На ўсіх сястрыцаў не стае завушніцаў

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

25-годдзе Новага драматычнага тэатра
Падвядзенне вынікаў сезона ў асобна ўзятым тэатры — справа добрая. І робіцца гэта зазвычай паўсюдна, дырэктарам ці мастацкім кіраўніком, часта нават на зборы трупы ў пачатку наступнага сезона. Сталічны Новы драматычны тэатр, святкуючы сваё 25-годдзе, паступіў іначай: зладзіў цэлы “карпаратыўны” фестываль “Сустрэчы ў Новым”, дзе паказаў лепшыя спектаклі апошніх двух гадоў. Запрасіў крытыкаў, склаў журы, якое пасля кожнага прагляду ладзіла публічныя абмеркаванні і, у завяршэнне, адзначыла лепшыя акцёрскія працы.

/i/content/pi/cult/654/14519/17.jpgУ афішу “Сустрэч…” былі ўнесены спектаклі “Як я стаў…”, “Трыбунал”, “…І чутны толькі гукі паланэза”, “Калі б ведаць…” (паводле “Навальніцы”), “Тры сястры” і дзіцячы “Прынцэса на гарошыне”. За выключэннем апошняга, усе — галоўнага рэжысёра тэатра Сяргея Кулікоўскага, які і быў ініцыятарам збору крытыкаў. Сярод апошніх, дарэчы, не хапала Таццяны Арловай і Людмілы Грамыка, якія бываюць на шматлікіх замежных імпрэзах і маюць вялікі аўтарытэт. Дый здзейснілася, на жаль, не ўсё запланаванае. З-за хваробы аднаго з артыстаў давялося перанесці ўключаную ў праграму чэхаўскую прэм’еру і падводзіць вынікі без яе. Але і без таго відавочна: прэмій патрабавалася значна больш, чым было прадугледжана. Журы апынулася ў складанай сітуацыі, і кіраўніцтва тэатра пайшло насустрач, дадаўшы яшчэ два прызы. Але ўсё роўна — адзначаць можна было ледзь не ўсіх акцёраў, што ўдзельнічалі ў спектаклях форуму.

Безумоўным лідарам, як і можна было прадбачыць, аказалася Кацярына Ермаловіч: акрамя прэміі за лепшую жаночую ролю (а іх, зразумела, было некалькі), яна атрымала таксама прыз глядацкіх сімпатый. У спіс пераможцаў увайшлі таксама Аляксей Верашчака, Павел Чарноў (складана было вызначыцца, каго з іх узнагароджваць за цэнтральную ролю, каго — за ролю другога плану, бо на гэтых абсалютна кантрасных акцёрах трымаецца палова рэпертуару), Людміла Баталава, Надзея Анцыповіч, Сяргей Тоўсцікаў. А колькі яшчэ тых, на каго папросту не хапіла ўзнагарод! Удумлівы Ігар Падлівальчаў, які і праз гады пасля прэм’еры працягвае дапаўняць свае ролі ўсё новымі акцёрскімі дэталямі. Феерычны “энерджайзер” Арцём Пінчук, якога калегі невыпадкова называюць “пырскамі шампанскага”: кожны свой выхад на сцэну ён можа абставіць і як свята акцёрства. Валерый Глазкоў, у любой ролі якога ёсць д’ябальская хітрынка, што стварае герояў з падвойным дном. Валерый Агаян, здольны надаць сваім персанажам інтэлектуальныя рысы. Зусім малады Эрык Абрамовіч, героі якога, пры ўсёй іх неверагоднай пластычнасці, утойваюць у сабе глыбока прыхаваную ляноту. Наталля Капітонава, магчымая знешняя лірычнасць якой выбухае вострахарактарнымі рысамі.

Тэатр прадэманстраваў, што мае добры акцёрскі падмурак. І галоўнага рэжысёра, здольнага бачыць сучасныя тэатральныя далягляды і тое, як да іх рухацца. Пра яго прафесіяналізм і творчую фантазію сведчылі не толькі пералічаныя вышэй пастаноўкі, але і прызначаны для аншлагаў (і, адпаведна, для грашовых паступленняў ад іх) “Бонусны сеанс псіхааналізу”, не разлічаны на філасофскія глыбіні. З п’есы нашага вядомага сучаснага драматурга Дзіяны Балыка рэжысёр “выціснуў” усё магчымае і нават немагчымае. З усіх бачаных мной варыянтаў яе інтэрпрэтацыі гэты, на мой погляд, лепшы, хаця і не пазбаўлены хібаў.

А што ж “Тры сястры”? Пастаноўку чэхаўскага бестсэлера Кулікоўскі зрабіў другой часткай “неаб’яўленай услых” дылогіі на вечную тэму — сэнсу чалавечага жыцця. Першай часткай стала не менш хрэстаматыйная класіка — “Навальніца” Астроўскага, пастаўленая крыху раней пад назвай “Калі б ведаць…” У афішы гэтыя два спектаклі звычайна стаяць побач, бы своеасаблівы “мінісерыял”. Прычым ідэя дылогіі рэалізуецца не толькі на семантычным узроўні. Яна знаходзіць літаратурна-гістарычны пункт апоры (Чэхаў як мастацкі нашчадак Астроўскага). А яшчэ акцёрскі (некаторыя чэхаўскія персанажы таксама ўспрымаюцца прамымі нашчадкамі астроўскіх, нават прозвішчы падобныя). Нарэшце, мастацка-стылёвы па знойдзеных пастаноўчых прыёмах — праўда, у зваротным руху: “Навальніца” ўспрымаецца больш дыскусійнай, дзе працягваючы і развіваючы думкі некаторых ранейшых рэжысёрскіх версій п’есы, а дзе адкрыта спрачаючыся з імі. У якасці моцнага аб’яднаўчага фактару выкарыстоўваюцца таксама некаторыя мізансцэнічныя лейтматывы, запамінальны сцэнаграфічны элемент як падвешаныя металічныя ночвы, нават некаторыя тэкставыя пераносы. Асабліва многа такіх спасылак, і не толькі да Астроўскага, у другой палове спектакля. Падкрэсліваннем вылучаных фраз, раптоўнай зменай часткі сцэнічных строяў, стварэннем адпаведнай атмасферы Кулікоўскі пракладае ніці да іншых чэхаўскіх твораў (“Вішнёвы сад”, “Чайка”, “Палата № 6”), жаночых вобразаў Льва Талстога і ажно да класікі тэатра абсурда (“У чаканні Гадо” Сэмюэля Бекета).

Спектакль — суцэльнае суквецце выдатных акцёрскіх работ. Прыцягвае і пераасэнсаванне некаторых вобразаў, адыход ад стэрэатыпаў. Той жа Салёны (Арцём Пінчук) аказваецца не агідным змрочным тыпам, а наадварот. Ён шчыра закаханы! Адзінае — надта ўжо “плакатнай”, адналінейнай, без развіцця характару паўстае Наташа (Кацярына Каралёва).

Кулікоўскі ўзяў рух на стварэнне сінтэтычных артыстаў, якія ігралі б, як зоркі Галівуда, спявалі і танчылі, як зоркі Брадвея, ігралі на музычных інструментах, як зоркі Карнэгі-хола. І гэта яму ўдаецца. Вядома, трывалым падмуркам аказваюцца здольнасці акцёраў, іх ранейшы музычна-танцавальны вопыт, набыты ў дзяцінстве ў тых жа школах мастацтваў. Але рэжысёр дае артыстам магчымасць выявіць свае індывідуальнасці, а гэта дарагога варта.

У тым, колькі ў тэатра бліскучага акцёрскага патэнцыялу, пераканаў і спектакль “Сны” паводле п’есы “58 сноў” Юлюса Келераса (Літва), пастаўлены Віргініяй Тарнаўскайтэ на эксперыментальнай сцэне. Аляксандра Некрыш і Вадзім Гайдукоўскі звычайна атрымліваюць другасныя ролі. А тут яны (асабліва Аляксандра, вядомая таксама некаторымі сваімі рэжысёрскімі спробамі) раскрыліся як яркія асобы, здольныя ўтрымліваць сваёй харызмай гледача ўсё паўтары гадзіны, прычым у няпростым для ўспрыняцця бессюжэтным матэрыяле.

Новы драматычны мае статус гарадскога тэатра. Але ён крыху абыдзены ўвагай тэатральнай крытыкі і фестывальнага руху. Узгадваюць пра яго пераважна тады, калі патрабуецца дадатковая пляцоўка для паказу замежных спектакляў у час буйных міжнародных форумаў. І тэатр, у адрозненне ад многіх прэстыжных сцэн, пагаджаецца, не імкнецца “абараніць” сябе ад параўнанняў не на сваю карысць. Пэўна, цяперашні юбілей і праведзеныя “Сустрэчы ў Новым” дазволяць зірнуць на яго па-новаму?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"