужо гучыць музыка. І яшчэ яна надзвычай сучасная.

Зразумелая і блізкая ўсім пакаленням чытачоў.” Знакаміты Анатоль Багатыроў, аўтар музыкі на многія творы Купалы, адзначыў ва ўспамінах: “У шматлікай сям’і мастацтваў музыка аказалася самай блізкай сястрой купалаўскай паэзіі”.

Мастацкая Купаліяна прадстаўлена карцінамі В.Шаранговіча, А.Кашкурэвіча, М.Басалыгі, Б.Заборава, Р.Сітніцы, А.Александровіча, В.Александровіча, М.Селешчука. Асабліва каштоўны, безумоўна, жывапісны твор П.Сергіевіча “Шляхам жыцця” (1934 г.). Два партрэты паэта, 1904 і 1910 гадоў, выкананыя вядомым скульптарам У.Летуном, набліжаюць да нас вобраз маладога Купалы, якраз той пары, калі ён ствараў вершы для знакамітых зборнікаў.

 

Фаіна ВАДАНОСАВА,
вядучы навуковы супрацоўнік
Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
На здымках: вокладка першага выдання зборніка “Жалейка”;
фрагменты экспазіцыі выстаўкі “З сонцам, з сэрцам, з вечнай ласкай...”.